Маргарыта Аляшкевіч: Лара Крофт у полацкіх сутарэннях

На сайце прэміі імя Гедройца з'явілася рэцэнзія Маргарыты Аляшкевіч на новую кнігу Людмілы Рублеўскай. Дарэчы, сёння, 24 студзеня, адбудзецца прэзентацыя "Авантураў Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега" ў мінскай кнігарні "Кніжны салон" (Калініна, 5). Пачатак у 18.00

 
Маргарыта Аляшкевіч: Лара Крофт у полацкіх сутарэннях

У адным з эпізодаў скарбашукальніцкай сагі Лара Крофт адмаўляецца ехаць у Егіпет — там горача, пясок і галоўнае — усё вядома, піраміды гэтыя, ну-у-удна. І едзе ў Сібір — катацца на сабаках па замерзлым возеры і руйнаваць машыну часу. Гэх, не была ты, дзеванька, у Слуцку XVIII стагоддзя! Там і экзотыкі табе сармацкай пакаштаваць, і цмока жалезнага зваяваць, і ў бочцы з тухлым селядцом фрызуру папсаваць, і на тросах падвясных палётаць, ну і скарб рэдкі пашукаць — усяго ад Людмілы Рублеўскай дасталася б...

 


Знайсці, каб страціць

Рэч Паспалітая напярэдадні падзелаў. Кароль дурэе з каханкамі, князі вядуць бясплённыя і крывавыя бойкі за ўладу. Сюжэт “Авантураў Пранціша Вырвіча…” круціцца вакол пошуку артэфакта, які дасць перавагу аднаму магнату над іншымі, прымусіць спыніць бойкі і аб’яднацца вакол уладара рэліквіі. Як водзіцца, заграбаць жар вялікія людзі будуць чужымі рукамі, дый чытачам зручней атаясамлівацца з людзьмі маленькімі, кшталту шкаляра ці валацужнага лекара, куды нам да Радзівілаў. Што там дакладна за артэфакт — неістотна нават на думку герояў, якія праз яго найболей пацярпяць: “Карона Вітаўта? Скрутак з прадказаннем святога Даўмонта, што каралём павінен стаць уладальнік герба такога ці гэткага? Святы Грааль..?” (с. 67). Так што шукаць будзем зноў дзіду, якая прабіла бок Госпада нашага Ісуса, калі той паміраў на крыжы: тут яна мянуецца рамфеяй, дзідай святога Маўрыкія, дзідай Отана, а вось у “Тэорыі змовы” Уладзіслава Ахроменкі фігуравала выключна як дзіда Лангіна. Як трапіў знакаміты наканечнік у нашыя абшары — гісторыя блытаная (хто хоча разбірацца — гл. с. 91 “Авантураў…”), але калі два сталыя аўтары незалежна адно ад аднаго прыйшлі да карыстання адной рэліквіяй з усяго багацця, якім так спрытна гандляваў экаўскі Баўдаліна, я вельмі спадзяюся, што недарма: напэўна ляжыць тая дзіда ў роднай зямельцы, спрыяе літаратурным ураджаям.
Зрэшты, для сюжэту гэта неістотна. Нават калі б героям удалося адшукаць парэшткі самога Палямона, каб праз аналіз ДНК ці нейкім больш адпаведным XVIII стагоддзю спосабам спраўдзіць легенду пра паходжанне шляхты ад рымскіх патрыцыяў, нічога б з гэтага не выйшла. Па законах жанру артэфакт можна толькі знайсці, але нельга ўтрымаць. А часцей за ўсё яго даводзіцца знішчыць, каб не ў тыя рукі не трапіў — успомнім Індыяну Джонса, які ніводнага трафею да дому не данёс, ці Лару Крофт, ці “Скарбы нацыі”, ці “Дары смерці”, ці (менш тыповы выпадак) “Уладара пярсцёнкаў”. 

А каб не закарцела яшчэ камусьці ў тым самым месцы корпацца, скарбашукальнікі пакідаюць у разрабаванай святыні неймаверны гармідар. Вось і тут: знайшлі знакамітую полацкую бібліятэку — і са смакам кідаліся яе каштоўнымі экспанатамі (у гэтым эпізодзе яскрава бачна, што Людміла Рублеўская — аўтар постмадэрнай эпохі, якая жанглюе — ці, у дадзеным выпадку, шпурляецца — набыткамі папярэдніх эпох і заўжды аглядае саму сябе:“…Вырвіч не мог стрымаць усмешкі, калі падумаў, якую кашчунную карціну пабачаць іхнія наступнікі — скарбашукальнікі ў пакоі мудрасці, які яны сёння так раскалашмацілі” с. 250). Дзіда ў выніку застаецца на месцы — у полацкай зямлі, у недасяжнасці заваленых выбухам лёхаў.

Куды свет коціцца 

Захапляльныя сродкі ў прозе Людмілы Рублеўскай і ў галівудскіх кінаквэстах падобныя, а мэты розняцца. З кніжкай, канечне, можна прыемна прабавіць вечар (чытаецца, дарэчы, надзвычай лёгка), а вось замест шалёных касавых збораў вытворцу-аўтару трэба спадзявацца на такія няўлоўныя рэчы, як умацаванне годнасці цэлай нацыі, хай сабе невялікай. Не дзіва, што адна з лініяў твора — выхаваўчая. Дыдактычная выгіністая шабля ваюе за роўнасць людзей незалежна ад багацця, паходжання, нацыянальнай і полавай прыналежнасці. Сын збяднелага шляхціца, “шарачка”, Пранціш Вырвіч прымярае скуру д’Артаньяна — марыць узначальваць войскі, а ў самога нават зброі няма: фамільную, з гербам Гіпацэнтаўрам, давялося кінуць у інтэрнаце езуіцкага калегіюма ў час “тэрміновай рэтырацыі” — паспешлівых уцёкаў. 

Абражаць гонар шляхціца Вырвіч, аднак, і без шаблі не дасць, праз што перыядычна дастае кпінаў ад свайго раба і настаўніка Бутрыма Лёдніка. Размеркаванне роляў настаўнік — вучань неадназначнае: вучоны муж сапраўды выкладае “дурному хлапчыску” розныя навукі, у тым ліку фехтаванне, правільнае нямецкае вымаўленне і майстэрства валодаць сабой, спрабуе пазбавіць вучня саслоўных забабонаў — але ж і сам атрымлівае ўрок: спярша ад лёсу, які карае доктара за ганарыстасць (пошукі філасофскага каменя спляжылі Бутрыму 10 гадоў жыцця, каштавалі яму ўсёй маёмасці і асабістай волі), затым ад уласнага вучня, які вызваляе алхіміка з інтэлігенцкай пасткі (загубіў жыццё прыўкраснай дзяўчыны — дык ратуй хуценька, а не займайся самаедствам), а потым і ад каханай, якая на практыцы даводзіць, што каханне нашмат лепшае ад філасофскага каменя — і здабыць рэальней, і ў золата ператварае ўсё, а не толькі металы ды вуголле. 

Шматкроць падкрэсленае мяшчанскае паходжанне Бутрыма не адбірае ў яго постаці высакародства, але асноўны ўдар па шляхоцкім самалюбстве загорнуты ў жаноцкасць: Саламея Рэніч, дачка кніжнага гандляра, глядзіцца істотай з лепшага свету, так што Вырвіч перажывае культурны шок, калі атаясамлівае нарэшце чароўны вобраз Сільфіды-Саламеі з “цёткай-купчыхай” Бутрымавых аповедаў. Саламея — не проста цёзка Русецкай-Пільштыновай, але ж і калега, лекарка, “мужабаба”, якая адной сваёй вучонасцю правакуе мужчын на воклічы кшталту “Куды свет коціцца!” і абяцанні адхвастаць паненку па мяккім месцы за наведванне навучальных установаў у мужчынскіх строях. Яна і правадніца па лабірынце, “Арыядна, якая без дапамогі Тэзея заваліла Мінатаўра” (с. 249). Яшчэ адна змагарка за роўнасць полаў — Паланэя Багінская, ваевадзянка, якая і на шаблях б’ецца, і ў авантуры з радасцю пускаецца не горш ад Пранціша, і ўваход у лабірынт удзвюх з Саламеяй завальвае, пакуль мужыкі зброяй бразгаюць. 

Аблезлы собаль з дыяментавым гузам

Найбольшая каштоўнасць твора, як на мяне, — у каларытных дэталях эпохі, адноўленых аўтарам са скрупулёзнасцю архівазнаўцы і рассыпаных па тэксце са шчодрасцю эмісара ААН сярод галодных дзетак Афрыкі. Апратка розных слаёў грамадства, а ў магнатаў — яшчэ і розных модаў (сармацкай і еўрапейскай), з тонкасцямі кшталту мовы мушак з тафты (с. 39), ежа — ад простай карчомскай (свіныя скабкі з капустай, клёцкі ў смятане) да мудрагелістай княжацкай (“Шчупакі, з галавы адвараныя, у сярэдзіне запечаныя, з хваста засмажаныя… Парсючкі з прыстаўленымі крыламі…”, с. 104), забавы, зноў жа саслоўна арыентаваныя: камусьці скрыпка з басэтляй ды сляпым спеваком, камусьці шкалярскі тэатрык, а Радзівілам — цэлыя аркестры ды яшчэ з тэатрам прыгонным, дзе актораў вучаць муштрай і пабоямі. Складанае перапляценне вераванняў — калі перад ежай чалавек па-хрысціянску жагнаецца, а потым сам крыжам кладзецца перад печкай, каб ушанаваць паганскага духа ачага Сопуха. Ці, як Пранціш, шануе праваслаўных святых, асабліва свайго апекуна, але ж і ў лесуна верыць, і ў магію, і ў розныя падазроныя рэцэпты (Як прысушыць кабету? Хлопцы, насіце пры сабе мяса маладога жарабяці, высушанае ў новым паліваным гаршчку, ці валасы з канца воўчага хваста, а можна падсыпаць дзеўкам парашок, зроблены з уласнай крыві, выпушчанай у пятніцу, змяшанай з заечымі ядрамі і вантробай галубіцы). Цікавыя дробязі тагачаснага побыту — казліны лой, якім просты люд намазваецца ад паразітаў, салома ў ботах замест цёплых шкарпэтак, сеннікі для сну, ласёвыя рукавіцы ў “афіцыянтаў” Радзівіла, лекі аптэкара Лейбы, метады навучання, якім пазайздросцілі б усе маладыя выкладчыкі падчас сёмай пераздачы (Што, не вывучыў? А на асліную лаўку, скураной дысцыпліны пакаштуеш! З першага разу ўсе залікі здавалі б!), апісанні архітэктуры і ўбранства пакояў… 

І гэта ўсё недзе паміж радкамі, неакцэнтавана, спакваля ўздзейнічае, у адрозненне ад крыху знарочыстых, як на мой густ, апісанняў шляхецкай хваробы Вырвіча і яе лекавання Лёднікам. Хаця й забаўна чытаць пра Данілу Вырвіча, які на поле гной вазіў, уваткнуўшы туды шаблю — калі шляхціц пры шаблі, то няма абразы гонару… але пасля “Пінскай шляхты” ці прыгодаў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага неяк не прабірае. Зрэшты, мо не ўсе з падлеткаў, якім, відавочна, адрасаваная кніга, помняць тую “Пінскую шляхту”. 

Што да пазнавальнай каштоўнасці, якую нясе апісанне ўнутрыпалітычных гульняў магнатаў, то яе памяншае, як ні дзіўна, аўтарская добрасумленнасць — надта ўжо многа князёў ды іншых персанажаў гісторыя ў адным дзесяцігоддзі намяшала, вось і ў кнізе невялічкі перагруз: адных Радзівілаў чатыры штукі (Марцін Шалёны, Геранім Жорсткі, Караль Пане Каханку, Казімір Рыбанька), а яшчэ Міхал Багінскі з шасцю амбітнымі сястрыцамі, Аляксандр Сапега — і гэта толькі тыя, хто бярэ непасрэдны ўдзел у аперацыі з дзідай, таму атрымлівае вонкавы і псіхалагічны партрэт рознай ступені дэталізацыі. Ёсць і яркія эпізадычныя персанажы, зноў жа ад шчодрасці душэўнай аўтарам у тэкст панасыпаныя — таленавітыя прыгонныя, зух Валадковіч, гад Юдыцкі, карыкатурны рэктар езуіцкага калегіюма, шкаляр-паэт Вараня і шкаляр-гулец Міцкевіч, немец-вынаходнік і яго практычная жонка, прывіды Нямігі… А недзе за кадрам дзейнічаюць дзве расійскія царыцы — наяўная і будучая, два польскія каралі — паўнамоцны Сас (яшчэ і з фаварытамі, да якіх спрабуе “падлабуніцца” Сапега) і патэнцыйны Панятоўскі, іншыя магнаты — Чартарыйскія і Пацы… Карацей, без паўбочкі брагі не разбярэшся. 

Але калі са шкляным богам пасябруеш і ладу з гістарычнымі рэаліямі дойдзеш, дык гонару за радзіму набярэшся: гэта ж у нас, тут во, у Слуцку, Полацку, Менску і Чарнаўчыцы такое адбывалася! Хоць сядлай дрыкганта і па слядах скачы.

Танк на гістарычным бездарожжы

Стыль “Авантураў…”, просты і эфектыўны, нагадвае хутчэй не жалезную чарапаху, непаваротлівую баявую машыну на непрактычным вадзяным рухавіку, а сучасны танк з усёй належнай тэхнікай і камуфляжам. У якасці апошняга — велягурыстая фраза, абяцаная аўтаркай у прадмове (праўда, на сінтаксічныя завітушкі неўзабаве перастаеш зважаць — прызвычайваешся, дый тэмп аповеду нарастае), цытаты з гістарычных дакументаў і моўныя выкапні кшталту “амаратаў”, амарантавага колеру і іншых (далёка не ўсе з іх трапілі ў слоўнічак, змешчаны пры канцы кнігі). 

Што да тэхнічнага боку, дык хіба некалькі дробных прычэпак. Напрыклад, падаецца непераканаўчай матывацыя Сапегі, які бярэ і расказвае двум падазроным, уночы перахопленым асобам, Лёдніку і Вырвічу, усю праўду-матку пра дзіду — а сам жа скардзіўся непасрэдна перад тым, што зямля “нашпігаваная шпегамі, як шынка часныкам”(с. 88). Страчвае палову чароўнасці бездань лабірынту, калі з яе гэтак лёгка выцерабіўся Герман Ватман (на яго карысць хіба тое, што ён — супергерой, волат, Партос і барон Пампа ў адной асобе). І навошта быў клубок Арыядны, калі, спаліўшы яго, героі лёгка выбраліся на паверхню? Незразумела таксама, чаму героі самі сабе тлумачаць лацінскія выразы. Ясна, трэба было паказаць шматмоўнасць тагачаснага грамадства, у якім кухонная лаціна гучала, бадай, гэтак жа часта, як сёння нецэнзуршчына, і не спалохаць чытача. Але ж можна было пазначыць лацінскія выразы зорачкай і даць пераклады ўнізе старонкі, каб не выстаўляць герояў дзівакамі. Гэта, паўторымся, драбяза, збольшага ўсе ніткі звязаныя, усе развешаныя стрэльбы бабахаюць у час: прыцягнулі жалезную чарапаху ў палац Радзівіла — на ёй і далі драла, паабяцала ваевадзянка Паланэйка пацалунак шляхціцу Вырвічу — дык і цалуе, паголены Лёднік па нямецкай модзе — вось вам і сцэна галення з медным тазікам; нават слоік з алхімічным золатам дарма не прападае.

Наш дасканалы танк мае канкрэтнае прызначэнне і пэўныя магчымасці, абумоўленыя канструкцыяй. Страляе прамой наводкай (асабліва гэта бачна на ўзроўні параўнанняў, якімі багаты тэкст і большасць з якіх будзе цягнуць на сабе каларыт эпохі, быццам яго без таго мала: сядзець трэба ціха, “як смажаны фазан у пірагу” (с. 37), язычок карчмаркі стане востры, “як шабля каралеўскага ўлана” (с. 29), радня слабахарактарнага князя ў палітыку пхне, “як смаргонскага мядзведзя на кірмашовы пляц” (с. 39) — і лірычных адступленняў пра родную пакутную зямельку, якая ад усіх захопнікаў цярпіць). Станоўчым героям дазваляецца мець недахопы: у Пранціша — яго шляхецкая фанабэрыя, у Бутрыма — самаедства, у Саламеі — вучонасць, у Паланэйкі — кірпаты носік і круцельства, у Ватмана — прынцыповае выкананне княскага даручэння без увагі на яго сумленнасць. 

З гэткім пікантным соўсам лепей заходзіць гамбургер з мужнасці, высакародства, зухаватасці/з’едлівасці, куртуазнасці, патрыятызму і іншых карысных для моладзі інгрэдыентаў. Прыгоды ваяўнічыя стратэгічна чаргуюцца з амурнымі, сур’ёзныя эпізоды — з камічнымі, а дабро непазбежна перамагае. Але ў межах, самой сабе пастаўленых, аўтарка сваволіць і гарэзуе: так, героі не могуць адыходзіць па патрэбе (такое з рыцарам удалося правярнуць хіба Сервантэсу, дык ён і цэліў у стэрэатыпы рыцарскага рамана, дзе рыцары нібы маюць толькі верхнюю, чыстую, частку тулава), затое могуць зважаць на дробных крывасмокаў у палацавых ложках ці пакутаваць на хваробу нырак — прыемныя зніжэнні стылю трапляюцца якраз тады, калі робіцца занадта саладжава. Што да хэпі-энду — чакайце калоць сабе інсулін. Так, у Вырвіча ўсё складваецца з прыўкраснай ваевадзянкай, Лёднік стаў двойчы шляхціцам і ажаніўся з любай, рэліквія ўнікла злоўжывання, гетмана літоўскага выратавалі, расейцаў прагналі — але згадаем, што далей падрыхтавала беларусам-ліцвінам гісторыя, і падзякуем пісьменніцкай фантазіі за пазітыў ды аптымістычныя перастварэнні.

 

Людміла Рублеўская. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега: раман прыгодніцкі і фантасмагарычны. — Мінск: Рэдакцыя газеты “Звязда”, 2012.

 

Маргарыта Аляшкевіч, gedroyc.by

На фота: Маргарыта Аляшкевічru.kulturaenter.pl