Магілёўцы выкупілі рарытэтную кнігу

У Магілёве ледзь сабралі 500 долараў для ўратавання ўнікальнага выдання. Рарытэтная на сёння кніга “Часоўнік” была выдадзена ў магілёўскай друкарні пры Богаяўленскім праваслаўным брацтве яшчэ ў ХVII стагоддзі. Згодна з папярэдняй экспертызай, якую праводзілі спецыялісты, кніга пабачыла свет прыкладна ў 1773 годзе ў друкарні, заснаванай яшчэ Спірыдонам Собалем. І хто б ведаў, што на пачатку XXI стагоддзя ні Міністэрства культуры Беларусі, ні магілёўскія ўлады не зробяць роўным лікам нічога, каб рэдкая кніга засталася на Радзіме…


Гэтая гісторыя распачалася яшчэ месяц таму. Мінскі студэнт, актывіст грамадскага аб’яднання “Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Андрэй Радкоў заўважыў, што рарытэтны “Часоўнік” выстаўлены на продаж на адным з інтэрнэт-аўкцыёнаў. Прычым уладальнік кнігі - прыватны калекцыянер - прасіў за рарытэтны лот адносна невялікую суму грошай.

Радкоў - вядомы энтузіяст па ўратаванні культурніцкай спадчыны Беларусі. Напрыклад, дзякуючы ягоным намаганням, у мінулым годзе быў арганізаваны збор сродкаў, каб на інтэрнэт-аўкцыёне выкупіць Метрычную кнігу (1759--1807) Ішкалдскага касцёла. Вось і гэтым разам Андрэй вырашыў: каб “Часоўнік” не дастаўся выпадковым перакупшчыкам антыкварыяту, бо потым кошт кнігі ўзрос бы ў разы, выкупіць яе і пакінуць друкаваны рарытэт на Радзіме. А дакладней - перадаць “Часоўнік” Магілёўскаму музею гісторыі. І ён дамовіўся з уладальнікам “Часоўніка” аб тым, што выкупіць кнігу. Сышліся на кошце 500 долараў.

Аднак у студэнта і такой адносна невялікай сумы грошай не было. Андрэй Радкоў звярнуўся да неабыякавых людзей: дапамажыце пакінуць рарытэтную кнігу на Радзіме! Быў адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў. Адгукнуліся многія, але ў асноўным прыватныя асобы. Дапамаглі магілёўскія прадпрымальнікі, паўдзельнічаў у зборы сродкаў адзін з жыхароў Германіі, дырэктар музея гісторыі Магілёва пералічыў ажно 1,6 млн рублёў… А вось магілёўскія ўлады ўвесь гэты час робяць выгляд, што іх гэта справа не тычыцца. На розныя забавы яны маюць грошы, а нейкіх 500 долараў, каб аплаціць сапраўдны кніжны рарытэт, пашкадавалі.

Згодна з дамовай, разлічыцца за “Часоўнік” Андрэй Радкоў павінен да 15 снежня. Па інфармацыі “Народнай Волі”, неабходная сума да вызначанага дня будзе сабрана… Такім чынам, рарытэт застанецца ў Беларусі.

Але ўдумайцеся: амаль ніводная дзяржаўная ўстанова не адгукнулася на заклік! Ганебна прамаўчала нават Міністэрства культуры, у магілёўскіх уладаў не хапіла розуму не толькі выдаткаваць грошы, але хаця б і абвясціць пра цэнтралізаваны збор сродкаў для ўратавання “Часоўніка”.

На дзяржаўным узроўні не змаглі знайсці смешную суму ў 500 долараў, у той час, калі шалёныя грошы трацяцца на ўзвядзенне лядовых палацаў, аквапаркаў ды правядзенне “Дажынак”… Але што застанецца нашым нашчадкам, чым яны змогуць ганарыцца -“Дажынкамі” ці культурнай спадчынай? Чаму дзяржава не зрабіла нічога для ўратавання рэдкай беларускай кнігі?

Старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч не здзіўлены такім падыходам з боку дзяржавы:

- У Беларусі вялікая трагедыя. Яна была і за савецкім часам, яна застаецца і цяпер - гэта фінансаванне культуры па астаткавым прынцыпе. У Беларусі ёсць быццам бы шмат адказных за культуру і гістарычную спадчыну - адпаведнае міністэрства, цэлы Дэпартамент па архівах і справаводстве, адмысловыя аддзелы у выканкамах, інстытутах, бібліятэках і іншых дзяржаўных установах. Але…

З моманту атрымання Беларуссю незалежнасці (а гэта ўжо 20 гадоў) у краіне на дзяржаўным узроўні не была арганізавана ні адна археаграфічная экспедыцыя. Архіўны фонд папаўняецца толькі сучаснымі дакументамі цяперашняга справаводства. Пры гэтым у Беларусі недаследаванымі застаюцца шмат метрычных кніг, кніг хростаў, кніг смерцяў, летапісаў цэркваў, касцёлаў… І ўсё гэта не выяўляецца, не даследуецца. Таму што ў таго ж Дэпартамента па архівах і справаводстве пактычна няма ні капейкі грошай.

Што датычыцца канкрэтна “Часоўніка”, то, сапраўды, 500 долараў - гэта не такая вялікая сума. Але ж калі ў міністэрстве ці дэпартаменце няма адпаведнага артыкула расходаў, то дзяржава і не будзе імкнуцца выкупляць рарытэтную кнігу. Ні гэтую, ні іншую.

Можна, канечне, ставіць пытанне пра недахоп фінансавання галіны культуры. Але на недахоп сродкаў можна “спіхнуць” любую дзяржаўную бяздзейнасць. Ёсць у краіне людзі, “прафесіяналы” ад культуры, якія сядзяць на акладзе і працуюць у розных установах. І ім прасцей спісаць усё на недахоп грошай, але пальцам не паварушыць (я ўжо не кажу, каб працаваць з энтузіязмам). Па вялікім рахунку, што, тыя ж адміністрацыі магілёўскіх музеяў не маглі абвясціць збор грошай? Маглі! Чаму яны не ўбачылі, што рэдкая кніга выстаўлена на продаж? Чаму яны не забілі ў званы, не паклапаціліся, зразумеўшы, што мы можам назаўсёды страціць сапраўдны рарытэт?.. Але ніхто з іх нічога не зрабіў. Таму што атрымліваць аклад, працуючы ў галіне культуры, і рупіцца пра культуру - гэта розныя рэчы. І зараз мы маем тое, што маем: рарытэтныя выданні ратуюцца энтузіястамі… 

Віталь Гарбузаў

nv-online.info