Любові Турбіной — 75!

Любоў Мікалаеўна Турбіна нарадзілася 17 ліпеня 1942 года ў Ашхабадзе, у сям'і вядомага навукоўца-біёлага, акадэміка АН БССР Мікалая Турбіна. Пасля заканчэння фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) - інжынер, аспірант, навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР. Абараніла кандыдацкую дысертацыю па біялогіі. У 1980 г. скончыла завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1984 - 2000 гг. навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, даследавала сувязі паміж беларускай і цюркамоўнай літаратурамі. Сябра СП СССР з 1990 г.

З 2001 года жыве ў Маскве, працуе ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя Горкага, у аддзеле літаратур народаў Расійскай Федэрацыі і СНД, даследуе беларускую літаратуру. Выступае як літаратурны крытык у рускіх літаратурных выданнях.

З вершамі начала выступаць у друку ў 1974 г. (газета «Знамя юности»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Улица детства» (1981), «Город любви» (1988), «Наша надежда жива, если плачем» (1991), «Сны-города» (1993), «Четыре портрета» (1997), «Эклоги. Стихи и переводы» (2000), «Ускользающее чудо» (2002), «Обратное зрение» і інш.

На расейскую мову пераклала паасобныя вершы М. Багдановіча, М. Стральцова, Р. Барадуліна, Г. Каржанеўскай, паэтаў Туркменіі і Азербайджана.

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе вядомую паэтку, перакладчыцу, літаратуразнаўцу, даўнюю сяброўку Беларусі Любоў Турбіну з днём нараджэння і зычыць моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у творчасці!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"