Літаратурная сустрэча адбылася ў Горках

Пісьменнік Уладзімір Ліўшыц, які зараз жыве ў Ізраілі, распавёў аб асаблівасцях літаратурнага і грамадскага жыцця зямлі абетаванай і падкрэсліў, што ягоныя сувязі з Беларуссю вельмі моцныя – у беларускіх выдавецтвах выходзяць ягоныя кнігі, з’яўляюцца творы на старонках як друкаваных выданняў, так і інтэрнэт-рэсурсаў.

У прыватнасці, нядаўна ў Горках была выдадзена новая кніга-даследаванне  У. Ліўшыца “Горацкая студыя “Аршанскага Маладняка” (1926-1928 гг.), экзэмпляр якой аўтар перадаў падчас гэтай сустрэчы.  

Уладзімір Ліўшыц атрымлівае альманах “Брама”. Ганна Аронава.

Старшыня абласнога аддзялення Мікола Яцкоў падзякаваў У. Ліўшыцу за працу, уручыў аўтарскія экзэмпляры літаратурнага альманаха “Брама” і выказаў упэўненасць, што творчы ўнёсак Уладзіміра Ліўшыца ў гістарычную навуку і літаратуру Беларусі будзе і надалей вельмі змястоўным і неабходным.

Пісьменніца Лідзія Андрэева расказала аб сваёй літаратурнай працы і падкрэсліла, што беларускае слова вельмі патрэбна падрастаючаму пакаленню і студэнцкай моладзі. Была дадзена станоўчая адзнака супольнай дзейнасці з мясцовымі ўстановамі культуры і адукацыі. Важна тое, што мясцовыя ўлады ўважліва ставяцца да літаратараў і заўсёды ідуць насустрач у вырашэнні неабходных пытанняў.

Мікола Яцкоў, Уладзімір Ліўшыц, Ала Яцкова і Лідзія Андрэева. Ля галоўнага корпуса Горацкай сельскагаспадарцай акадэміі. 

У сустрэчы таксама бралі ўдзел сябра Горацкага народнага аматарскага аб’яднання “Роднае слова” журналістка і паэтка Ганна Аронава, а таксама паэтка і перакладчыца з Магілёва Ала Яцкова.

Напрыканцы магілёўскім гасцям была арганізавана змястоўная экскурсія па памятных горацкіх мясцінах.

Фотаздымкі Алы Яцковай і Ганны Аронавай

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП