«Літаратура запечанай крыві» — чатыры кнігі Алеся Адамовіча прэзентавалі ў Мінску (+фота)

— Сёння ў нас надзвычайная падзея, — кажа ў прывітальным слове вядоўца вечара Міхась Скобла. — Нячаста бывае так, што мы святкуем выхад адразу чатырох кніг аднаго пісьменніка, а гэта безумоўна сведчыць пра запатрабаванасць і актуальнасць аўтара.

Міхась Скобла

Прыгадваецца беспрэцэдэнтны факт у кнігавыдавецкай справе: 20 гадоў таму выйшаў першы том збору твораў Алеся Адамовіча, і на гэтым выданне збору было прыпынена, зрэшты, як і некаторых іншых аўтараў — Вячаслава Адамчыка, Віктара Карамазава… Сёння мы спрабуем аднавіць справядлівасць, прэзентуючы кнігі Алеся Адамовіча, якія выйшлі ў розных гарадах і нават у розных краінах, — зазначае спадар Міхась.

«Выбранае» Алеся Адамовіча. Мінск, выдавецтва «Кнігазбор»

— Залатая калекцыя “Кнігазбору” папоўнілася томам выбраных твораў Алеся Адамовіча, і мы вельмі радыя гэтаму. Вялікая праца была прароблена Міхасём Тычынам, які выступіў аўтарам грунтоўнага ўступнага артыкула, і дачкой пісьменніка Наталляй Адамовіч, якой былі падрыхтаваныя каментары да кнігі, — адзначыў у сваім выступе галоўны рэдактар “Кнігазбору” Кастусь Цвірка. — Сюды ўвайшлі, на наш погляд, самыя важныя творы — “Хатынская аповесць”, “Нямко”, літаратуразнаўчыя артыкулы, лісты да розных асоб і ўсё тое, што паказвае асобу і творчасць Алеся Адамовіча найбольш ярка для шырокага чытацкага кола.

Кастусь Цвірка

«Літаратура запечанай крыві» — так акрэсліваў жанр сваёй працы Алесь Адамовіч, і кнігі, створаныя ім у супрацы з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам (“Я з вогненнай вёскі”), з Даніілам Граніным (“Блакадная кніга”) з’яўляюцца яскравым сведчаннем гэтаму.

У цэнтры -- Алесь Бяляцкі 

Міхась Тычына і Алесь Адамовіч з’яўляюцца сваякамі (маці Алеся — у дзявоцтве Ганна Мітрафанаўна Тычына). Магчыма, таму сяброўства і супраца літаратуразнаўцы, доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Тычыны з сям’ёй Адамовічаў налічваюць ужо не адно дзесяцігоддзе.

Міхась Тычына

— Усё пра Адамовіча расказаць мог бы толькі ён сам… Памятаю яго 21-гадовым юнаком, які ганяў на матацыкле па вясковых дарогах. Яшчэ тады мяне ўразіла ягоная прага да хуткасці. І сапраўды, Алесь паспеў у жыцці і творчасці вельмі многае, чаго, магчыма, не паспелі іншыя нашыя класікі. Адамовіч заўсёды спяшаўся, быў апантаны працай, стараўся знаходзіцца ў цэнтры падзей. У сваім руху ён не спыняўся ні на хвіліну, — распавёў Міхась Тычына. 

«Каратели». Мінск, выдавецтва  «Попурри». Ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча

Перавыданне “Карателей” у мастацкім афармленні Арлена Кашкурэвіча (упершыню выйшла ў 1981) дапоўненае ўнікальнымі матэрыяламі, якія прадстаўляюцца шырокай публіцы ўпершыню.

Некалі Алесь Адамовіч пісаў, што для ягоных твораў вялікі гонар быць пад адной вокладкай з графічнымі работамі Арлена Кашкурэвіча. Мастак, у сваю чаргу, выказваў падзяку пісьменніку. Спадар Арлен, якога, на жаль, ужо няма, яшчэ пры жыцці паспеў напісаць пасляслоўе да прэзентаванага перавыдання.

Наталля Адамовіч робіць усё магчымае для апрацоўкі сямейнага архіву, захавання спадчыны і ўшанавання памяці свайго бацькі.

Наталля Адамовіч

Спадарыня Наталля распавяла пра падрыхтоўку перавыдання “Карателей”, пра сваю працу над нататнікамі і агульнымі сшыткамі Алеся Міхайлавіча, якія ён пастаянна вёў пачынаючы з 1945 года і адкуль цяпер ёсць магчымасць чэрпаць велізарную колькасць каштоўнай інфармацыі, датычнай працы над творамі — ідэі, чарнавікі, урыўкі, не прапушчаныя ў друк савецкай цэнзурай.

Менавіта глава “Дублёр”, у якой спадар Алесь пісаў пра Іосіфа Сталіна, адноўленая паводле рукапісаў і ўключаная ў перавыданне. У агульныя сшыткі пісьменнік занатоўваў рабочыя матэрыялы: выказванні з Ніцшэ, моманты з біяграфій Сталіна і Гітлера, вытрымкі з судовых пасяджэнняў над карнікамі.

Наталля Аляксандраўна напісала прадмову, дзе раскрыла гісторыю стварэння “Карателей”.

Карнікі не нараджаюцца, нацыянальнасці ў іх няма, яны не іншапланетнікі — а знаходзяцца сярод нас і на зямлі, на жаль, не знікнуць — так бачыў Алесь Адамовіч.

«Блокадная книга». Санкт-Пецярбург, выдавецтва «Лениздат»

Алесь Адамовіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў за год да таго, як у яго выйшла першая кніга, што сведчыла пра высокае прызнанне яго таленту.

Барыс Пятровіч

— Алесь Адамовіч належыць да літаратурнага пакалення, якое атрымала назву “шасцідзясятнікі”, — адзначыў у сваім слове празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. — Таму сёння побач з ягоным імем мы згадваем імёны яго калег і паплечнікаў. Разам з Нілам Гілевічам і Іванам Навуменкам Адамовіч спрычыніўся да станаўлення цэлага пакалення, цэлага сузор’я маладзёнаў, якія сталіся класікамі айчыннай літаратуры. Гэтыя творцы стаялі ля вытокаў нашай дзяржаўнасці ў 1990-я гады, менавіта яны гаварылі праўду і пра вайну, і пра Чарнобыль, дзякуючы ім, без перабольшання, адбыўся своеасаблівы “залаты век” у беларускім прыгожым пісьменстве. Задача і грамадскасці, і дзяржавы сёння — захаваць памяць пра Алеся Адамовіча і яго пакаленне.

Андрэй Хадановіч

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч нагадаў усім прысутным, што менавіта Алесь Адамовіч з’яўляецца заснавальнікам у беларускай літаратуры жанру нон-фікшн, які набывае ўсё большую папулярнасць сёння. Аляксандр Міхайлавіч спрычыніўся да адкрыцця Беларускага ПЭН-цэнтра. Таксама спадар Андрэй расказаў пра прэмію імя Алеся Адамовіча, якая ўручаецца з 1995 года ў галіне публіцыстыкі.

Уладзімір Някляеў, Радзім Гарэцкі

Унізе: Сямён Букчын

Пра творчасць Алеся Адамовіча, пра асаблівасці яго пісьменніцкага майстэрства, пра свае ўспаміны і знаёмства з ім расказалі Уладзімір Някляеў і Сямён Букчын.

Пра тое, як стваралася "Блакадная кніга", распавялі акадэмік Радзім Гарэцкі (сям'я Гарэцкіх зрабіла вялікі ўнёсак у з'яўленне гэтай кнігі) і Наталля Адамовіч.

 

«Khatyn»/ «Хатынская аповесць» Лондан, выдавецтва «Glagoslav Publicаtions»

"Хатынская аповесць" Алеся Адамовіча ў перакладзе на англійскую мову пабачыла свет у Лондане. Амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр у сваёй рэцэнзіі на гэты твор адзначыў, што "Хатынская аповесць" знаходзіцца ў дзясятцы найлепшых кніг свету.

Таццяна Грыневіч-Матафонава, Зміцер Бартосік

Музычную частку вечара склалі выступленні Таццяны Грыневіч-Матафонавай (выканала песню на верш Генадзя Бураўкіна) і Змітра Бартосіка (праспяваў песні Уладзіміра Высоцкага і Булата Акуджавы ў перакладзе на беларускую Рыгора Барадуліна).

Тэкст і фота: Віка Трэнас, lit-bel.org