Літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску” — 26 сакавіка

26 сакавіка (аўторак) у галерэі "Ў" (пр. Незалежнасці, 37а) у межах фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” адбудзецца літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”.
Прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах:
• Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля (раман);
• Эган Бонды. Запрашэнне на вячэру (выбраныя творы);
• Міхал Вівэг. Цудоўныя гады сабаку пад хвост (раман);
• Ірэна Доўскава. Моцны Жбуць (раман).
У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўца — куратар серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка.
Крыху пра кнігі. Усё – шыкоўная чэшская проза. Ад класіка “гутарковай літаратуры” Багуміла Грабала і выбраных карацелек чээсэсэраўскага дысідэнта Эгана Бонды (у яго яшчэ вершы і драматургія) да іранічнага рамана-шлягера Міхала Вівэга “Цудоўныя гады сабаку пад хвост” і прачулага аповеда Ірэны Доўскавай пра дзяцінства ў сацыялістычнай Чэхаславаччыне “Моцны Жбуць” (Моцны Жбуць – гэта такі брутальны дзядок-персанажык).
Перакладчыкі – суцэльныя транслэйшн-монстры: Сяргей Сматрычэнка, Марыя Мартысевіч, Макс Шчур і Вераніка Бяльковіч. Таму па-аматарску не будзе!
Пачатак у 19.00. Уваход вольны
Паводле арганізатараў