Магілёўцы-пісьменнікі – пра абаронцаў Айчыны

Школьная літаратурна-музычная імпрэза была прысвечана Дню абаронца Айчыны, яе тэму суправаджала тэматычная відэапрэзентацыя, падрыхтаваная намаганнямі настаўніц беларускай мовы і літаратуры Святланы Грахольскай і Наталлі Прасаловіч. У выкананні вучняў прагучалі вершы беларускіх паэтаў і песні на ваенную тэматыку.

Cвае фарбы ў канву імпрэзы ўнеслі госці-літаратары: Яраслаў Клімуць расказаў пра сваё асабістае стаўленне да вайны і пра тое, як ваеннае ліхалецце зачапіла прадстаўнікоў беларускай літаратуры; Сяргей Украінка чытаў свае вершы на ваенную тэматыку; Алесь Казека, маёр у адстаўцы, расказаў пра стварэнне сваёй паэмы “Марыйка” і прачытаў урывак з гэтага твора. Мікола Яцкоў расказаў пра баявы шлях трох магілёўскіх літаратараў – Аляксея Пысіна. Васіля Карпечанкі і Фелікса Шкірманкова. Аповед быў праілюстраваны архіўнымі матэрыяламі – узнагароднымі лістамі, дзе апісваюцца подзвігі гэтых людзей.

Напрыканцы Мікола Яцкоў ўнёс у імпрэзу элемент нечаканасці: звязаўся па тэлефоне са спадаром Шкірманковым (якому, дарэчы, у траўні гэтага года спаўняецца 90 год)  і папрасіў сказаць слова маладым слухачам. Над глядзельнай залай узнёсла  прагучаў зварот пісьменніка-ветэрана, які быў сустрэты шчырымі апладысментамі.

У бібліятэку школы былі перададзеныя апошні выпуск літаратурнага альманаха “Брама” і кнігі Бібліятэкі СБП “Кнігарня пісьменніка”.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП, фотаздымкі Святланы Грахольскай, Наталлі Прасаловіч.