Макулатура як мастацтва

За гэты час пабачыла свет шэсць тэматычных выпускаў, праект паспеў зладзіць імпрэзы ў Мінску, Празе, Бабруйску, Гародні, адбыліся выставы ілюстрацый у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і ў Галерэі Саюза дызайнераў. У вечарынах “Макулатуры” бралі ўдзел яскравыя беларускія пісьменнікі і мастакі, а таксама Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл. “Макулатура” выявілася як культурны феномен.

Літаратурна-мастацкі часопіс. Бадай, у дадзеным выпадку дакладней і не скажаш – і літаратурная, і мастацкая часткі “Макулатуры” з’яўляюцца важкімі, раўназначнымі. Той выпадак, калі звыклы тэрмін набывае новае жыццё і сапраўды раскрываецца напоўніцу. У культурным жыцці Беларусі праект стаўся тым, чаго бракавала, і гэта знаходзіць пацверджанне як у незгасальным імпэце стваральнікаў часопіса, так і ва ўсё большай папулярнасці і запатрабаванасці “Макулатуры”. Новыя імёны, новыя падыходы. Пляцоўка стала стартавай для многіх маладых мастакоў і пісьменнікаў, дала магчымасць выказацца, прыўнесці сваё – без шаблонаў, ціску і межаў кшталту “трэба толькі вось так і гэтак, астатняе – не мастацтва і ўвогуле ад лукавага”. Ілюстрацыі, зробленыя ў розных тэхніках, індывідуальныя па стылі і арыгінальныя па выкананні, не толькі адлюстроўваюць вобразнае мастацкае ўспрыманне літаратурных тэкстаў, але і з’яўляюцца самастойнымі і скончанымі працамі. Многія творцы называюць для сябе “Макулатуру” свежым паветрам, а “Макулатура”, у сваю чаргу, імкнецца паказаць, што менавіта смелыя, здольныя на эксперыменты аўтары ствараюць будучыню як для літаратуры, так і для ўсіх плыняў мастацтва.

Заснавальнікі часопіса, пісьменнік Сяргей Календа і мастачка Васіліса Паляніна-Календа, падкрэсліваюць: “Макулатура” абапіраецца на дзве рэчы – свабоду творчасці і максімальную незалежнасць. Канечне, а чаго яшчэ чакаць ад маладой крыві? Вера ў сябе, упэўненасць у сваім, задача – змяніць свет. Вымалёўваецца такая сабе перспектыўная літ-арт-суполка.

Васіліса Паляніна-Календа

Як гэта – быць галоўным мастаком часопіса “Макулатура”?

Гэта прыўкрасны досвед. Я заўсёды захаплялася людзьмі, якія маглі пісьменна і правільна арганізаваць супольную мастацкую дзейнасць, – куратарамі, рэдактарамі, дырэктарамі… Я не адказная за чужую працу, маю на ўвазе – за працу, што рабіла не я, аднак адчуваю вялікую адказнасць за тое, што раблю цяпер, бо быць мастаком і быць мастацкім кіраўніком – абсалютна розныя рэчы. Першае выклікае ў мяне менш пэўных унутраных пытанняў, чым другое. Безумоўна, дзякуючы гэтаму ты шмат чаму вучышся і атрымліваеш карысны вопыт у іншай плыні, як для мастацкага, так і для сацыяльнага развіцця. Калі ты кіруеш праектам, ты павінен больш ведаць, больш камунікаваць, сачыць за мастацкім жыццём і ўмець правільна данесці задачу. Гэта пэўнае развіццё ў першую чаргу для мяне самой, а чым больш досведу і інфармацыі ты атрымліваеш, тым больш насычаешся ўнутрана.

Ці можна лічыць каманду мастакоў “Макулатуры” асобнай творчай суполкай, групай?

Так, кожная каманда – апрыёры асобная суполка. У нашым праекце дастаткова ярка праглядаюцца акцэнты на канкрэтных тэмах – незалежнага мастацтва, свабоды эксперыментаў, разбурэння абмежаванняў, іроніі над стэрэатыпамі, захаплення смелымі і інавацыйнымі падыходамі як у тэхнічным, так і ў псіхалагічным сэнсе.

Чым адрозніваецца “макулатурнае” мастацтва ад іншага?

Мы не гонімся за поспехам ці моднымі плынямі. Мы не камерцыйны праект, не выглядаем як глянец і не выкарыстоўваем эпатажныя падыходы дзеля прыцягнення ўвагі. Мы робім тое, што нам падабаецца, што для нас важна, тое, аб чым нам хочацца распавесці. Часта гэта невясёлыя тэмы, часта ў тэкстах і ілюстрацыях больш дэпрэсіўнасці, чым пазітыву. Жыццё з усімі недахопамі, выпрабаваннямі і цяжкасцямі робіцца для нас формай абсурду і формай нашага разважання над ім. Мы не саромеемся паказаць тое, што нас хвалюе. Мы не саромеемся раскрываць шматграннасць кожнага з нас, выварочвацца навыварат, выклікаць непрыманне – як заўгодна, галоўнае быць шчырымі ў сваіх дзеяннях.

Як лічыш, ці можна назваць арт-суполку “Макулатуры” феноменам?

Беларуская мастацкая прастора пакуль што дастаткова вузкая. І, канечне, у нашай краіне такі праект можна вылучыць нават з той нагоды, што ў “Макулатуры” няма канкурэнцыі, няма хаця б аднаго часопіса, які працуе ў нашым фармаце. Назваць арт-суполку “Макулатуры” феноменам? Не ведаю, надта гучна сказана. Але тое, што мы робім, дадае нам жадання развівацца, рабіць нешта значнае, а ўсведамленне таго, што мы сталі першымі ў гэтым ключы, дадае нам больш адказнасці, але і больш упэўненасці ў дзеяннях. З аднаго боку, мы працягваем старую добрую традыцыю ілюстравання літаратурных тэкстаў, як гэта рабілася яшчэ ў старажытным Егіпце, з іншага, мы мяняем начынне звыклых нам рэчаў, спрабуем знайсці новыя падыходы, смелыя рашэнні і шчырыя вобразы. Арт-“Макулатура” – гэта лад жыцця кожнага мастака, кожнага аўтара. “Макулатура” – гэта пункт гледжання на сучасную рэчаіснасць. Калі кагосьці ён кране настолькі, што натхніць на рух яму ўслед, – хай часопіс называецца феноменам.

ЧЫТАЙЦЕ ДАЛЕЙ НА BUDZMA.BY

Ліда Наліўка, Сяргей Календа, budzma.by