Лепшы малады паэт Брэстчыны паедзе з Швецыю


На Брэстчыне моладзь запрашаюць да ўдзелу ў свяце беларускай і шведскай літаратуры. Ужо пачаты прыём заявак на ўдзел у конкурсе юнацкай паэзіі.
Удзельнікам літаратурнага спаборніцтва можа стаць асоба ва ўзросце ад 15 да 18 год, што пражывае на Брэстчыне і піша вершы на беларускай або рускай мовах. Галоўны прыз, які атрымае пераможца конкурсу, – паездка ў Швецыю.
Адна з арганізатараў свята Надзея Аўсіевіч адзначыла, што гэта не толькі конкурс на лепшую паэзію, але і традыцыйны абмен культурніцкім досведам паміж краінамі:
Надзея Аўсіевіч: Перш за ўсё хачу сказаць, што Дні беларускай і шведскай літаратуры праводзяцца ў розных гарадах Беларусі ўжо больш за 10 гадоў. У гэтага праэкта вялікая геаграфія: Пінск, Баранавічы, у гэтым годзе Навагрудак, у Брэсце ўжо ў другі раз, Лунінец, нават Мікашэвічы былі, і Мінск канешне. Гэта такая, я б сказала, народная дыпламатыя. Гэта абмен думкамі, абмен вершамі – агулам такі культурніцкі абмен.
РР: А чаму менавіта са шведамі? Яны нам бліжэй, або проста так супала?
Надзея Аўсіевіч: Так супала, напэўна, але я думаю, што мы – беларусы, вельмі да шведаў падобныя. Такія ж дэпрэсіўныя, хаваем свае думкі, погляды, не вельмі эмацыйныя, мы блізкія да прыроды, дапамагаем адзін аднаму. Паміж намі вялікая адлегласць, але мы падобныя.
РР: Чым адрозніваецца гэтае свята беларускай і шведскай паэзіі ад мінулагодняга?
Надзея Аўсіевіч: У гэтым годзе Дні беларускай і шведскай літаратуры прысвечаны Адаму Міцкевічу, імпрэза пачынаецца ў Навагрудку. Пасля гэтага – Бяроза, паколькі там непадалёк ад Бярозы нарадзіўся Алесь Разанаў і працавала Святлана Алексіевіч, потым Брэст і Кракаў. Вось такая геаграфія.
РР: Якія ўмовы ўдзелу ў конкурсе?
Надзея Аўсіевіч: Дастаткова даслаць толькі адзін свой верш на паэтычную электронную скрыню: brest.poetry.12@gmail.com і гэта патрэбна зрабіць да 7 мая, і чакаць адказа. Да 14 мая вызначацца фіналісты. Галоўны прыз за першае месца – паездка ў Швецыю.
РР: Ці ёсць нейкія абмежаванні ў напісанні вершаў? Тэматыка, фармат?
Надзея Аўсіевіч: Ніякіх абмежаванняў няма. Дастаткова мець ад 15 да 18 год, нарадзіцца і жыць у Брэсцкай вобласці.
РР: А колькі заявак будзе прынята ўсяго? Ці ёсць нейкія абмежаванні?
Надзея Аўсіевіч: Няма ніякіх абмежаванняў. Усе заяўкі, якія прыйдуць да 7 мая, будуць разгледжаныя і журы вызначыць 10 фіналістаў, якія будуць выступаць перад усімі гледачамі 18 мая падчас правядзення Дня беларускай і шведскай паэзіі ў Брэсце.
РР: Чаго вы чакаеце ад гэтага свята?
Надзея Аўсіевіч: Я ўжо ў гэтым удзельнічаю не першы, не другі і нават не дзясяты раз - і гэта такі абсалютна цудоўны настрой. Я кожны раз проста ў нейкай эйфарыі. Сапраўды, гэта людзі, гэта кнігі, гэта кветкі, гэта музыка. Гэта трэба бачыць, гэта трэба чуць.
Акрамя конкурсу паэзіі ў межах Дня беларускай і шведскай літаратуры чакаецца творчая вечарына з удзелам беларускіх і шведскіх літаратараў такіх як Алесь Разанаў, Святлана Алексіевіч, Анэль Юрдаль, Ліна Экдаль і Сара Лундберг.
Аліса Поль,