Магілёўскія літаратары выступілі ў Смаленску

Герб Смаленска

Арганізатарамі сустрэчы сталі Магілёўскае гарадское аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Рускае таварыства» (старшыня Алена Апідовіч), Грамадская арганізацыя «Смаленская абласная арганізацыя Саюза пісьменнікаў Расіі» (старшыня Алег Дарагань), Магілёўскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” (старшыня Мікола Яцкоў) і Магілёўскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (старшыня Уладзімір Дуктаў).

Ля помніка А. Твардоўскаму і В. Цёркіну. Вечны агонь ля старажытных муроў.

На смаленскай плошчы Перамогі ля помніка Аляксандру Твардоўскаму і яго герою Васілю Цёркіну пачалася пешаходная экскурсія па гістарычным цэнтры горада. Літаратарам з Магілёва было цікава даведацца пра гісторыю Смаленска і пра тое, што цесна звязвае яго з Беларуссю. 

Ля помніка вайны 1812 г. і ля Успенскага сабора.

Пасля экскурсіі магілёўцаў запрасілі ва ўпраўленне Смаленскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі. Тут адбылося знаёмства з літаратарамі. У нязмушанай гутарцы за гарбатай старшыня Алег Дарагань прадставіў прысутных мясцовых паэтаў, пісьменнікаў, распавёў пра дзейнасць Смаленскай пісьменніцкай арганізацыі. 

Выступае Алег Дарагань. Госці ўважліва слухаюць паэтэсу і драматурга Вольгу Сяргееву.

У сваю чаргу, прадставіліся і госці з Беларусі  —  літаратары Мікола Яцкоў, Марына Сліўко, Надзея Палубінская і Наталля Кажэўнікава, аўтары-выканаўцы Ірына Зузіна і Мікалай Краўчанка. Гучалі вершы на рускай і беларускай мовах, выказваліся прапановы па пашырэнні супрацоўніцтва, сяброўскіх і творчых сувязяў.

Пісьменнік Анатоль Аляксандраў і Алена Апідовіч. Вера Суханава. Мікалай Краўчанка.  Знаёмства з новымі выданнямі смаленскіх літаратараў.

У гарадской муніцыпальнай сацыяльнай бібліятэцы № 8 сябрамі аб’яднання “Смаленск літаратурны” была арганізавана арт-сустрэча з беларускімі гасцямі. На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, чытачы бібліятэкі. 

Наталля Кажэўнікава. Марына Сліўко. Ірына Зузіна. Надзея Палубінская.

Гучалі вершы на рускай і беларускай мовах Марыны Сліўко, Наталлі Кажэўнікавай, Надзеі Палубінскай, аўтарскія песні ў выкананні Ірыны Зузінай. 

Выступае Мікола Яцкоў. Кнігі з Магілёўшчыны атрымлівае дырэктар бібліятэкі Святлана Герасімук.

Фотаздымак на ўспамін.

Мікола Яцкоў распавёў пра беларускія вытокі смаленскай творчай прасторы і ў якасці прыкладу зрабіў невялікі моўны аналіз творчасці старэйшага смаленскага паэта Віктара Смірнова. Таксама спадар Яцкоў прадставіў слухачам пераклады на беларускую мову вершаў вядомай смаленскай паэтэсы Веры Суханавай (пераклала Ала Яцкова) і выканаў некалькі песень на вершы гэтай паэткі. У якасці падарунка М. Яцкоў перадаў бібліятэцы стос кніг, выдадзеных сябрамі СБП, а таксама літаратурныя альманахі “Брама”, “Новы Замак” і “Жырандоля”.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП

Фотаздымкі Мікалая Чапурных і Алены Апідовіч.