Марыі Баравік – 70!

Марыя Баравік нарадзілася 22 лютага 1946 года ў в. Прэабражэнка Глыбоцкага раёна ў беднай сялянскай сям'і. Бацька - Баравік Якаў Іванавіч - родам з вёскі Перадолы. Мама Марыя Адамаўна - сірата з дзесяці гадоў. Спявала прыгожа, малявала, ляпіла, шыла цацкі. Любіла Бога, прыроду і людзей. 

Будучая вядомая паэтка Глыбоччыны скончыла Перадольскую сямігодку, Падсвільскую сярэднюю школу і БДУ (аддзяленне журналістыкі). Паэзіяй пачала цікавіцца ў школьныя гады. Неўзабаве быў надрукаваны ў раёнцы "Шлях перамогі" першы верш Марыі Баравік. Пачынаючы з 1965 года яна стала друкавалася ў газетах "Віцебскі рабочы", "Чырвоная змена", "Голас Радзімы", у часопісах "Маладосць", "Рабочая змена", "Родная прырода", "Бярозка", "Вясёлка", "Полымя", "Роднае слова", "Пралеска"; у калектыўных зборніках "Дзень паэзіі", "Самавар у лесе", у альманахах "Край", "Далягляды".

У 1985-м і 1995-м гадох выйшлі паэтычныя зборнікі "Поле долі" і "Вір пяшчоты і журбы". У 1992 годзе Марыя Баравік стала сябрам нашай пісьменніцкай арганізацыі.

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» шчыра віншуе Марыю Якаўлеўну Баравік з юбілеем, зычыць даўгалецця, творчай атмасферы і натхнення на новыя кнігі.

Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»