Марыя Роўда і Віка Трэнас выступілі ў Ліцэі № 2

Марыя Роўда

Сустрэча адбывалася напярэдадні трагічнай даты 26 красавіка -- хутка споўніцца 30 гадоў з моманту выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Выступоўцы не маглі не закрануць гэтую балючую і трапяткую для кожнага беларуса тэму, тым больш, што ў Ліцэі цяпер праводзіцца адпаведны тыдзень памяці.

Марыя Роўда падзялілася з навучэнцамі сваімі ўспамінамі пра той дзень у 1986 годзе (аўтарцы тады было 10 гадоў) і сваім разуменнем экалагічных праблем, якія моцна звязаныя з сацыяльным жыццём і з тым, як увогуле людзі ставяцца да аховы навакольнага свету.

Віка Трэнас агучыла верш Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна "Дазвол", напісаны з сумнай нагоды Чарнобыля, і абмеркавала разам з гледачамі яго сацыяльны і маральна-этычны змест, што мог быць не зусім зразумелы наймаладзейшаму пакаленню, якое нарадзілася ў 2000 годзе. Для гэтых юнакоў і дзяўчат і Савецкі Саюз, і перабудова, і Чарнобыль -- усяго толькі далёкія ад рэальнасці радкі ў падручніках па гісторыі.

Выступае Віка Трэнас

Дазвол

На час галоснасці
Мы атрымалі дазвол
Галасіць бабрамі па роднай мове.
Няхай лебядой зарастае падзол,
Няхай там народ будзе гол як сакол,
Мы боб сваіх слёз збіраць у прыпол,
Як піянеры, заўжды наўзгатове.
А карта рэспублікі ў плямах,
Нібы
Бруцэлёзная,
Прыгнаная з Прусіі па вайне карова.
Ёсць карта,
Дзе нельга збіраць грыбы,
Дзе могуць магілы выпростваць гарбы,
Дзе ўчуем голас
Архангельскае трубы.
Зямля маўчыць,
Як народ, сурова.
Ад радыяцыі
Беларусь гарыць.
Ці будзе, наогул,
Каму гаварыць?

Рыгор Барадулін

Прамаўляе Марыя Роўда

Аднак на сустрэчы, якая працягвалася амаль паўтары гадзіны, знайшлося месца і для іншых, больш аптымістычных і забаўляльна-займальных тэм. Напрыклад, празаік Марыя Роўда прачытала фрагменты з аповесці пра Лошыцкі парк, яго гісторыю і таямніцы (ліцэй № 2 якраз прымыкае да Лошыцы).

Паэтка Віка Трэнас распавяла пра сваё навучанне якраз у гэтым ліцэі, які яна закончыла 14 гадоў таму, а таксама правяла віктарыну на веданне асобаў беларускай літаратуры і гісторыі пачатку 20 стагоддзя. І хаця сярод гледачоў былі навучэнцы фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага класаў, а не філалагічнага, у якім калісьці вучылася Вікторыя, -- маладзёны "лузгалі" гуманітарныя пытанні, як арэхі, і ў выніку практычна ўсе атрымалі прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Здольныя, разумныя і таленавітыя ліцэісты -- гэта і ёсць будучыня нашай краіны.

Выступоўцы выказваюць шчырую падзяку арганізатару сустрэчы, намесніцы дырэктара па вучэбнай рабоце, беларусісту Аксане Уладзіміраўне Гурыновіч.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"