Людміла Рублеўская і Вольга Гапеева ў Школе маладога пісьменніка
Стасункі аўтара і чытача
Лекцыя Вольгі Гапеевай “Акт напісання і акт прачытання — працэс дэканструкцыі аўтара” пачалася з вытлумачэння тэрмінаў “аўтар” і “чытач”. Выявілася, што аўтар уключае ў сябе і чытача – як інтэрпрэтатара тэксту, і таму той можа дэканструяваць аўтара, прыкладам, па-свойму зразумеўшы ягоны твор. Такім чынам чытач і аўтар могуць мяняцца ролямі, і некалі сфармуляваная Раланам Бартам тэза пра смерць аўтара па-ранейшаму актуальная для мастацтва.
Вольга Гапеева
Зрэшты, метафара адносінаў аўтара і чытача, як выказалася лектарка, можа быць і іншай. Часам можна ўявіць стасункі псіхатэрапеўта (аўтар) і пацыента (чытач). Бо пісьменнік у сваім творы можа наўмысна падштурхоўваць чытача да пэўных роздумаў і інтэрпрэтацый, а той будзе прымаць іх як свае ўласныя. Так існуюць розныя формы ўзаемадзеяння паміж аўтарам, чытачом і тэкстам.
Вольга Гапеева — вядомая даследчыца гендэрнай праблематыкі. Цягам лекцыі немагчыма было не закрануць такія паняцці, як жаночае чытво і жаночае пісьмо. Цікавым быў аповед пра тое, чаму ў розныя часы жанчыны-пісьменніцы бралі мужчынскія псеўданімы і наадварот – здаралася, што і мужчыны падпісваюцца жаночымі імёнамі. Апошнія, напрыклад, карыстаюцца такім прыёмам, калі пішуць і друкуюць творы ў нязвыклым для сябе жанры і хочуць іх “апрабіраваць” на шырокай публіцы. А для многіх творцаў-жанчын у ранейшыя часы (у 19 стагоддзі) папросту не існавала іншага спосабу рэалізавацца ў літаратуры, акрамя як падпісацца мужчынскім псеўданімам.
Вялікую цікавасць выклікала праведзенай Вольгай Гапеевай практычнае заданне. Наведнікам Школы неабходна было прачытаць шэсць фрагментаў тэкстаў розных аўтараў і вызначыць, мужчына ці жанчына іх напісалі.
Абмеркаванне засведчыла, што многія стэрэатыпы адносна жаночага пісьма не адпавядаюць рэчаіснасці: фактычна ніхто з навучэнцаў не адгадаў аўтараў усіх шасці фрагментаў. Тэкст Цёткі многім падаўся напісаным мужчынам, а ўрывак з Адама Глобуса з-за вялікай увагі аўтара да колераў і апісальнасці быў прылічаны да аўтаркі-жанчыны.
Тэрыторыя ўнутранай свабоды
Майстар-клас Людмілы Рублеўскай быў прысвечаны напісанню вялікіх жанравых форм, у прыватнасці, рамана. Людміла Іванаўна адзначыла, звяртаючыся да маладых пісьменнікаў:
— Канечне, кожны творца хоча засвоіць новыя жанры, але перш, чым пісаць раман, падумайце, ці трэба вам гэта. Напрыклад, знакаміты казачнік Ханс Крысціян Андэрсэн лічыў сапраўднымі свае вялізныя раманы, а ўласна казкі былі для яго не настолькі важнымі. А Даніэль Дэфо стварыў свой самы значны раман пра Рабінзона Круза па неабходнасці, на замову.
Для напісання рамана патрэбная тэрыторыя ўнутранай свабоды. І яшчэ — поспех аўтара ў многім воля выпадку. Стартуюць празаікі прыблізна на адным, дастаткова нізкім узроўні, і немагчыма прадказаць, як яны будуць развівацца далей. Напрыклад, раннія спробы пяра Уладзіміра Караткевіча на рускай мове былі абсалютна звычайнымі і грашылі нераспрацаванасцю стылю. Аднак ён вырас у класіка беларускай літаратуры.
Людміла Рублеўская
Спадарыня Людміла прапанавала наведнікам Школы літаратурную гульню: перарабіць фінал “Нельга забыць” Караткевіча (апошні абзац) такім чынам, каб сэнс усяго твора памяняўся на супрацьлеглы.
— Празаік павінен трымаць сябе ў форме, пастаянна пісаць, нават калі няма натхнення. Для паспяховага аўтара вялікае значэнне мае працаздольнасць, — параіла на завяршэнне сустрэчы Людміла Рублеўская.
Тэкст: В.Т., фота: Алена АУ
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"