“Мастак” — кніга твораў Тараса Шаўчэнкі выйшла па-беларуску

Кніга выдадзена дзякуючы спрыянню Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіла Ежэля і Ганаровага Консула Украіны ў г. Гродне Валянціна Байко. Падтрымала выданне і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Першы раздзел кнігі “На вечным шляху да Шаўчэнкі”, напісаны Іванам Дзюбам і Міколам Жулінскім, акадэмікамі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, прысвечаны апісанню і аналізу асноўных вехаў жыцця, творчасці і светапоглядаў Кабзара. Другі раздзел змяшчае паасобныя вершы Тараса Шаўчэнкі розных гадоў. У трэцім — адна з найлепшых аповесцей класіка “Мастак”. Ёсць у кнізе і шэраг выказванняў вядомых творцаў і грамадскіх дзеячаў пра Тараса Шаўчэнку.

“Па-новаму загучалі ў перакладзе Валерыя Стралко і знакамітыя радкі “Кабзара”. Трэба было мець пэўную смеласць і майстэрства, каб адважыцца пераствараць іх па-беларуску пасля класікаў нашай літаратуры. Па нараджэнні ўкраінцу, улюбёнаму ў беларускую (і родную, вядома ж) мову В. Стралко ўдалося гэта зрабіць надзвычай дакладна і, без перабольшвання, дасканала. Захаваныя, здавалася б, непаўторная мелодыка Шаўчэнкі і сам дух творчасці Паэта”, — адзначае ў паслямове да выдання Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч.

   

Прэсавая служба СБП