Літаратуразнаўцы сумняюцца ў сапраўднасці самага вядомага фотаздымка Максіма Багдановіча

Як распавяла агенцтву «Мінск-Навіны» дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, здымак быў зроблены ў 1915 годзе падчас вучобы паэта ў Яраслаўскім Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі. Першапачаткова гэта быў групавы здымак у бібліятэцы, на якім захаваная ўся вучэбная група паэта.

«У сярэдзіне XX стагоддзя была зроблена копія гэтай фатаграфіі, — распавядае Т. Шэляговіч, — якасць яе пакідала жадаць лепшага. Далей партрэт паэта быў павялічаны ў тысячу разоў. Нават непрафесіянал, параўнаўшы гэтую фатаграфію са здымкам пісьменніка 1911, убачыць, што на картках два розныя чалавекі: скулы, бровы, нос зусім іншыя».

На жаль, фотаздымкаў Максіма Адамавіча захавалася вельмі мала. Таму гэтая выява да гэтага часу застаецца самай папулярнай. Па ёй былі зробленыя помнікі Багдановічу ў Мінску каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, побач з галоўным корпусам Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.Г. Дзямідава. Таксама здымак часта выступае ў якасці ілюстрацыі да біяграфіі літаратара.

Адным з лепшых здымкаў класіка, якія захаваліся да гэтага часу, застаецца выява паэта 1911, зробленая падчас вучобы ў яраслаўскай гімназіі. Менавіта па ёй можна найбольш пэўна меркаваць аб тым, як на самай справе выглядаў Максім Багдановіч.

Фота з архіву Літаратурнага музея М. Багдановіча

naviny.by