Літаратурная імпрэза “Падвойныя зоркі беларускага Адраджэння” — 21 лютага

У гэтым годзе, акурат 21 лютага, спаўняецца 100 гадоў з выхаду ў свет на старонках “Нашай Нівы” рэцэнзіі Антона Луцкевіча на зборнік “Вянок” Максіма Багдановіча.

Антон Луцкевіч – асоба сапраўды шматгранная і вартая ўвагі, тым больш, што ў гэтым годзе спаўняецца 130 гадоў з дня яго нараджэння. Ён застаўся ў нашай гісторыі як адзін з пачынальнікаў, тэарэтыкаў і арганізатараў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, а таксама ўвайшоў у беларускі рух як адзін з пачынальнікаў літаратурна-мастацкай крытыкі.

Свае грунтоўныя працы ён прысвяціў праблемам гісторыі беларускай культуры, мастацтва, літаратуры. Адна з найбольш вядомых прац А. Луцкевіча – рэцэнзія “Пясняр чыстай красы” на зборнік “Вянок” Максіма Багдановіча, якая стала сапраўдным шчырым водгукам душы і сэрца крытыка на творчасць маладога паэта.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае ўсіх цікаўных прыняць удзел у адмысловай літаратурнай імпрэзе “Падвойныя зоркі беларускага Адраджэння”.

Прысутным і гасцям мерапрыемства будзе прапанавана магчымасць паглыбіцца ў некаторыя асаблівасці дзейнасці Антона Луцкевіча, даведацца пра яго ўнёсак у багдановічазнаўства, а таксама паразважаць над пытаннямі ўласнаэстэтычнымі,  якія ўвасабляюць сутнасць лiтаратуры як мастацтва. Для гасцей выступаюць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі  краіны: Вячаслаў Рагойша, Анатоль Сідарэвіч,  Ціхан Чарнякевіч, Таццяна Вабішчэвіч, Галіна Дзягілева і іншыя. Своеасаблівым сюрпрызам для наведвальнікаў стане выступ унучатай пляменніцы А. Луцкевіча, Маргарыты Пяровай, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу, але, дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі, далучыцца да ўдзелу ў імпрэзе.

Імпрэза адбудзецца 21 лютага 2014 г. а 17-ай гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

              

г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце)

Тэлефон для даведак 334-42-69

Паводле прэс-рэлізу

Прэсавая служба СБП