Літаратурная вечарына Ірыны Хадарэнкі і Паўла Надольскага

31 траўня Беларускі Дом у Варшаве запрашае на літаратурнае спатканне з паэтамі Ірынай Хадарэнка і Паўлам Надольскім. У праграме: прэзентацыя зборніка вершаў “Свядомаграфія” Ірыны Хадарэнка, прадстаўленне новых перакладаў паэзіі Цыпрыяна Норвіда ў перакладзе Паўла Надольскага. Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.

Кароткая інфармацыя аб удзельніках.

Ірына Хадарэнка – пісьменніца, перакладчыца, публіцыст і навукоўца. Нарадзілася ў 1976 годзе ў Мінску. З 1989 г. выступае ў друку. Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы: “Лабірынты душы” (1996); “Чорная ружа” (1998); “Танцы на шкле” (1999), “Свядомаграфія” (2012). Некаторыя яе вершы былі пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Удзельнічала ў шэрагу міжнародных літаратурных фестываляў, у тым ліку ў літаратурным праекце “Dagny” (2011). Стыпендыстка праграмы Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы “Gaude Polonia” (2010). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра. Яе творы перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, нямецкую мовы.

Павел Надольскі – паэт і перакладчык. Нарадзіўся ў 1979 годзе ў Мінску. Друкаваўся ў шматлікіх рэспубліканскіх выданнях. Пачаў пісаць вершы з дзяцінства. У 2007 годзе выдаў зборнік вершаў “Рефлексия”, у 2008 - зборнік беларускамоўнай лірыкі “Край”. Стыпендыст праграмы Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы “Gaude Polonia” (2011), удзельнік міжнароднага літаратурнага праекта “Dagny” (2011). Апроч літаратуры займаецца музыкай, выкладаннем польскай мовы і мастацкімі перакладамі. Яго творы перакладаліся на польскую і нямецкую мовы.

 

belhouse.org