Малая Багацькаўка можа страціць музэй Гарэцкага

Райвыканкам вырашыў высьветліць, як да такой ідэі ставяцца жыхары раёну. Канкрэтыкі наконт пераезду музэю зь вёскі ў райцэнтар пакуль не падаецца.

Тым часам з намерамі райвыканкаму ня ўсе пагаджаюцца. Паводле апанэнтаў, калі перавезьці музэй зь вёскі ў горад, будзе страчаная атмасфэра, у якой узгадаваўся Максім Гарэцкі як літаратар і грамадзкі дзеяч.

Бярвеньне гніе і парахнее. Атакуюць музэй мышы

У аддзеле ідэалягічнай працы кажуць, што прапанова перавезьці музэй паступіла ад адной зь ягоных наведніц, якая падчас сёлетніх «Дажынак» пабывала ў Малой Багацькаўцы. Сярод прычынаў, як патлумачылі службоўцы, госьця назвала аддаленасьць музэю ад гораду. Мяркуецца, што шкоды хаце пераезд не нанясе, бо яна навабуд, а не аўтэнтычнае збудаваньне.

«Ідэя нам гэтая спадабалася, але мы вырашылі правесьці апытаньне жыхароў. Вядзём дасьледаваньне грамадзкай думкі. Вынікі пакуль не падводзілі, але папярэдне нямала людзей выказваюцца ў падтрымку такой ідэі. Калі будзе ясна, што людзі ня супраць, то будзем плянаваць пераезд музэю зь вёскі ў горад», — сказала супрацоўніца аддзелу ідэалягічнай працы Мсьціслаўскага райвыканкаму.

Шыльда на сьцяне музэю пра Максіма Гарэцкага

Шыльда на сьцяне музэю пра Максіма Гарэцкага

У прыватных гутарках службоўцы адзначаюць, што будынак музэю ў вёсцы занепадае. Сёлета хату атакавалі мышы, якія грызуць экспанаты. Год ад году усё болей бярвёнаў гніе і парахнее. Іх точыць шашаль. Дах таксама трэба рамантаваць, бо цячэ, асабліва па коміне.

«Добра відаць, што бярвёны зьнізу згнілі. Парахня адна засталася. Як палкай торкнеш, дык яна лёгка ўходзіць усярэдзіну, а бярвеньне сыплецца», — расказала пра стан музэйнай сядзібы жыхарка Малой Багацькаўкі.

У музэі ў горадзе можа быць больш наведнікаў

У Малой Багацькаўцы нарадзіўся Максім Гарэцкі. На мясцовых могілках пахаваныя ягоныя бацькі.

Літаратурны музэй тут адкрылі ў 1993 годзе. У адной палове сялянскай хаты — экспазыцыя пра творчы і жыцьцёвы шлях Максіма Гарэцкага і ягоных блізкіх. Другая яе этнаграфічная палова — перадае абстаноўку сялянскага побыту, у якім жылі Гарэцкія.

«Дзеля гэтага музэю нам хоць дарогу пралажылі, а то сядзелі б у гразі», — прыгадала вяскоўка.

Паводле яе, наведваюць музэй ня дужа часта. Больш за ўсіх, заўважыла яна, прыяжджаюць на экскурсіі школьныя дэлегацыі.

Спарахнелае бервяно ў вянцы

Спарахнелае бервяно ў вянцы

«Наш голас наўрад ці пачуюць. Як вырашыць райвыканкам, так і будзе», — адказала кабета на пытаньне, ці патрэбен музэй вёсцы».

«Можа, ён у горадзе больш карысьці дасьць, чым стоячы ў нас. Больш народу будзе хадзіць ды плаціць за экскурсіі. Цяпер жа ўсё дарагое. А сюды прыедзь, дык трэба паліва набыць. Бэнзін дарагі. Машыну наняць таксама дорага», — падсумавала жыхарка Малой Багацькаўкі.

Сытуацыя з музэем Гарэцкага паказвае, як папулярызуецца нацыянальная спадчына

Сёлета магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы падчас візыту ў аблвыканкам засяродзілі ўвагу намесьніка старшыні Валерыя Малашкі на гаротным стане музэю ў Малой Багацькаўцы . Адказу на пытаньне, як улада зьбіраецца ратаваць музэй, рупліўцы беларушчыны не атрымалі.

Падгнілыя дошкі

Падгнілыя дошкі

Штогод тэбээмаўцы выпраўляюцца на радзіму Гарэцкага, каб дапамагчы падрыхтаваць «ягоную хату» да зімы.

«Сытуацыя з музэем Гарэцкага паказвае, як у нас наагул папулярызуецца нацыянальная спадчына, спадчына нашых літаратараў, у тым ліку і братоў Гарэцкіх, — кажа старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.

«Ні ў кога не ўзьнікае думкі, каб перанесьці з Завосься музэй-сядзібу Міцкевічаў у Берасьце ці Баранавічы. Там таксама сядзіба навабуд, толькі падмуркі аўтэнтычныя. Ніхто ня думае, каб перанесьці сядзібу Рэпіна са Здраўнёва ў Віцебск. Таксама б, відаць, наведнікаў паболела», — аргумэнтуе актывіст.

Падгнілыя бярвеньні хаты

Падгнілыя бярвеньні хаты

«Для тых, хто прыяжджае ў такія музэі, важна пахадзіць па сьцежках, палетках, па якіх хадзіў той ці іншы дзеяч, адчуць атмасфэру, якая творцу ўзрасьціла, — працягвае ён. — Як перанясуць музэй у Мсьціслаў, то, вядома ж, больш будзе наведнікаў. Але як будзе дапасоўвацца да мураваных будынкаў старажытнага Мсьціслава драўляная хата музэя Гарэцкага? Пакуль уявіць сабе гэта надта цяжка».

Каб музэй у Багацькаўцы не паўтарыў лёсу дома Гарэцкага ў Горках

Пляменьнік клясыка беларускай літаратуры акадэмік Радзім Гарэцкі таксама не ў захапленьні ад ідэі пераносу музэю з Малой Багацькаўкі ў Мсьціслаў.

Ён прыгадвае сытуацыю ў Горках з домам, у якім жыў Максім Гарэцкі. Падчас падрыхтоўкі райцэнтру да «Дажынак» будынак зьнесьлі, нягледзячы на пратэсты прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія намагалася захаваць дом як гістарычную спадчыну.

У музэі Гарэцкага

У музэі Гарэцкага

«Калі будынак у вёсцы захочуць пабурыць, а ў Мсьціславе новы ўзьвесьці, дык гэта мёртвая справа, — кажа Радзім Гарэцкі. — Разбурыць яны разбураць, а пабудаваць нічога не пабудуюць. На месцы дома Гарэцкага цяпер трава расьце. Абяцалі ж памятны знак паставіць. Ні знака, ні дома няма. Таму і веры ў мяне няма».

На думку суразмоўцы, Мсьціслаў як месца для музэю падыходзіць. Літаратар ня раз бываў у гэтым горадзе. Тым ня менш Радзім Гаўрылавіч заўважае, што Малая Багацькаўка захоўвае дух Максіма Гарэцкага і ягонай радзіны, таму ў ёй і мае застацца музэй.

«Калі б наша дзяржава клапацілася пра мясьціны нашых клясыкаў, то гэта б была зусім іншая справа, — адзначае ён. — Вядома ж, каб мы яшчэ і трошку заможнейшыя былі. Да музэю ад Мсьціслава — дваццаць кілямэтраў…»

Радзім Гарэцкі прыгадаў, як доўга даводзілася пераконваць тагачаснага старшыню абкаму партыі Васіля Лявонава, каб да музэю ў вёску праклалі асфальт. Згадаў ён і мару Ўладзімера Караткевіча, які хацеў, каб Малая Багацькаўка стала часткай «Залатога турыстычнага кольца Беларусі».

Экспанаты пра расстрэл пісьменьніка

Экспанаты пра расстрэл пісьменьніка

«У сядзібу, у якой музэй, прыйшла яшчэ адна бяда. Там розныя жучкі так разьелі хату, што яна можа наагул разбурыцца. Пра гэта пісалі ня раз, але ніхто з гэтымі жукамі не змагаецца. Ды й і вёска сама вымірае. Няма каму і расказаць пра экспазыцыю. Жанчына, якая займалася гэтым і дужа цікава апавядала, цяжка захварэла. Таму праблемаў з музэям багата, і як іх вырашаць, я, калі шчыра, і ня ведаю», — падсумаваў Радзім Гарэцкі.

Магіла бацькоў Максіма Гарэцкага

Магіла бацькоў Максіма Гарэцкага

Радыё Свабода