“Магутны народ, які быў, ёсць і будзе” — кніга “Мастак” Тараса Шаўчэнкі прэзентаваная ў Мінску

Вядучы прэзентацыі, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч павітаў усіх прысутных і падзякаваў за дапамогу ў выданні кнігі Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаілу Ежэлю і Ганароваму Консулу Украіны ў г. Гродне Валянціну Байко.

Цягам вечара гучалі вершы Тараса Шаўчэнкі на беларускай і ўкраінскай мовах.

Валерый Джыгун

— У часы, калі Украіна перажывае ліхую гадзіну, мы вітаем усіх тых, хто прыйшоў сёння, каб ушанаваць памяць Кабзара і такім чынам падтрымаць украінскі народ. Для ўкраінцаў творы Тараса Шаўчэнкі — фундамент нацыі, і сам Кабзар як філосаф натхняе нас на паляпшэнне жыцця і барацьбу, падштурхоўвае да дзеяння ў той час, калі руйнуецца міжнародна-прававы механізм, вызначаны сусветнай супольнасцю, у дачыненні да Украіны. Выхад гэтай кнігі — як крок падтрымкі нашага народа, — адзначыў Валерый Джыгун, саветнік-пасланнік Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, і высока ацаніў працу перакладчыка Валерыя Стралко, падзякаваўшы таксама ўсім, хто паспрыяў з’яўленню кнігі “Мастак”.

Барыс Пятровіч

На імпрэзе выступілі, распавёўшы пра сваё бачанне беларуска-ўкраінскіх узаемасувязяў, постаці Тараса Шаўчэнкі і дзейнасці перакладчыка Валерыя Стралко вядомыя беларускія літаратары, грамадскія і культурныя дзеячы: акадэмік Радзім Гарэцкі, паэты Алесь Гібок-Гібкоўскі, Леанід Дранько-Майсюк, Васіль Зуёнак, акадэмік, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч, мовазнаўца Пятро Садоўскі, Старшыня Беларускага Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

Злева направа: Радзім Гарэцкі, Міхась Міцкевіч, Валерый Дубоўскі

 

Алесь Пашкевіч

Андрэй Хадановіч

— Нягледзячы на тое, што жыву ў Беларусі, але амаль усё маё жыццё, з 1969 года, шчыльна звязана з Украінай, таму зараз мне цяжка гаварыць. Бяда нашага рэгіёна ў тым, што многія ягоныя насельнікі ўспрымаюць сваю зямлю не як Айчыну і Радзіму, а проста як тэрыторыю для існавання, з’яўляюцца такія ж маладыя пакаленні, і гэта страшна.

Для Шаўчэнкі Украіна была сапраўднай Айчынай. З усёй перакладзенай спадчыны Кабзара кніга “Мастак” зойме ўнікальнае месца, бо ў ёй — і прадмова ўкраінскіх акадэмікаў, і вершы і ўрыўкі з паэм, і аповесць. Гэтае выданне яскрава паказвае, што значыць Шаўчэнка для Украіны і Украіна для Шаўчэнкі.

На маіх вачах Украіна, якую я люблю ўсім сэрцам, была рознай, была савецкай. Аб’ехаўшы ўсю Украіну, літаральна абышоўшы яе пехам, магу сказаць, — яна для мяне адна, ад Палесся да Чорнага мора, у тым ліку Крым.

Гляньце на Украіну не як на прадмет меркантыльных інтарэсаў, а як на вялікі народ. Люблю Украіну за тое, што можна, едучы разам з хлопцамі-ўкраінцамі з Кіева да Ужгарада, усю дарогу спяваць народныя песні, і ніводная з іх не паўторыцца. Такі гэта магутны народ, які быў, ёсць і будзе, — адзначыў паэт, публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Сяргей Законнікаў.

Сяргей Законнікаў

Павіншавала беларусаў і ўкраінцаў з 200-годдзем вялікага Кабзара, расказала пра даўняе супрацоўніцтва з Валерыем Стралко Вольга Гулева — загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага літаратурнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Віктар Гутоўскі 

— Украінцам прыемная ўвага беларускай інтэлігенцыі і выказаная ёй пашана да твораў Тараса Шаўчэнкі, да перакладаў Валерыя Стралко, — распавёў Віктар Гутоўскі, кіраўнік украінскай дыяспары ў Беларусі.

— Ажыятаж, які створаны сёння ў асноўным маскоўскімі СМІ вакол Украіны, ёй зусім не патрэбны. І ў сувязі са святкаваннем 200-годдзя Тараса Рыгоравіча, варта ўспомніць, як пісаў пясняр пра незалежнасць і свабоду, — спадар Віктар працытаваў у арыгінале вершы Кабзара і дадаў:

— І хаця Украіна не падрыхтаваная да сённяшніх трагічных падзей, не мае вялікай вайсковай сілы, але яна можа зразумець, што межы яе непарушныя, што за яе незалежнасць змагаліся стагоддзямі. Сведчаць пра гэта і геніяльныя лірычныя творы Тараса Шаўчэнкі, і асабліва ягоная праца “Каўказ”, якая займае найбольш адметнае месца ў плане асэнсавання міжэтнічных супярэчнасцей і з’яўляецца актуальнай.

Валерый Стралко

Завяршыў прэзентацыю перакладчык, літаратар, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, неаднаразовы лаўрэат высокіх украінскіх і беларускіх узнагарод і прэмій Валерый Стралко.

Тэкст і фота: ВТ

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"