“Маўклівыя сумныя птушкі” Венанцы Бутрыма

Выйшла празаічная кніга баранавіцкага пісьменніка Венанцы Бутрыма “Маўклівыя сумныя птушкі”, якую склалі апавяданні, аповесці і эсэ літаратара.

“Венанцы Бутрым дэбютаваў як празаік, калі яму было амаль сорак гадоў. За ягонымі тэкстамі паўстае чалавек няпросты, патрабавальны да сябе і іншых, разважлівы і ўдумлівы, які не ставіў за мэту ўсім падабацца. Ён проста жыў –  пісаў пра тых людзей, што былі вакол яго, пра падзеі, што перажыў і бачыў, але найперш слова ягонае –  пра любімую шматпакутную Беларусь”, –  гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

Прадмову да “Маўклівых сумных птушак” напісаў Барыс Пятровіч (Сачанка).

Бутрым Венанцы Вікенцевіч нарадзіўся ў 1936 годзе ў г. Баранавічы. Працаваў настаўнікам у школе, мастаком у майстэрнях Мастацкага фонду, пісаў вершы і прозу. У літаратуры дэбютаваў у 1976 г. Аўтар кніг паэзіі: “У барвах зямлі” (2001), “Паралелі” (2003), “В пространстве и времени” (2007). Памёр у 2003 годзе.

Прэсавая служба СБП