Літаратурнае падарожжа «Шляхамі Яна Скрыгана» — 18 лістапада

Падарожжа прымеркавана да 111-годдзя пісьменніка і 5-годдзя заснавання школьнага музея ў а/г Камень. Ініцыятарам літаратурнай вандроўкі выступіла дачка пісьменніка Галіна Іванаўна Скрыган – нястомная руплівіца захавання творчай спадчыны свайго бацькі. У праграме падарожжа наведванне вёскі Труханавічы, дзе намаганнямі ўнука Яна Скрыгана плануецца аднаўленне бацькоўскай сядзібы пісьменніка, і правядзенне мерапрыемства пад назвай “Перад сённяшнім днём заўсёды быў учарашні” ў ДУА “Каменскі ВПК Д/С-СШ”.

Ян Скрыган дэбютаваў вершамі ў 1925 г., а прозай – у 1927 г. Амаль на дваццаць гадоў быў вырваны з літаратурнай дзейнасці сталінскімі рэпрэсіямі. Да творчасці вярнуўся толькі ў 1955 г. Ян Скрыган арыентаваўся на традыцыю, востра адчуваў мову, вызначаўся любасцю да роднага слова, імкненнем вучыцца, а не вучыць. Выдатны стыліст, ён выхаваў цэлае пакаленне беларускіх пісьменнікаў, а яго кнігі і сёння крыніца надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай прозы, з якой чэрпаюць натхненне маладыя літаратары.

На імпрэзе прагучаць успаміны пра жыццё пісьменніка, водгукі на яго творы, нашчадкі Яна Скрыгана перададуць падарункі школьнаму музею.

У гасцей мерапрыемства будзе магчымасць:

- пакінуць свае ўражанні аб мерапрыемстве ў “скрыні памяці”;

- сфатаграфавацца з роднымі пісьменніка;

- атрымаць у падарунак кнігу Яна Скрыгана.

Месца правядзення: ДУА “Каменскі ВПК Д/С-СШ” Капыльскага раёна Мінскай вобласці.

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21

Паводле прэс-рэлізу