«Маё мястэчка ў часе і прасторы» — Юры Несцярэнка прэзентаваўся ў Мінску (+ФОТА)

Юры Несцярэнка

Новая кніга сябра СБП Юрыя Несцярэнкі, прысвечаная мястэчку Бялынічы, аказалася цікавай не толькі для ягоных землякоў. Сярод наведнікаў было багата і магілёўцаў, і менчукоў, павіншаваць аўтара з выхадам зборніка прыйшлі калегі-літаратары і музыканты, краязнаўцы і журналісты, проста добрыя знаёмцы і аматары творчасці.

Зміцер Бартосік і Вольга Акуліч

Выступае перакладчык і выдавец Зміцер Колас

У зале

Эдуард Акулін

Вечарына была напоўненая музыкай: спадар Юры вырашыў не засяроджвацца на пераказе зместу "Майго мястэчка..." (многія наведнікі былі ўжо знаёмыя з ім), а болей спяваць, у чым яму дапамагалі аўтар уласных песень і выканаўца Вольга Акуліч, барды Зміцер Бартосік і Эдуард Акулін. Прывітаў Юрыя і Зміцер Колас, у чыім выдавецтве кніга пабачыла свет, выступіла паэтка і літаратурны рэдактар Віка Трэнас.

Зміцер Бартосік, Юры Несцярэнка

Зміцер Бартосік

Вольга Акуліч

Вольга Акуліч, Юры Несцярэнка, Аляксей Кулеш

"Маё мястэчка ў часе і прасторы" напісанае ў жанры краязнаўчай эсэістыкі, або нон-фікшн, які цяпер набывае ўсё большую папулярнасць сярод чытачоў па ўсім свеце. Гістарычныя факты, успаміны старэйшых жыхароў, міфы і легенды, звязаныя з Бялыніччынай і Магілёўшчынай, цесна пераплеценыя тут з эмацыйнай і мастацкай аўтарскай ацэнкай. Шмат увагі надаецца ў кнізе сакральным аб'ектам дахрысціянскай культуры беларусаў, культавым язычніцкім мясцінам, геаграфічным пунктам і тапанімічным назвам, старажытным вераванням нашых продкаў. Кніга багата ілюстраваная архіўнымі фотаздымкамі.

Чарга па аўтограф

Цягам імпрэзы было сказана і пачута шмат цёплых слоў пра кнігу і пра аўтара, праспявана многа харошых песень. Гледачы яшчэ доўга не адпускалі Юрыя Несцярэнку, знаёміліся і камунікавалі паміж сабой, дзяліліся ўспамінамі пра родныя мясціны, фатаграфаваліся і бралі ў літаратара аўтографы.         

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"