Лявон Баршчэўскі пра менскі раман Уладзіміра Някляева

Толькі што прачытаў у інтэрнэце: твор Уладзіміра Някляева, пра які тут збіраюся пісаць, вылучаны на атрыманне супольнай польска-беларускай Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

Адразу падумалася: ну вось, у журы будзе магчымасць зрабіць просты і трапны выбар. Ежы Гедройц нарадзіўся ў Мінску (а дакладней — у Менску),  усё сваё доўгае жыццё змагаўся з таталітарнай ідэалогіяй, рупарам свайго змагання зрабіў часопіс з простай і ёмкай назвай “Культура”, што выходзіў ад 1951 года ў Парыжы.

У “Менскім рамане” і сам я-персанаж (у асобе якога выразна праглядаюцца рысы аўтара), і іншыя ключавыя героі належаць да паўдысідэнцкай групоўкі, што напраўду існавала ў сталіцы БССР у 60-я гады мінулага стагоддзя. Галоўным антыподам яе выступае КДБ, увасабленне Абсалютнага Зла (як на мой густ, дык часам эпатажна-дэманізаванае). Кожная з галоўных дзейных асоб твора перажывае асабістую трагедыю, звязаную з тым, што рэчаіснасць вакол яе “спакойна-абсурдная” і ніяк не залежыць ад яе высілкаў. Некалькі герояў закаханыя ў адных і тых дзяўчат, якія, у рэшце рэшт, пачынаюць выходзіць замуж выключна за афіцэраў КДБ. Разам з Саламонам Майсеевічам Бланкам — звычайным мінскім гандляром “газіроўкай”, кінутым урэшце ў засценкі “той самай арганізацыі”, — са старонак твора знікае непаўторны каларыт той габрэйскай гарадской культуры, слядоў якой у сучасным Мінску цяпер, на жаль, трэба шукаць днём з агнём...

Адным словам, Ежы Гедройц, калі б быў жывы, напэўна, з цікавасцю прачытаў бы някляеўскі раман, захапіўся б ім і, натуральна, быў бы за прысуджэнне аўтару прэміі свайго імя.

Зрэшты, я перакананы, што Уладзімір Някляеў пісаў свой твор, зусім не думаючы ні пра якія ўзнагароды, — пагатоў яго большая частка была, відавочна, створана яшчэ за пару гадоў да заснавання прэміі імя Гедройца. Заўважу, што някляеўскі раман з’явіўся роўна праз паўстагоддзя пасля таго, як асобнай кніжкай выйшлі “Людзі на балоце” Івана Мележа. Нехта адмахнецца і скажа: а што агульнае ёсць у “палескай хронікі” з “менскім раманам”? Не спяшаймася казаць “мала што”. Калі пачынаеш задумвацца, аказваецца, што абодва творы, у сутнасці, пра адно і тое ж. Яны — пра катастрафізм быцця беларусаў у дваццатым стагоддзі, які дамоклавым мячом вісіць над намі і ў стагоддзі дваццаць першым. І мележаўскі Васіль Дзяцел, і я-герой Някляева сваё экзістэнцыйнае апірышча бачаць у зямлі, што ўцякае ў іх проста з-пад ног. Няважна, што ў аднаго бальшавіцкія камісары без пагонаў забіраюць ягоную сялянскую дзялку, а другі роспачна назірае, як у колішнім беларуска-габрэйска-ліцвінскім Менску канчаткова запанавалі імперска-савецкія камісары, якія час ад часу “на выхад” нават апранаюць кіцелі з пагонамі.

І блізка няма ўжо ані лапіка вольнай зямлі каля мележаўскіх Куранёў, ані, тым болей, той “новай зямлі”, пра якую марыў яшчэ Якуб Колас, — гэтаксама як няма нават у памяці старых мінчан тых даўніх назваў вуліц горада — Дамініканскай,  Вясёлай, Міхайлаўскай, Зборавай, на месцы якіх цяпер пазначана: Энгельса, Першамайская, Камуністычная, Інтэрнацыянальная...

Пабылі нейкі час у Мінску і зніклі як помнікі сваёй эпохі аўтаматы газіраванай вады “з сіропам і без”. Затое паплечнікі “людзей у пагонах і без” назвалі ў свой гонар праспект Пераможцаў і — не толькі на ім адным — святкуюць свае бясконцыя перамогі, у тым ліку над палітыкам Уладзімірам Някляевым. Дарэчы, сам аўтар рамана падсвядома дае выразны адказ на тое, чаму ў выбітнага Пісьменніка так і не атрымліваецца зрабіцца выдатным палітыкам: ён —  асоба, якую вядуць і якая не можа, як казаў некалі стары філосаф Кант, “выйсці са стану свайго завінавачанага перад самім сабою паўналецця”.

Ды “менскі раман” — зусім не споведзь палітыка, у якога мала поспехаў. Гэта надзвычай таленавіты і месцамі проста кранальны твор, жанр якога я вызначыў бы як “фэнтэзі-хранатоп”. І вось з ім Уладзімір Някляеў мае шанец перамагчы. Перамагчы нашу беларускую млявасць, якая не зрэдчас перарастае ў абыякавасць.

Застаецца дадаць, што раман Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” быў цалкам апублікаваны ў №61 незалежнага літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”, а днямі з’явіўся і ў выглядзе асобнай кніжкі.

 

Лявон Баршчэўскі, nv-online.info 

На фота: Лявон Баршчэўскі, аўтар здымка АУ