Літаратурны форум у Арменіі стаў пляцоўкай для разгляду фальклорнай спадчыны
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства, якое рэгулярна ладзіцца пад патранажам Міністэрства культуры Арменіі і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін СНД, адбылося ў Інстытуце старажытных рукапісаў “Матэнадаран” 1 лістапада.
Ірына Хадарэнка
У мерапрыемствах міжнароднага Форуму, сярод якіх былі круглыя сталы, прэзентацыі выданняў, семінары і творчыя сустрэчы, удзельнічалі больш за трыццаць асоб, у тым ліку двое з Беларусі – пісьменнік і выдавец Аляксей Харужка, паэтка і перакладчыца Ірына Хадарэнка.
Кожны ўдзельнік атрымаў у якасці падарунка кнігу вершаў, нарысаў і эсэ “Арарацкае прыцягненне”, дзе, між іншым, змешчаны пераклад на рускую мову паэмы ўдзельніка праекта “Літаратурны каўчэг” Леаніда Дранько-Майсюка.
Падчас семінара, прысвечанага прамоцыі сучаснай літаратуры, Аляксей Харужка засяродзіў увагу аўдыторыі на асаблівасцях ажыццяўлення выдавецкай дзейнасці ў Беларусі, а Ірына Хадарэнка распавяла пра характар рэалізацыі арт-праекта “Беларускі фальклор: першапачатак”.
Гарачую дыскусію выклікалі пытанні цэнзуравання рукапісаў і дзейнасці разнастайных пісьменніцкіх суполак. Усе прысутныя засведчылі неабходнасць пашырэння кантактаў з калегамі з блізкага і далёкага замежжа, а таксама эфектыўнасць абмену вопытам падчас падобнага кшталту імпрэз і відавочную карысць апошніх для агульнага развіцця літаратурнага працэсу.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"