Маладыя паэты адмовіліся ад запрашання чаргінцоўскага саюза

Круглы стол, прысвечаны маладой літаратуры, мае адбыцца 9 лютага. Ладзяць яго афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі ды холдынг «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ»).
Адзін з запрошаных — паэт Віталь Рыжкоў, чыя кніга «Дзверы замкнёныя на ключы» рыхтуецца да другога выдання. Як сказаў Віталь, ён быў вельмі здзіўлены запрашэннем:
«Я быў здзіўлены — запрашалі чамусьці па-расейску. Адзінае беларускае слова, якое прагучала з вуснаў дзяўчыны, якая мяне запрашала, гэта была абрэвіятура «ЛіМ».
Рыжкоў ад запрашэння адмовіўся: ён мяркуе пайсці толькі на сваю аўтограф-сэсію, якая пройдзе 9 лютага а 14-й на стэндзе кнігарні «Логвінаў».
Запрашэнні паступілі не толькі паэтам, якія не ўваходзяць ні ў якія творчыя аб’яднанні, як Віталь Рыжкоў.
На кніжную выставу запрасілі сяброў і недзяржаўнай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Анатоля Івашчанку і Усевалада Сцебураку. Яны таксама адмовіліся.
«Я не думаю, што гэта будзе карысна і патрэбна. Гэта хутчэй будзе для вонкавай прадстаўнічасці гэтага форуму. Наколькі я ведаю, не я адзін адмовіўся… Я стаўлюся да саюза, створанага штучна, — думаю, як усе свядомыя, адэкватныя людзі, якія разумеюць, што гэта прафанацыя. Удзельнічаць у ёй не карысна ні для творчасці, ні для прыватнай асобы. І пазней будзе сорамна за такія хады. Гэта не ёсць дыялог паміж нейкімі там плынямі…», — сказаў У. Сцебурака.
На фота: Усевалад Сцебурака і Віталь Рыжкоў (budzma.org, radzimaphoto.com)