Марыйка Мартысевіч прадставіла сваю кнігу

27 траўня ў Пушкінскай бібліятэцы Мінску прайшла прэзентацыя першай кнігі эсэ ў вершах і ў прозе Марыі Мартысевіч “Цмокі лятуць на нераст”.

Збіраючыся на прэзентацыю, у прыватным блогу Марыйкі Мартысевіч прачытала наступнае: “Усё-ткі я – абсалютнае зло, бессардэчнае і цынічнае. У мяне выйшла першая кніга ўласнай творчасці, а я не перажываю абсалютна ніякіх эмоцый. Гэта як у малазабяспечанай маці – першая думка пасля нараджэння першага дзіцяці: “Як зарабіць на пампэрсы”.

Але на прэзентацыі я пераканалася, што гэта няпраўда. Поўная зала сяброў, усхваляваная Марыйка ўзгадняла складаны сцэнар прэзентацыі з яе вядоўцам Ігарам Бабковым. Зала ўпрыгожаная каляровымі балёнікамі і вельмі сімпатычнымі цмокамі, якіх пры канцы імпрэзы запусцілі ў паветра. А пачала Марыйка Мартысевіч з эпіграфу да кнігі “Цмокі лятуць на нераст”.

Рэдактар кнігі паэт Андрэй Хадановіч назваў першую кнігу Марыйкі Мартысевіч адной з найяскравейшых падзеяў маладой беларускай літаратуры. Хадановіч адкрыў і таямніцу: першая прэзентацыя “Цмокаў” ужо адбылася, прычым за мяжой – ва Ўкраіне. Прызнаўся, што яму як рэдактару не давялося нічога выкідваць і скарачаць, а гэта сведчыць пра талент аўтаркі. Андрэй Хадановіч:

“Кніжка Марыйкі Мартысевіч – гэта парушэнне стэрэатыпаў. Гэта не толькі паэзія, і не толькі проза, і не толькі эсэістыка. Яна какетліва “падзагаловіла” сваю кніжку “эсэ ў вершах і ў прозе”, яна паказала, што эсэ – гэта паэзія, што эсэістыка можа быць шчымлівай, працінаць наскрозь чытача, прабіваць на слязу, а не толькі нейкую інтэлектуальную прыемнасць несці. Яна паказала, што паэзія можа не проста размазваць соплі, а быць колькі заўгодна высокай, інтэлектуальнай і рафінаванай. І за першае, і за другое – шчыры Марыйцы дзякуй”.

Але яшчэ тры чалавекі выйшлі на сцэну з кветкамі і адрэкамэндаваліся таксама рэдактарамі Марыйкі. А Мікола Шакель быў прадстаўлены яшчэ як цмок. Ён прыйшоў з гітарай, праспяваў некалькі песень:

“З Марыйкай мяне звязвае тое, што я быў яе рэдактарам, калі яна працавала ў часопісе “Студэнцкая думка”. Паралельна ў той самы час я граў у гурце, які меў назоў “Цмокі”. Наўрад ці ёсць нейкая сувязь паміж назовам кніжкі і назовам гурту, хаця можа быць...”

Пра Браніслава Тарашкевіча ў хакі як пра сэкс-сымбаль – па-мойму, гэта крута Карэспандэнтка: “А рэдактарам вы строгім былі?”

Шакель: “Не, рэдактарам я быў і застаюся ня строгім. Таму што гэта студэнцкі часопіс, і разгільдзяйства там на кожным кроку”.

Карэспандэнтка: “Марыйка – такі чалавек сур’ёзны, пра якое разгільдзяйства вы кажаце?”

Шакель: “А вы пачытайце кніжку, які ён сур’ёзны... Пра Браніслава Тарашкевіча ў хакі як пра сэкс-сымбаль – па-мойму, гэта крута!”

Некаторыя эсэ ў вершах Марыйкі Мартысевіч ужо перакладзеныя на ўкраінскую мову. Іх пераклала Дзьвінка Маціяш, а прачытала вядомая ўкраінская паэтка і літаратурны крытык Багдана Маціяш.