Людміла Рублеўская: Твор для дзяцей павінен быць высокамастацкім

Запрашаем маладых аўтараў да ўдзелу ў конкурсе (умовы чытайце тут). А нашая сённяшняя госця, сябра журы конкурсу, пісьменніца Людміла Рублеўская, адказвае на пытанні анкеты пра жыццё і творчасць для дзяцей. 

1. Якія творы вы чыталі ў дзяцінстве, юнацтве?

1. Чытала ўсё, што магла здабыць на тле кніжнага дэфіцыту. Была запісаная адразу ў некалькі бібліятэк. Напрыклад, у дзесяць гадоў прачытала “Джэн Эйр” і падручнік па асновах філасофіі, які застаўся ад стрыечнага брата, калі той паступаў ва ўніверсітэт. Вельмі спадабаўся суб’ектыўны ідэалізм. Цікава, што шмат якія класічныя дзіцячыя творы я прачытала ўпершыню ў перакладзе на беларускую мову – таму што, напэўна, беларускамоўныя кнігі былі меншым дэфіцытам, іх было лягчэй набыць. “Прыгоды барона Мюнхгаўзена”, “Прыгоды Бураціна”, “Прыгоды Гулівера”... Запомніла на ўсё жыццё, для мяне гэта было натуральнае гучанне тэкстаў. Таму й лічу, што абавязкова трэба перакладаць на беларускую мову дзіцячую класіку – гэта найлепшы сродак закласці ў чытача разуменне, што мова наша не “калхозная”. Андэрсэн для мяне адкрыўся не як добры аўтар сумна-лірычных казачак, я пачала з другога тома збору твораў, дзе неадаптаваныя легенды, паданні і прыпавесці, страшныя, гатычныя, з пахаванымі на беразе мора незаконнанароджанымі немаўлятамі, з алхімікамі, якія спляжваюць усё дабро на доследы і гінуць у жабрацтве, з карэтай Смерці, у якой адпраўляюцца на пакуты каралі, а аднаго злоснага караля джаляць, як пчолы, зубы дзяцей ягонага ворага, якія ён загадаў ім вырываць па аднаму кожны дзень... Гофман, Гауф, Марк Твэн, п’есы Шварца, Джані Радары, Памэла Трэверс, Туве Янсан, Стывенсан... Чытала ўсё запар, ад пазнавальнай літаратуры да казак, і запомніла выпадак... Вяртаю кнігі ў бібліятэку, стосік такі прыстойны, а за сталом сядзіць новая цётка, з прычоскай “вашывы домік”. Яна паглядзела маю картку, паперабірала мае кнігі, афігела і давай дапытвацца: ці я праўда ўсе гэтыя кнігі прачытваю? І чаму бяру казкі? Я вялікая дзяўчынка, мне трэба браць іншыя кнігі, больш сур’ёзныя! Але я і ў тым узросце не дазваляла нікому лезці на сваю творчую пляцоўку, адмаўчалася ды пайшла да паліцаў. Таму і цяпер лічу, што бескарысна навязваць дзецям штосьці для чытання.

2. Ці былі любімыя героі дзіцячых кніг?

З аднаго боку, я, рафінаваная гарадская дзяўчынка, з захапленнем чытала кнігу Івана Сяркова “Мы – хлопцы жывучыя” – там такая экзотыка была: крупарушкі, кароста, сахарын... З другога боку, найперш вабіў звычайны рамантычны набор: мушкецёры, рыцары, рэвалюцыянеры... Праўда, павінна сказаць, што выбар улюбёных герояў у мяне быў незвычайны. Скажам, у казцы “Урфін Джус і ягоныя драўляныя салдаты” (стыранай савецкім пісьменнікам Волкавым з “Чараўніка краіны Оз”), мне найбольш падабаўся менавіта Урфін Джус. Змрочны, таленавіты, з неверагоднай сілай волі, не падобны да іншых, нікім не зразуметы ізгой... Вакол – краіна Жавуноў, якія ўвесь час нешта перажоўваюць, як коні, плачуць ці смяюцца і носяць блакітныя капелюшы са званочкамі. А Урфін гадзінамі сядзеў перад люстэркам, каб адвучыць сябе ад дурнога жавання, насіў зялёны капялюш без брылоў, і змог адзін стварыць армію! Ночы не спаў, калі трэба, высільваўся… Гэта – герой. Не параўнаць з напханымі саломай асэксуальнымі пудзіламі. У “Айвенга” Вальтара Скота мяне ўражваў магутны і таксама змрочны рыцар-храмаўнік Брыан дэ Буагільбер, які пакахаў прыўкрасную габрэйку, і чыё сэрца разарвалася ад забароненага кахання. У аповесці Стывенсана “Дом на дзюнах” я была на баку дзёрзкага Норсмара, якога таксама так і не пакахала гераіня. Вельмі любіла герояў Аляксандра Грына, толькі не дурнічку Асоль, а Фрэзі Грант ды іншых пратэстных персанажаў, якія ўзлятаюць без прыстасаванняў для таго, каб заваліць аэраплан, які абражае ідэю палёта. Вобразы выклятых, незразуметых, беспрытульных вучоных, паэтаў, інсургентаў падабаліся мне куды больш, чым “цукровыя” героі. Ну і без іроніі ніяк. Гашака і Твэна перачытвала шмат разоў.

3. Які са сваіх твораў вы лічыце найбольш цікавым для дзяцей ці падлеткаў?

Кожны твор мае сваю ўзроставую аўдыторыю. “Прыгоды мышкі Пік-Пік” – для малодшых, “Казкі бабулі Юстыны” – для сярэдняга ўзросту, “Авантуры Пранціша Вырвіча” – для падлеткаў... Але зноў жа – падзел умоўны, я ведаю і дарослых, якія з задавальненнем чытаюць, як шкаляр Вырвіч гойсае па сутарэннях, а мышка Пік-Пік мяняет котку на скрыню шакаладак. Апавяданне “Жалезная Кнопка” і аповесць “Сэрца мармуровага анёла” я адпачатку не прызначала для школьнікаў, а вось жа – якраз самыя “школьныя” творы аказаліся... Так што чытачы самі вырашаць, што ім цікава.

4. Што наогул адрознівае кнігі для дзяцей ад кніг для дарослых?

Гэта толькі здаецца, што дзіцяці можна “ўцюхаць” любую халтуру, хаця гэтым увесь час займаюцца. Насамрэч дзіця падмануць цяжэй, чым дарослага. Яму будзе цікава – альбо не цікава, і ў апошнім выпадку нічога не паробіш. Таму твор для дзяцей павінен быць высокамастацкай літаратурай, у гэтым выпадку ён будзе цікавы і дарослым, і ў чым тады розніца? Хто памятае, што “Прыгоды Рабінзона Круза” і “Прыгоды Гулівера” пісаліся зусім не для дзіцячай аўдыторыі? А што такое “Маленькі Прынц” Сэнт-Экзюперы? А “Тысяча і адна ноч” – для дзяцей хіба?

5. Каго б вы маглі назваць сярод лепшых аўтараў дзіцячых кніг у нашай краіне і ў свеце?

Ад Астрыд Ліндгрэн да Янкі Маўра — імёны вядомыя, ну што тут пералічваць?

6. Што вы чыталі сваім дзеткам?

Для сваіх дзетак я найперш сачыняла ўласныя казкі, дзе героямі былі яны, а дзеянне адбывалася ў нашай кватэры. “Хуліганскае фэнтэзі” пра мышку Пік-Пік стваралася гадамі, расказвалася перад сном... Натуральна, чытала ўголас і кнігі, дзіцячую Біблію на беларускай, беларускія казкі і пераклады на мову дзіцячай класікі. Вершы – ад Багдановіча да Басё. На дзень народзінаў Караткевіча ўвесь вечар уся сям’я слухала вершы Караткевіча.

7. Пра што трэба і пра што нельга пісаць у кнігах для дзяцей і падлеткаў?

Пра што трэба пісаць, вызначае аўтар паводле свайго сумлення – і таленту. І тут адны добрыя намеры ці скандальная рэпутацыя не спрацуюць. Оскар Уайльд, асуджаны за амаральнасць, стварыў трагічную казку пра Салаўя і Ружу, з вельмі жорсткай высновай, але вельмі прыгожую, пасля якой хочацца думаць і дзейнічаць. А якая-небудзь духоўнакарысная кніжачка толькі суму нагоніць. Сённяшнія дзеці, якія глядзелі серыял “Паўднёвы Парк” і “Маленькая мёртвая дзяўчынка Лінор”, знішчылі тысячы монстраў у сецевых гульнях і заўсёды ведаюць, “хто забіў Кені”, не ацэняць “сю-сю”, пра што яшчэ цудоўны крытык Варлен Бечык напісаў артыкул. Здольнасць да самастойнага мыслення не выхоўваецца на “аднамерных” кніжках. А нельга пісаць, вядома, тое, за што і Крымінальны Кодэкс не ўхваліць.

Мне асабіста вельмі б хацелася, каб у айчынных дзіцячых кнігах ненавязліва ствараўся вобраз беларускай гісторыі, нацыянальных герояў, ну вось як у “Прыгодаў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” Пятра Васючэнкі ці ў нядаўняй кнізе Сержа Мінскевіча “Усмешка жалобнай каралевы”. Ну а падлеткам неабходна даць рамантычнага беларускага героя!

8. Чаго бракуе беларускім аўтарам дзіцячае літаратуры?

Іх надта мала!

9. Вашая парада творцам, што спрабуюць сябе на ніве дзіцячай літаратуры.

Пісаць так, каб было цікава самому. Ствараць не шыльду на заказ, а паўнавартаснае жывапіснае палатно, без халтуры. Правяраць на малых чытачах – агучце ім свой твор у нефармальнай абстаноўцы і папрасіце абмеркаваць, пачуеце шмат цікавага. Адрасуйцеся не абстрактнаму дзіцяці, а самому сабе ў дзяцінстве. Што вам тады хацелася пачытаць?

Пытанні задаваў Усевалад Сцебурака

На фота: Людміла Рублеўская, аўтар фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"