Літаратурная калекцыя са Швейцарыі

Літаратурная праграма

21.04.2012, 12.00-19.00
Дом дружбы, Мінск, вул. Захарава, 28
Уваход вольны
+375 17 2377119
info@minsk.goethe.org
Foto: Colourbox.com
У межах праекта “LESEBÜHNE.CH” Інстытут імя Гётэ ў Мінску пры падтрымцы швейцарскага культурнага фонду “Пра Гельвецыя” даюць магчымасць пазнаёміцца з актуальнымі тэмамі і тэндэнцыямі нямецкамоўнай літаратурнай сцэны Швейцарыі.

Франц Холер, Андрэас Нэзэр, Штэфані Гроб і Герхард Майстэр прадставяць беларускай публіцы свае творы і тым самым розныя літаратурныя формы, ад рамана да малой прозы і выступаў у жанры “spoken word”.

Франц Холер, які набыў вядомасць дзякуючы сваім незвычайным гумарыстычным гісторыям і гульням з мовай, запросіць нас падчас чытання у падарожжа па сваіх тэкстах розных перыядаў. Пісьменнік валодае неверагодна вострым поглядам на трывожныя дэталі і расказвае пра крохкасць і трагікамічнасць нашай штодзённасці, не пакідаючы па-за ўвагай яе паэтычнасць.

Далей у гэтым літаратурным марафоне слова возьме Андрэас Нэзэр. Ён прачытае ўрыўкі са свайго найноўшага рамана “Лётаць, пакуль не пойдзе снег”, які захапляльна, жыва і паэтычна апісвае напружанне, што ўзнікае між выпадкам і лёсам, між абсэсіяй і свабодай. Акрамя таго, Андрэас Нэзэр прадставіць вершы і апавяданні на швейцарскім дыялекце.

Дыялект будзе гучаць і падчас літаратурнага перформанса Штэфані Гроб, якая выступае на розных сцэнах Швейцарыі ў жанры “spoken word”. Яе тэксты на палітычныя ды сацыяльныя тэмы арыентаваныя на прамоўленае слова, вельмі музыкальныя, часткова рытмізаваныя. Тэксты прагучаць не толькі на нямецкай мове ў выкананні аўтаркі, але і па-беларуску ў выкананні акцёра Віталя Краўчанкі.

Драматург Герхард Майстэр прадставіць свае п’есы, за якія ён атрымаў шматлікія ўзнагароды, і ў далейшай размове дазволіць гледачам зазірнуць за кулісы і даведацца пра тое, як ствараюцца тэатральныя тэксты.

Незалежна ад таго, атрымліваеце Вы задавальненне ад класічных аўтарскіх чытанняў ці аддаяце перавагу альтэрнатыўным фарматам, шукаеце новыя тэксты для выкарыстання на занятках па нямецкай мове альбо пішаце самі, – у шматграннай праграме праекта “LESEBÜHNE.CH” кожны аматар літаратуры знойдзе для сябе штосьці цікавае.

 

Праект рэалізуецца ў супрацоўніцтве са Швейцарскім культурным фондам Pro Helvetia.

 

Спасылкі па тэме