Лёс Янкі Шутовіча
![]() |
Янка Шутовіч. 1930-я гады
|
Янка Шутовіч нарадзіўся ў вёсцы Шутавічы Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай шматдзетнай сям’і.
Некаторы час жыў ў вёсцы Барадзенічы Дзісенскага павета, вучыўся у беларускай школе пры дзіцячым прытулку, арганізаванам яго дзядзькам ксёндзам Віктарам Шутовічам, дзе, дарэчы, вывучаў і французскую мову, скончыў Глыбоцкае гарадское, ці як яго тады называлі “Вышэйшае пачатковае” вучылішча.
![]() |
Аўтабіяграфія. 1955 год. Аўтограф
|
Восенню 1919 года Янка Шутовіч апынуўся ў Вільні. Маючы ўжо пэўную адукацыю, быў залічаны адразу ў чацьвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі.
“Гімназія была заложана ў пачатку 1919 года … З гэтага часу і пачынаецца мая віленская біяграфія, і вучнёўская, і студэнцкая, і грамадзянская, біяграфія беларуса з беднай сялянскай шматдзетнай сям’і, біяграфія пакутлівая, трывожная, адначасава агрэтая цеплынёю беларускага патрыятызму (барані Бог не нацыяналізму!), цеплынёю шчырых, добрых, ідыёвых людзей, нашых беларускіх грамадскіх і культурных дзеячоў”, – пісаў у сваіх успамінах Янка Шутовіч.
У гімназіі працавалі вядомыя беларускія культурна-грамадскія дзеячы: Максім Гарэцкі і Антон Луцкевіч, Алена Сакалова-Лекант і Леаніла Чарняўская (жонка Максіма Гарэцкага), Браніслаў Тарашкевіч і Міхал Кахановіч, браты Вячаслаў і Генадзь Багдановічы ды іншыя. І настаўнікаў і вучняў злучала нацыянальная справа, вызваленчыя ідэалы, клопат пра народ.
![]() |
Атэстат сталасці. 1926 год
|
У 1924 годзе Янка Шутовіч скончыў Віленскую беларускую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
![]() |
Янка Шутовіч. 1925 год
|
Падчас вучобы юнак прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага студэнцкага саюза, быў членам рэвізійнай камісіі, сябрам рэдакцыйнай калегіі грамадска-палітычнага, навуковага і літаратурнага часопіса “Студэнцкая думка”, а з 1928 года і яго рэдактарам, працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, а таксама ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры – асветніцкай установай, асноўны напрамак дзейнасці якой быў звязаны з арганізацыяй сярод беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі культурна-асветніцкай і гаспадарчай працы.
![]() |
Дакументы адносна дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні. 1928, 1931 гады
|
![]() |
Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. 1920-я – 1930-я гады
|
У 1934 годзе Янка Шутовіч скончыў універсітэт з дыпломам магістра права, але у буржуазнай Польшчы ўладкавацца па спецыяльнасці выпускніку-беларусу было амаль немагчыма, і таму быў вымушаны выконваць самую разнастайную працу, што часам зусім не адпавядала яго адукацыі. Але асноўным напрамкам дзейнасці Янкі Шутовіча ў гэты перыяд становіцца публіцыстыка.
![]() |
Дыплом аб заканчэнні Янкам Шутовічам Віленскага ўніверсітэта і студэнцкі білет. 1933–1934 гады
|
Першая яго публікацыя, артыкул, прысвечаны Таварыству беларускай школы ў Вільні, падпісаны крыптанімам Я. Ш-ч, з’явілася ў 1927 годзе ў “Беларускім календары”, але большасць артыкулаў (пра Цішку Гартнага, Адама Гурыновіча, Паўлюка Труса, Міхася Машару, Язэпа Драздовіча, Шата Руставелі) датуюцца 1932–1939 гадамі. Яны друкаваліся ў газеце “Беларуская крыніца”, у часопісах “Шлях моладзі”, “Калоссе”.
![]() |
Артыкул Янкі Шутовіча “Таварыства беларускай школы ў Вільні”. Беларускі каляндар. 1927
|
![]() |
Артыкулы Янкі Шутовіча “Адам Гурыновіч” і “Цішка Гартны”. Шлях моладзі. 1934. № 3; 1937. № 16
|
![]() |
Артыкул Янкі Шутовіча “Беларускае навуковае таварыства”. 1938 год
|
З 1935 па 1939 год Шутовіч быў адказным рэдактарам і выдаўцом аднаго з самых вядомых заходнебеларускіх перыядычных выданняў – літаратурна-навуковага часопіса “Калоссе”, дзе друкавалі свае творы Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Машара, Анатоль Іверс, Адам Станкевіч, Рыгор Шырма ды іншыя.
![]() |
Верш Максіма Танка “Прайдуць гады”. Аўтограф і публікацыя ў часопісе “Калоссе”. 1936 год
|
![]() |
Янка Шутовіч і Максім Танк. 1939 год
|
![]() |
Янка Шутовіч, Міхась Машара, Пётр Сергіевіч, Язэп Найдзюк. 1930-я гады
|
За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння Янка Шутовіч быў зняволены польскімі ўладамі ў Картуз-Бярозаўскі канцэнтрацыйны лагер, адкуль быў вызвалены ў 1939 годзе савецкімі войскамі.
З 1940 года Янка Шутовіч сумяшчаў пасаду выкладчыка ў Беларускай настаўніцкай семінарыы з працай навуковага супрацоўніка, а потым і дырэктара Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
![]() |
Супрацоўнікі Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні. 1940-я гады
|
![]() |
Беларуская настаўніцкая семінарыя ў Вільне. 1942–1943 гады
|
![]() |
Спіс ваеннаабавязаных запасу Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні. 1944 год
|
У лістападзе 1944 года Янка Шутовіч быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 10 гадоў зняволення, пакаранне адбываў у Унжлагу Горкаўскай вобласці і ў Пясчанлагу Карагандзінскай вобласці.
![]() |
Спіс кніг і рукапісаў, забраных у Янкі Шутовіча падчас вобыску. 1944 год
|
![]() |
Дакументы Янкі Шутовіча перыяду ссылкі. 1955 год
|
У 1954 годзе быў вызвалены, але да 1956 года не меў права на зварот у Вільню, пэўны час жыў у Карагандзе і Сарані.
У 1958 годзе Янка Шутовіч быў рэабілітаваны, справа ў адносінах да яго была спынена за недаказанасцю віны.
![]() |
Даведка аб рэабілітацыі. 1958 год
|
![]() |
Янка Шутовіч. 1956 год
|
![]() |
Даведкі аб працы Янкі Шутовіча ў Вільнюскім дзяржаўным мастацкім музеі. 1960, 1961 гады
|
Цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю гэтага чалавека, не зламілі яго патрыятычны дух. Адданы беларускай справе, даследчык па прызванні, ён шмат часу аддаваў працы ў архівах і бібліятэках, адшукваў цікавыя дакументы. Такім чынам быў знойдзены і рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары”.
Янка Шутовіч рыхтаваў матэрыялы пра вядомых дзеячаў беларускай культуры: рэвалюцыянера, паэта-дэмакрата, фалькларыста Адама Гурыновіча, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, выдатнага спевака Міхала Забэйду-Суміцкага.
Яго пяру належыць грунтоўны нарыс, прысвечаны гісторыі Віленскага беларускага музея, але надрукаваным яго аўтар так і не ўбачыў.
![]() |
Нарыс Янкі Шутовіча “Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча ў Вільні”. 1971 год. Аўтограф
|
Жывучы ў Літве, Янка Шутовіч падтрымліваў сувязі з Беларуссю, з’яўляўся пазаштатным карэспандэнтам органа Саюза пісьменнікаў БССР часопіса “Полымя”, супрацоўнічаў з АН БССР, пісаў артыкулы, прысвечаныя беларускай мове, захаванню помнікаў беларускай культуры і іншыя. Асобныя з іх публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях. На жаль, большасць з іх так і засталася ў рукапісах.
|
Дакументы адносна супрацоўніцтва Янкі Шутовіча з рэдакцыяй часопіса “Полымя”, Дзяржаўнай бібліятэкай БССР, Акадэміяй навук БССР. 1962–1964 гады |
Разам з жонкай, літоўскай паэткай Онай Міцютэ, Янка Шутовіч займаўся перекладамі твораў беларускіх і літоўскіх пісьменнікаў.
|
Максім Танк, Она Міцютэ, Янка Шутовіч. 1937 год |
Янка Шутовіч пайшоў з жыцця 9 снежня 1973 года (па іншых звестках 9 снежня 1974 года).
|
Пасведчанне аб смерці Янкі Шутовіча. 1973 год
|
Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. Рукапісны архіў Янкі Шутовіча зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 1 і складаецца з 414 адзінак захавання.