Літаратурныя сустрэчы ў Полацку і Віцебску

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” перакладчыца Юля Цімафеева і пісьменніца Анка Упала правялі літаратурныя імпрэзы ў Полацку і Віцебску. У другой сустрэчы ўзяў удзел і віцебскі літаратар Уладзімір Папковіч.
26 красавіка прэзентацыя першай кнігі Анкі Упалы “Дрэва энталіпт” і кнігі выбраных твораў Эдгара По “Маска чырвонае смерці” адбылася ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта
Анка Упала пачытала студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта свае казкі і вершы, а Юля Цімафеева прэзентавала прозу пачынальніка дэтэктыўнага жанру Эдгара По. Асабліва цікава прайшлі конкурсы чытання паэзіі Э. По на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Іван і Вікторыя, удзельнікі конкурса на лепшае чытанне верша "Крумкач" Эдгара По.
Студэнты, якія падаваліся спачатку сарамлівымі, усё ж раскрылі перад аднакурснікамі свае чытацкія таленты і ў аўдыторыі на добрай беларускай мове прагучалі урыўкі з верша “Крумкач”.
Другая сустрэча адбылася ў віцебскім офісе Віталя Броўкі, дзе сабралася і моладзь, і людзі больш сталага веку.
Розыгрыш прызоў ад кампаніі "Будзьма!" у Віцебску.
Удзел у імпрэзе ўзяў і мясцовы паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч, які прадставіў публіцы кнігу нямецкай пісьменніцы Гудрун Паўзэванг “Хмара” ў сваім перакладзе.
Віцебскі літаратар Уладзімір Папковіч.
Слухачы з цікавасцю слухалі кароткую прозу і вершы з кнігі “Дрэва энталіпт” ды пераклады з “Маскі чырвонае смерці” і актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах. Яны таксама не засталіся абыякавымі і да аповедаў пра сваё жыццё і творчасць віцебскага літаратара.
Прэсавая служба СБП