Лепшы пісьменнік-фантаст Еўропы -- беларуска

На штогадовым фестывалі фантастычнай літаратуры “Еўракон” “лепшым новым аўтарам” за раман “Ганітва” была нядаўна названая празаік з Гомеля Ніка Ракіціна. Аўтару быў перададзены дыплом і бронзавы медаль.
Уганараваны раман беларускай аўтаркі выйшаў у Рызе, а пісаўся, як прызналася Ніка Ракіціна карэспандэнту “Комсомольской правды” в Белоруссии”, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Глебу Лабадзенку, “на прыступках Гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў”.

Падзеі фантастычнага рамана “Ганітва” заснаваныя на беларускіх гістарычных рэаліях, а ўзорамі былі творы Уладзіміра Караткевіча. “Яшчэ калі я вучылася ў 4-м класе, бацька падсунуў мне “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, – прызналася Ніка. – І я назаўсёды зачаравалася старадаўнімі рэаліямі і словамі!”. А яшчэ ёй дапамагалі энцыклапедычны даведнік “Беларуская міфалогія” і гістарычныя дакументы – дзеля дэталёвай дакладнасці...
У “Ганітве”, не зважаючы на фантастычнасць, – пазнавальныя для беларускага вуха назвы і мясцовасці: горад Омель, вёскі Строчыцы, Наўліца. Ды і апісаная краіна Лейтава – як адгалосак гістарычнай Літвы...


Ніка Ракіціна кіруе кружком НЛА (Незвычайнае літаратурнае аб’яднанне) пры Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. У 1994 годзе яна стварыла  ў Гомелі рыцарскі клуб. Каб ведаць, пра што піша, яна навучылася ездзіць верхам на кані.
Фестываль фантастычнай літаратуры “Еўракон” праводзіцца з 1972 года. Яго ладзіць Еўрапейскі саюз навуковай фантастыкі. Штогод фестываль праходзіць у адным з еўрапейскіх гарадоў. У розныя гады лаўрэатамі фестывалю былі вядомыя сёння пісьменнікі Станіслаў Лем, браты Стругацкія, Чынгіз Айтматаў, Карэн Шахназараў.
Кніга Нікі Ракіцінай выйшла па-расійску. На фестывалі яна атрымала прапанову надрукаваць “Ганітву” па-ўкраінску. Аўтар спадзяецца, што раман будзе апублікаваны на Радзіме – і па-беларуску. Чаго разам з новымі поспехамі “Літаратурная Беларусь” і жадае таленавітай гамяльчанцы.

С.П.