Літаб’яднанне “Белавежа” прадставіла новых “Тэрмапілаў”

Чатырнаццаты выпуск “Тэрмапілаў” быў прэзентаваны на сустрэчы беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” на кафедры беларускай філалогіі ў Беластоку. Проза Янкі Сіпакова, Радзіма Гарэцкага, Сакрата Яновіча, Галіны Сяўрук.

А таксама паэзія беларускіх літаратараў з Беларусі і Беласточчыны, літаратурная крытыка і літаратуразнаўчыя артыкулы знайшліся пад вокладкай больш чым 300-старонкавага выдання.

Па словах старшыні літаратурнага аб’яднання “Белавежа” Яна Чыквіна, кожныя “Тэрмапілы” адметныя:

– Адразу кідаецца ў вочы вялікая колькасць матэрыялаў: 356 старонак мае чатырнаццаты нумар. Усе матэрыялы здаецца цікавыя. Найважнейшае, што яны арыгінальныя, гэта не перадрукі, мы перадрукаў увогуле не выкарыстоўваем.

Акрамя прэзентацыі “Тэрмапілаў”, былі прадстаўленыя зборнікі твораў сябраў “Белавежы”, выдадзеныя за апошні год, між іншымі, Алены Анішэўскай, Галіны Тварановіч і Жэні Мартынюк. Выданне выбраных твораў прадставіў таксама і старшыня аб’яднання Ян Чыквін.

Зміцер Косцін, Радыё Рацыя.