Літаратурныя чытанні ў падтрымку музея Багдановіча

Паводле нядаўняй інфармацыі, музей Багдановіча збіраюцца “аптымізаваць”, зрабіўшы філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі літаратуры, што можа прывесці да самых прыкрых наступстваў для будынка музея. Многія пісьменнікі выказваюць занепакоенасць гэтым і не згодныя з рэарганізацыяй. Прыцягнуць увагу да гэтага пытання мелі на мэце сённяшнія літаратурныя чытанні.

Супрацоўніца музея паведаміла, што музей зачынены на рамонт і ніякіх імпрэз у ім сёння не будзе. Без дзесяці шэсць дзверы музея замкнулі знутры.

Тым не менш, літаратурныя чытанні каля будынка адбыліся.  Вершы класіка ў перакладзе і арыгінале чыталі Лявон Баршчэўскі, Галіна Каржанеўская, Алесь Марачкін ды інш., прысутнічаў Аляксандр Лукашук, пра сітуацыю з будынкам музея разважаў Уладзімір Арлоў. З маладзейшых пісьменнікаў былі Алена Казлова (Анка Упала), Павел Касцюкевіч, Марыя Мартысевіч, Віка Трэнас. Наведнікі імпрэзы праспявалі разам песню на словы Максіма Багдановіча.

Лявон Баршчэўскі

Не абышлося і без наведнікаў у цывільным, якія, звяртаючыся да Уладзіміра Арлова як да старэйшага, раілі не чытаць вершы тут і наступны раз перш атрымаць на гэта дазвол гарадскіх уладаў.

Уладзімір Арлоў

Галіна Каржанеўская

Алесь Мара (Марачкін).

Прэсавая служба СБП