Літаратары Магілёўшчыны — у Бранску

Старшыня праўлення Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі, сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Уладзімір Сарочкін у сваім уступным слове адзначыў, што творчыя сувязі паміж Браншчынай і Магілеўшчынай набываюць сталы характар і ёсць добрая перспектыва іх развіцця.

Старшыня Магілёўскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Яцкоў падзякаваў за гасціннасць і выказаў упэўненасць у пашырэнні сяброўскіх стасункаў паміж нашымі творчымі саюзамі. Ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў у бібліятэку імя Ф.Цютчава былі перададзены экзэмпляры альманахаў абласных аддзяленняў СБП “Брама”, “Ратуша”, “Жырандоля”, “Новы замак”, “Палац”, а таксама часопіс “Дзеяслоў” і кнігі серыі СБП “Кнігарня пісьменніка”. Свае кніжныя падарункі перадалі таксама і іншыя сябры магілёўскай дэлегацыі. Загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры Вольга Гарэлая, прымаючы кнігі, з задавальненнем адзначыла, што беларуская палічка бібліятэкі імя Ф.Цютчава значна папоўнілася, і чытачы, якія цікавяцца беларускай літаратурай, атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з новымі выданнямі.

Алена Апідовіч, Мікалай Краўчанка, Наталля Кажэўнікава

Прысутныя ўважліва слухалі выступленні магілёўцаў – старшыні Магілеўскага гарадскога аддзялення ГА “Рускае грамадства” Алены Апідовіч, пісьменніцы Алены Кананковай, паэткі Наталлі Кажэўнікавай, сябраў Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыны Сліўко і Алеся Казекі, музыканта Мікалая Краўчанка. Амаль усе выступоўцы акрамя сваіх рускамоўных твораў чыталі і беларускамоўныя – і гэта ўспрымалася вельмі добра ўсімі прысутнымі.

Гучала на сустрэчы і музыка: Мікола Яцкоў зрабіў яшчэ адзін падарунак – спецыяльна падрыхтаваў і ўпершыню выканаў шэсць новых песень на вершы прысутных у залі паэтаў Уладзіміра Сарочкіна і Наталлі Мішынай.

Алена Кананкова, Алесь Казека, Марына Сліўко

Мікола Яцкоў і Уладзімір Сарочкін. Вольга Гарэлая з беларускімі выданнямі СБП

У сваю чаргу, са сваёй творчасцю магілеўскіх гасцей пазнаёмілі бранскія літаратары Людміла Ашэка, Віктар Валодзін, Наталля Мішына, Аляксандр Ронжын, Вольга Шаблакова і іншыя. Адбылася размова аб тым, што культурная прастора не мае межаў, і ўсе мы агульнымі намаганнямі павінны спрыяць пашырэнню гэтай прасторы і сваёй творчасцю знаходзіць станоўчы водгук у людскіх сэрцах і душах.Удзельнікі сустрэчы выказалі агульную ўпэўненасць у неабходнасці далейшых творчых і сяброўскіх стасункаў.

Пасля сустрэчы адбылася невялікая экскурсія па Бранску, а потым госці наведалі мемарыяльны комплекс у вёсцы Хацунь, дзе, як і ў нашай Хатыні, ўвекавечана памяць аб знішчаных паселішчах у часы нямецкай акупацыі.

Мікола Яцкоў, Магілёўская філія ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", фота: Міколы Яцкова, Вольгі Гарэлай, Наталлі Мішынай