Літаратурныя сустрэчы прайшлі ў школах Магілёўшчыны

Нядаўна ў межах Тыдня роднай мовы і з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў вёсках Княжыцы Магілёўскага раёна і Лапацічы Слаўгарадскага раёна адбыліся літаратурныя сустрэчы з удзелам магілёўскіх пісьменнікаў. 

Выступае Мікола Яцкоў

21 лютага ў школе вёскі Княжыцы Магілёўскага раёна ў рамках святкавання Дня роднай мовы адбылася сустрэча з пісьменнікамі — старшынём Магілёўскага аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Міколам Яцковым, а таксама з Алесем Казекам.

Алесь Казека

Прысутныя з цікавасцю паслухалі выступы пісьменнікаў. Спецыяльна для гасцей гучалі іх вершы ў выкананні вучняў. Было шмат пытанняў — аб роднай мове і  літаратуры. Напрыканцы ўсе дружна спявалі песні на вершы Коласа і Купалы. І было выказана ўзаемнае пажаданне часцей сустракацца — каб разам ісці да мовы і беларускай свядомасці.

Фелікс Шкірманкоў

У межах тыдня роднай мовы адбылася сустрэча пісьменніка, сябра СБП Фелікса Шкірманкова з вучнямі сярэдняй школы вёскі Лапацічы Слаўгарадскага раёна. Фелікс Уладзіміравіч распавёў прысутным пра значэнне роднай мовы ў нашым жыцці, пра неабходнасць больш шырока яе ўжываць у паўсядзённасці. Гучалі вершы паэта-франтавіка ў аўтарскім выкананні. Гэта ўжо не першая сустрэча спадара Шкірманкова з лапаціцкімі школьнікамі, і такія паэтычныя вечарыны будуць тут ладзіцца і надалей.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП