Лета пачалося з “Харошага рамана”

У першы дзень лета прэзентаваў свой дэбютны зборнік кароткай прозы Кірыл Дубоўскі. Кніга “Харошы раман” — трэцяя ў падсерыі “Пункт адліку”, заснаванай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” для маладых аўтараў. Выйшла яна ў выдавецтве “логвінаЎ”. Прэзентацыя прайшла ў галерэі “Ў” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”  

 

Адпачатку аўтар патлумачыў гасцям імпрэзы, чаму зборнік кароткай прозы ён назваў “Харошым раманам”. Такую назву носіць першае апавяданне кнігі, якое абвяргае вядомае сцвярджэнне пра тое, што любы, нават самы благі аўтар, можа напісаць адзін харошы раман пра сваё жыццё. Недарэчны герой “Харошага рамана”, малады графаман, гэтага не патрапіў. Не атрымалася ў яго і яшчэ адна рэч, у якой ён паспрабаваў быць арыгінальным, ахвяраваўшы сваім жыццём (якая менавіта рэч, пакуль расказваць не будзем, хай чытачы прачытаюць пра гэта самі). Нягледзячы на нібыта маркотную фабулу, апавяданні ў кнізе, уключна з “Харошым раманам” вясёлыя, іранічна-саркастычныя.

 

Апроч Кірыла Дубоўскага ўдзел у імпрэзе ўзялі старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, ідэйны натхняльнік серыі “Пункт адліку” Павел Анціпаў і сяброўка аўтара Лена, якая прачытала адно з апавяданняў.

Аўтар таксама правёў конкурс на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” , які дазволіў наведнікам вечарыны літаральна памерыцца сваім шанцаваннем у балах.

Напрыканцы гледачы паглядзелі відэа-спектакль “Собеседование” з удзелам прафесійных актораў. Тэкст, які паслужыў для яго асновай, таксама ўвайшоў у зборнік.

Самы ўдачлівы ўдзельнік конкурса на шанцаванне выцягнуў картку на 10 балаў.

Госці імпрэзы

Прагляд відэа-спектакля

Прэсавая служба СБП