"Мама Му" завітала да дзетак у Бараўлянскую гімназію

Для дзетак лямцавыя фігуркі, зробленыя адмыслова для спектакля, ажывілі акторкі Вераніка Фаміна, яна ж майстар-стваральнік незвычайнай лямцавай батлейкі, і Бэла Кавалькова. Лялькі выглядалі як жывыя і заварожвалі маленькіх гледачоў сваёй рухомасцю і цеплынёй.

У пачатку сустрэчы бард Таццяна Беланогая ад імя кампаніі “Будзьма беларусамі!” зладзіла конкурс на веданне роднай мовы з прызамі – маляванкамі “Будзьма беларусікамі!”. Маляванка, зробленая паводле анімацыйнага фільма пра гісторыю Беларусі, дасталася толькі пераможцам, але і іншыя дзеткі не засталіся без падарункаў ад кампаніі, атрымаўшы значкі з выявамі цмока. Дзеці вельмі актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне, кожны хацеў паказаць свае веды беларускай мовы. Малыя хутка пераклалі словы “птушка”, “ровар”, “фарба”, “анучка”. А вось слова “крумкач” выклікала сапраўдныя цяжкасці і чамусьці асацыявалася з кракадзілам.

Эмацыйны ўздым, якога акторы звычайна чакаюць у канцы спектакля, быў ужо ў пачатку мерапрыемства. Дзеці так актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе, што практычна ўсе сарваліся з месцаў і з паднятымі рукамі выбеглі да вядоўцы, баючыся, што іх не выслухаюць. Нягледзячы на такі бурны пачатак, дзеці вельмі ўважліва сачылі за жыццём Мамы Му і яе сябра Крумкача падчас спектакля. Больш за тое, яны актыўна ўдзельнічалі ў пастаноўцы: лічылі разам з Крумкачом, адказвалі на пытанні актораў, суперажывалі і, безумоўна, апладзіравалі. А ў канцы казкі, калі кемлівы Крумкач захацеў хуценька прыбрацца ў кароўніку Мамы Му і ўключыў ветрагон, сена з кароўніка паляцела ў залу, і дзеці весела пачалі падкідаць яго ўверх!

У канцы сустрэчы ўсе маленькія гледачы падзякавалі акторам за сустрэчу гучнымі апладысментамі і крыкамі “Дзякуй!”.

У гэтым годзе выйшла кніга яшчэ адной шведскай пісьменніцы – кніга Эвы Суса “Снежны чалавек”. Гэтая кніга і каляндар “Будзьма з беларускай гісторыяй” на 2014 год у якасці падарункаў былі перададзеныя ў бібліятэку гімназіі і ў пасялковую бібліятэку.

Калі вы хочаце, каб вясёлая Мама Му ў выкананні лямцавай батлейкі прыехала ў вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоу для дзетак, пішыце на скрыню razam@budzma.org, і ваш зварот не застанецца без увагі.

Спектакль “Мама Му” ўжо з поспехам прайшоў у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастаноўка разлічаная на школьнікаў малодшага ўзросту.

Каротка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944 г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі пра цудоўную і адважную гарэзу – карову Му, яе сябра-хвалька крумкача Кракса і іх сумесныя прыгоды. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў уганараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.

budzma.org

Фота: Зарына Кандрацьева