Марыя Роўда прэзентавала кнігу на «Ліцэйскім Парнасе» (+фота)

Марыя Роўда

На “Ліцэйскім Парнасе” — менавіта так называлася мерапрыемства — сабраліся навучэнцы з розных класаў (прыемна, што не толькі з філалагічных!), якія самі займаюцца творчасцю, і зацікаўленыя выкладчыкі Ліцэя. Арганізатарам сустрэчы выступіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лера Рубашная.

Лера Рубашная; Марыя Роўда

Гледачы

Марыя Роўда

Празаік і колішняя выпускніца Ліцэя БДУ Марыя Роўда прадставіла ўрыўкі з аповесці “Настаўнік заўжды вінаваты” і апавядання “Няма Соні паратунку”, якія ўвайшлі ў яе новую кнігу.

Пасля кароткага знаёмства са зборнікам і аўтарскага дэкламавання ліцэісты далучыліся да гутаркі з Марыяй: паразважалі пра сэнс назвы кнігі «Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі», гістарычныя рэаліі, што леглі ў аснову твораў (напрыклад, паўстанні 1794 года і дзейнасць Міхаіла Цяцерскага), і нават згадалі пра вобраз чорнай коткі ў беларускай літаратуры і музыцы.

Выступае Марыя Роўда

Віка Трэнас 

Паэтычны выступ Вікі Трэнас працягнуўся міні-віктарынай на веданне беларускай літаратуры.

Выступаюць ліцэісты

Асобнай часткай сустрэчы сталі выступленні ліцэістаў — маладзёны чыталі свае вершы на рускай і беларускай мовах, спявалі песні.

Выступілі выкладчыкі Ліцэя, якія пазнаёмілі гледачоў са сваёй творчасцю.

Выступаюць настаўнікі: уверсе Марына Казлоўская, злева Наталля Мацуковіч, справа Дзмітры Краўцэвіч

 

Перакладчыца і настаўніца беларускай мовы Марына Казлоўская агучыла свае перастварэнні з Віславы Шымборскай. Прачытала ўласныя вершы настаўніца інфарматыкі Алена Вайцэховіч, настаўніца фізікі Наталля Мацуковіч. Праспяваў пад гітару выкладчык кафедры біялогіі і геаграфіі Дзмітры Краўцэвіч.

Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі паштоўкі, кніжныя закладкі і іншыя сувеніры ад кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"