Літаратуру можна не толькі чытаць: пачаўся конкурс на лепшую самаробную кнігу

Як паведаміла “Твайму стылю” намесніца дырэктара бібліятэкі Марына Ігнатовіч, сталіцай свята становіцца адзін з гарадоў нашай краіны, які з’яўляецца гістарычным цэнтрам культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

“Сёлета прымаць свята будзе Шчучын, і для ўсіх нас гэта не толькі прызнанне яго гістарычнай значнасці і добрая ацэнка нашай працы, але і вялікая адказнасць. Таму хацелася прыдумаць нешта цікавае і незвычайнае, чаго раней ніхто не рабіў. Вось так і нарадзілася ідэя конкурса самаробнай кнігі. На нашу думку, конкурс паспрыяе папулярызацыі кнігі і чытання праз творчасць і фантазію, дасць магчымасць праявіць крэатыўныя навыкі тым людзям, якія не толькі любяць чытаць, але і захапляюцца літаратурна-мастацкай творчасцю і выяўленчым мастацтвам”, – распавяла Марына Ігнатовіч.

Паўдзельнічаць у незвычайным конкурсе можа любы жыхар Гарадзеншчыны, незалежна ад веку, роду заняткаў ці ўзроўня адукацыі. Далучыцца можна і цэлым творчым калектывам. Галоўнае патрабаванне да конкурснай працы – творчы падыход і адмова ад кампутарных тэхналогій у стварэнні кніжкі. Друкаваныя і складзеныя ў фотаальбомы ці канцырярскія папкі працы не будуць прынятыя да разгляду журы.

Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях:

- На лепшае мастацкае афармленне ўласнага твора – даць магчымасць тым аўтарам, творы якіх яшчэ не выдаваліся, ажыццявіць мару пра сваю кніжку ва ўнікальным выкананні;
- На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) беларускага аўтара – для ўсіх, хто нераўнадушны да мастацкай літаратуры;

- На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) з калекцыі рэдкіх выданняў абласной бібліятэкі.

Па ўсіх пытаннях Марына Ігнатовіч раіць звяртацца да бібліятэкараў. Асабліва яна падкрэсліла неабходнасць падтрымкі спецыалістаў, калі нехта вырашыце паўдзельнічаць у трэцяй намінацыі конкурсу.

“У аддзеле рэдкіх выданняў вам дапамогуць вызначыцца з выбарам твора, які найбольш падыдзе пад ваш фармат “самвыдату”, а пры неабходнаці і кансультацыю па твору дадуць”, – заўважыла намесніца дырэктара.

Турмасава Любоў Іванаўна – бібліятэкар аддзела рэдкіх выданняў

Прыём конкурсных прац пачаўся 1 траўня і будзе доўжыцца да 25 жніўня. Вынікі будуць падведены да канца лета. Журы вызначыць І, ІІ, ІІІ месцы у кожнай намінацыі, уладальнікі якіх атрымаюць дыпломы і каштоўныя прызы.

Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, 6 верасня 2015 года, у Шчучыне.

Больш падрабязна пра ўмовы конкурсу можна даведацца тут.
 

 

Ірына Новік, Твой стыль