Манарха Стэфана Баторыя ўспомнілі ў Магілёве

Стэфан Баторы

Вечарыну, прысьвечаную 480-м угодкам манарха, арганізавала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. Яе госьцем стаў гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Даведацца пра часы і падзеі караляваньня ды княжаньня Баторыя ў канфэрэнц-залю ратушы прыйшло больш за сто чалавек. Вечарына доўжылася больш за дзьве гадзіны.

Выступае Ўладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў зладзіў гістарычнае падарожжа ў другую палову 16 стагодзьдзя.



Князя Трансыльваніі на караляваньне ў Рэчы Паспалітай абралі тады, казаў грамадзе Ўладзімер Арлоў, калі паўночная частка Вялікага Княства Літоўскага была акупаваная войскамі маскоўскага князя Івана Жахлівага. Пад пагрозай захопу апынулася Вільня.

Уладзімер Арлоў

Пасьля абраньня на караля эліта Вялікага Княства Літоўскага доўга не прызнавала Стэфана Баторыя за кіраўніка дзяржавы. Пазыцыя зьмянілася пасьля таго, як ён паабяцаў дапамагчы вызваліць краіну ад акупантаў. Абяцаньне манарх выканаў.

Партрэт Стэфана Баторыя

"Ці ёсьць гістарычныя паралелі нашага часу з часамі Стэфана Баторыя?" – запытаўся ў Арлова карэспандэнт "Свабоды".

«Калі вярнуцца ў часы Баторыя, то мы пабачым, што тады таксама незалежнасьць нашай дзяржавы была пад пагрозай», – зазначыў Уладзімер Арлоў.

У 1577 годзе Стэфан Баторы надаў Магілёву прывілей на самакіраваньне, вядомы як Магдэбурскае права. Горад атрымаў герб і эканамічныя прэфэрэнцыі, што паспрыяла разьвіцьцю гарадзкой гаспадаркі і культуры.

Фота з фондаў Магілёўскай філіі ТБМ

svaboda.org