Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас і Юры Несцярэнка выступілі ў Магілёве (фота)

У госці да магілёўцаў завіталі найцікавейшыя людзі – літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі, выдавец Зміцер Колас і музыка Юрась Несцярэнка. Яны прывезлі шмат як новых, так і ранейшых выданняў перакладной сусветнай літаратуры ад старажытнай да сучаснай, разнастайныя слоўнікі, дзіцячыя кнігі.

Міхась Булавацкі, Зміцер Колас, Лявон Баршчэўскі, Алег Дзьячкоў

Злева: Зміцер Колас, Лявон Баршчэўскі (чытае); справа ў цэнтры: Таццяна Барысік

Найцікавейшы зборнік перакладаў вершаў з трыццаці розных моваў і каля сотні аўтараў усіх часоў і эпох «І боль, і прыгажосць..» прэзентаваў Лявон Баршчэўскі. Магілёўцы змаглі пачуць, як гучаць вершы на мовах арыгіналаў.

Шмат пазнавальнага пра сучасны стан выдавецкай дзейнасці госці вечарыны даведаліся ад Зміцера Коласа. Трыццаць адно выданне пабачыла свет мінулым годам дзякуючы намаганням спадара Зміцера, а паколькі ён і сам перакладчык, многія кнігі выйшлі яшчэ і ў ягоным перакладзе.

Юры Несцярэнка і гурт “Мірнае мора”

Юрась Несцярэнка ў імпрэзе выступіў у дзвюх ролях, і як музыка – ён прыехаў разам з новым гуртом «Мірнае мора» і на вечарыне яны прадставілі сваю першую праграму, і як літаратар – Юрась прэзентаваў ваю новую кніжку пра родны горад Бялынічы «Маё мястэчка ў часе і прасторы».

Міхась Аршынскі зацікавіўся выданнем. Сяброўская размова: Лявон Баршчэўскі, Аляксандр Агееў і Мікола Яцкоў

У гэты вечар магілёўцы пабачылі, пагарталі і смаглі набыць кнігі, сярод якіх былі і сапраўды ўнікальныя выданні, напрыклад, самы вялікі вершаваны твор, які выдаваўся на беларускай мове – карэла-фінскі эпас «Калевала», самы поўны з усіх выданых «Вялікі слоўнік беларускай мовы», зусім «малады», але ўжо найпапулярнейшы ва ўсім свеце твор Юстэйн Гордэр «Сафін свет» і шмат іншага.

Імпрэза завяршылася далёка за дваццаць першую гадзіну, было яшчэ і багата пытанняў і адказаў, сяброўскіх размоў, ну і зразумела, госці пакінулі свае аўтографы ўсім жадаючым.

 

Алесь Сабалеўскі, фотаздымкі аўтара