Людміла Андзілеўка адзначае юбілей

Сёння адзначае свой юбілей празаік і мастачка, сябра СБП Людміла Фёдараўна Андзілеўка. Спадарыня Людміла, прыміце шчырыя віншаванні са святам і пажаданні дабрабыту і здароўя, душэўнай гармоніі і новых творчых адкрыццяў, і каб кожны дзень прыносіў добрыя навіны і радаваў!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

 

Журналіст Алена Хайноўская ў "Весніку Глыбоччыны" адгукнулася святочным артыкулам і распавяла пра спадарыню Людмілу.

Таленавітая глыбачанка адзначае юбілей

Наша зямлячка Людміла Фёдараўна Андзілеўка адзначае чарговы юбілей. Ёй пастаўлены дзве “пяцёрачкі” (у суме – “дзясятачка”) за неабмежаваны талент і неардынарныя здольнасці. 

 

Людміла Фёдараўна Андзілеўка нарадзілася 13 лютага 1958 года ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці. Вучылася ў гарадской школе №1. Скончыла Наваполацкае музычнае вучылішча (1973-1977 гг.) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры (1984-1989 гг.) З 1977 па 2007 г. працавала ў Падсвільскай музычнай школе (пасля рэфармавана ў школу мастацтваў) выкладчыкам і дырэктарам.

Людмілу Андзілеўку на Глыбоччыне ведаюць як таленавітага празаіка і мастака аматарскага жывапісу. Нягледзячы на тое, што яна, прафесіянал у музыцы, вучылася выяўленчаму мастацтву самастойна — яе жывапісныя палотны радавалі вока гледачоў на выставах у Віцебску, Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ноўгарадзе... Неаднойчы ладзіліся і персанальныя выставы мастачкі не толькі на яе маленькай радзіме, але і ў Віцебску. Людміла Андзілеўка мае два дыпломы і каталогі ўдзелу ў міжнародных выставах: «Приношение мастеру» да 125-годдзя Марка Шагала (2007 г.) і «Фэст Наіў» (2011 г.). Сімвалічна, што карціны Людмілы Фёдараўны ўпрыгожваюць сцены актавай залы Падсвільскай дзіцячай школы мастацтваў.

З пашанай Людміла Андзілеўка ставіцца да роднага слова, хоць сваю першую рукапісную кніжку яна напісала ў 7 класе на рускай мове. Але ў 90-ых гадах стала ствараць беларускамоўныя творы, больш дасканала вывучаючы мову падчас уласна арганізаваных сустрэч з беларускімі пісьменнікамі. І вось, пачынаючы з 1994 года, Людміла Андзілеўка пачала друкавацца як празаік і мастак у рэспубліканскіх выданнях: “Літаратура і Мастацтва”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Нёман”, “Мастацтва”, “Вожык”… А ўжо ў 2002 годзе па рэкамендацыі Генрыха Далідовіча была прынятая ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. 
Пятнаццаць гадоў таму (таксама маленькі юбілей) выйшла першая кніга прозы Людмілы Андзілеўкі “Проста ноч на дварэ”. А ў гэты юбілейны год яна таксама парадуе сваіх землякоў новай кнігай і, несумненна, новымі мастацкімі палотнамі.

Алена Хайноўская, Веснік Глыбоччыны