Людміла Рублеўская: "Калі пачынаеш пісаць на роднай мове, адразу з’яўляецца нейкая сіла"

9 кастрычніка за прылавак кнігарні “Логвінаў” стаў чарговы госць. У якасці гандляра на гэты раз выступіла паэтка і празаік Людміла Рублеўская. Яна расказала пра свае кнігі,  любімых аўтараў і адказала на пытанні прысутных.

- Раскажыце, як складаўся ваш творчы шлях?

- Калі вы пачытаеце мае творы, то знойдзеце там па кавалачку, напэўна, усю маю біяграфію... Калі хто чытаў аповесць “Пярсцёнак апошняга імператара”, там галоўная гераіня, Магда, паступае ў літаратурны інстытут Горкага. Гэта і ёсць я. Каб сама туды не паступіла,  ніколі не апісала б яго так добра... Калі я паступала ў інстытут, пісала яшчэ на дзвюх мовах. Канчатковы выбар зрабіла менавіта ў Маскве, таму што там усе вельмі ясна. Людзі пішуць на дзясятках моў, і ты бачыш хто на што варты. Ты разумееш, што калі ты пішаш, ідучы ад сваей культуры, толькі тады можаш быць цікавым камусьці. Мова і культура для пісьменніка, асабліва для паэта, нешта большае, чым для астатніх. Калі пачынаеш пісаць на роднай мове, адразу з’яўляецца нейкая сіла, гэта зусім па-іншаму. Я люблю, калі героі ў мяне пераходзяць з твора ў твор, з аднаго часу ў іншы.

Часта ў мяне пытаюцца, як з’яўляюцца задумкі. Я ўжо трохі пра гэта расказвала. Напрыклад, аднойчы мне сказалі, што на выставе есць партрэт маей дачкі Веранікі, мы пайшлі глядзець - і аказалася, сапраўды вісіць партрэт графіні Марыны Патоцкай XIX стагоддзя, і яны вельмі падобныя. Тады мой муж успомніў, што яго продкі працавалі ўпраўляючымі ў графаў Патоцкіх. І тут мая аўтарская фантазія пачала прачынацца. Калі знаемыя  чытаюць мае творы, заўсёды знаходзяць там шмат знаёмага, блізкага ім асабіста. Бываюць нават няхілыя разборкі на гэты конт, таму што людзі пазнаюць сябе, выпадкі, якія здараліся менавіта з імі. Застаецца рабіць спасылку на тое, што супадзенні з’яўляюцца ненаўмыснымі, перапрацаванымі, імёны герояў зменены, ну, і прывітанне, пісьменнік мае права.

- Як вы прыйшлі да старасвецкіх апавяданняў, што было штуршком?

- Люблю атмасферу беларускай старасветчыны. Вось гэтыя мястэчкі з маленькімі дамкамі, з аднаго боку касцёл, з другога царква, з трэцяга сінагога. Дзе існуюць свае паданні, легенды, у развалінах замка жывуць прывіды. Мне хацелася аднавіць гэтую атмасферу, але адначасова спалучыць яе з светам антычнага міфу. У прынцыпе, тое самае зрабіў Джэймс Джойс ва “Улісе”, але ён спалучыў Дублін пачатку ХХ стагоддзя з “Адысеяй” Гамера. У адным з сваіх раманаў я аб’яднала не толькі час, але яшчэ і жанры, паралельна з прозай там ідзе вершаваны цыкл.

- Назавіце сваіх любімых аўтараў і дайце параду, што чытаць?

- Ведаеце, тут настолькі ўсе індывідуальна. Я параўноўваю выбар любімых кніг з выбарам парфумы. Вось прыходзіш, усе перанюхаеш і падабаецца гэты пах, і ты не разумееш чаму. Тым не менш у гэтай кнігарні сабраны на паліцах такія выбраныя парфумы, можна браць усе, і вы не памыліцеся. Вось мой любімы аўтар Адам Бабарэка. Ен якраз з тых расстраляных пісьменнікаў, якія маглі б скласці гонар Беларусі, якія сапраўды на еўрапейскім узроўні. Ен вялікі як крытык, пісьменнік, публіцыст, паэт. Сяргей Пясэцкі, толькі пачынаем адкрываць яго... Мы заўседы вельмі шчодра дзелімся сваімі талентамі. Чытаеш украінскія часопісы, у іх і Скарына ўкраінец, і Пржавальскі, і неякіх пытанняў не ўзнікае. У Польшчу прыедзеш, там усе палякі. А ў нас не, гэта, напэўна, не наш, каб кагосьці не пакрыўдзіць, калі яго забяром.

-У вас есць замежныя чытачы?

- Ведаеце, да майго здзіўлення з’яўляюцца. Мяне шмат пачалі перакладаць ва Ўкраіне, што называецца “зайшло”, ім падабаецца, што я пішу. Ёсць, канечне. У Польшчы ўвогуле дзеткі. Не адно пакаленне вырасла на маёй казцы пра мышку Пік-Пік. Было гэта так: у нас ёсць добрая знаёмая, паэтка і празаік з Польшчы. Яна была ў нас у гасцях, чула, як я расказвала казку нанач сваёй дачцэ, і папрасіла запісаць яе. Вось з гэтага і пачалася мая проза. Мая сяброўка пачала друкаваць мае казкі  ў газеце “Ніва” у Польшчы. Пачаўся такі водгук, дзеці пісалі мне,  слалі свае малюнкі.

- Вы пішаце рэцэнзіі, у вас іх ужо вельмі шмат, не ўзнікала жаданне скласці з іх асобную кнігу пра сучасную беларускую літаратуру?

- Знайдзіце мне выдаўца, і я бясплатна гэта зраблю. Я не супраць, бо пішу для таго, каб чыталі.

 

Паводле Дар’і Лабажэвіч

newspeak.by