МІЖНАРОДНАЯ ПРЭМІЯ – У БЕЛАРУСКАЙ ПАЭТЭСЫ

Вядомая паэтэса, перакладчыца, старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Ніна Мацяш уганаравана прэстыжнай Міжнароднай літаратурнай прэміяй Украіны імя Рыгора Скаварады.
Уручэнне прэміі адбылося 28 сакавіка. У Белаазёрск, дзе жыве паэтэса, прыехалі супрацоўнікі Амбасады Украіны ў Беларусі на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Украіны Ігарам Ліхавым, журналісты, а таксама група беларускіх пісьменнікаў: Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Алесь Пашкевіч, Валер Стралко.
Адбылося ўручэнне ганаровага медаля згаданай прэміі, а таксама грашовага “дадатку”. У сваім выступленні Пасол Ігар Ліхавы адзначыў прафесійны талент беларускай пісьменніцы, пажадаў ёй новых перакладаў і аўтарскіх кніг. Лаўрэатка падкрэсліла блізкасць культураў ды нацыянальных лёсаў беларускага і ўкраінскага народаў.
Прамовы гаспадыні ды гасцей перайшлі ў сяброўскі абед, падчас якога найбольш частымі словамі былі, натуральна, Беларусь, Украіна і літаратура.
Ганарова ўсведамляць, што незалежныя нацыянальныя творцы Беларусі ўсё больш адзначаюцца міжнароднымі прэміямі, у той час як адэкватныя ўзнагароды сваёй дзяржавы “няправільных” (як іх з горкай іроніяй ахрысціла прэса) літаратараў мінаюць ужо не першы год...