Мастак Кацярына Дубовік: «Калі проста будзеш чакаць, ніхто не прыйдзе, гэта без варыянтаў»

Найлепшы ілюстратар 2015 года ў персанальнай намінацыі “Майстэрства” за афармленне “Шахматнай навелы” Штэфана Цвайга (Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”). Лаўрэатка прэміі Цёткі 2016 года за найлепшае афармленне беларускай кнігі для дзяцей і падлеткаў (“Сем ружаў” Н. Ясмінскай). Уладальніца Гран-пры 7-га фестывалю беларускамоўнай рэкламы і дызайну “ADNAK!” у намінацыі “Графічны і камунікацыйны дызайн” за афармленне кнігі казак В. Гаўфа. У верасні 2016 года перамагла ў конкурсе афармлення казкі шведскай дзіцячай пісьменніцы Э. Сусы “Снежны чалавек у Мінску” ў перакладзе на беларускую мову Дзмітрыя Плакса. З 2016 года жыве ў Амстэрдаме, Нідэрланды.

Профіль Кацярыны Дубовік на Behance

— Распавядзі, калі ласка, чаму менавіта кніжная ілюстрацыя.

— Усё пачалося як дыпломная праца ў каледжы. Я тады была зацікаўленая ў занятках графікай, таму для мяне аптымальным варыянтам была кніга. Мы рабілі дыплом з Тамарай Шэлест, маім дыпломным кіраўніком. Гэтая выкладчыца адчыніла мне дзверы ў станковую графіку, я ёй вельмі ўдзячная. Тады я і вырашыла паступаць у Акадэмію мастацтваў.

На чацвёртым курсе Акадэміі ёсць заданне “Дзіцячая кніга”. Я злавіла такі кайф ад працы, што вырашыла: буду і далей гэтым займацца. Як курсавыя працы надалей таксама рабіла дзіцячыя кнігі.

Для мяне ілюстрацыі — спосаб выразіць сябе, тое, што я думаю, як бачу сусвет. І мне заўсёды вельмі цікава займацца кнігай, бо гэта не толькі праца з нейкімі графічнымі тэхнікамі, матэрыяламі, не толькі стварэнне мастацкага твора, але і сам макет, дызайнерская праца. Таму для мяне гэта ўвогуле вельмі класная рэч — у кнізе сумяшчаецца ўсё, што мне цікава.

Канечне, няпроста знайсці свой стыль. Той, хто гэтага хоча, павінны зразумець, на што падпісваецца. Але штосьці харошае заўсёды складана рабіць.

“Шахматная навела”, Ш. Цвайг

— А на што мастак падпісваецца, шукаючы стыль?

— Насамрэч стыль — той мастак, які ёсць унутры. Гэта нейкая зборная рэч для мяне: што чалавеку падабаецца, як ён паводзіць сябе з іншымі, як глядзіць на нейкія рэчы, якія вобразы ў яго ўзнікаюць. Мастак усё гэта можа выказаць праз нейкую форму выяўленчага мастацтва. Гэта добра гучыць, але калі садзішся за працу — усё не так проста. Нават калі ў цябе шмат вопыту. Трэба працаваць, думаць, каб зрабіць менавіта тое, што выспела ўнутры. Для любых мастакоў, няважна, што яны ствараюць — музычныя творы, літаратурныя. Гэта заўсёды няпроста. І нават калі знайшоў свой стыль — не робіцца лягчэй працаваць з новымі праектамі. Таму трэба ўвесь час развівацца, перапрацоўваць шмат ідэй і ўрэшце зрабіць нешта вартае, а не проста нейкае глупства.

У наш час, я лічу, вельмі складана сканцэнтравацца на тым, які ты сам унутры. Паступае вельмі шмат візуальнай інфармацыі за дзень, і, здаецца, вельмі лёгка заблытацца — гэта твае думкі, ці ты проста недзе штосьці пабачыў. Таму для пошуку стылю трэба час, канцэнтрацыя і не баяцца складанасцяў, эксперыментаў. Без гэтага ніяк.

— Ці існуе для цябе такое паняцце, як узровень?

— Для мяне ўзровень — гэта фантазія, арыгінальнасць, адразу пазнавальны стыль. Тэхнічнае майстэрства, дарэчы, не на першай прыступцы, бо ілюстрацыі могуць быць выдатнымі незалежна ад узроўню майстэрства.

Мне падабаецца шмат мастакоў, адзін з найулюбёнейшых — Клаўс Энсікат. Я лічу, што кніжкі, якія ён зрабіў, — прыклад бездакорнага густу. Ці ілюстрацыі Адольфа Борна, Міраслава Шашака, Генадзя Каліноўскага, Сяргея Алімава. Мне ўвогуле вельмі падабаецца олдскул школы ілюстрацыі, але і сучасныя мастакі ёсць вельмі класныя­ — Шон Тан, Ліна Жутаўтэ і інш. За творчасцю шмат якіх сучасных ілюстратараў сачу на Behance.

З беларускіх, вядома, Валерый Славук. Ён мне заўсёды будзе падабацца. У дзяцінстве гэта былі самыя любімыя кніжкі, разглядала іх бясконца. Ну, канечне, Павел Татарнікаў, Стася Сакалоўская.

— Складана было маляваць “Алісу” Льюіса Кэрала?

— Гэта было вельмі весела і проста, бо сам тэкст, які Вера Бурлак пераклала, — вясёлы і смешны, а я люблю ілюстраваць вясёлае і смешнае. Увогуле, калі мне трэба аздобіць твор папулярны, да якога ўжо існуе шмат ілюстрацый, я ніколі іх не гляджу — каб мысленне было чыстым. Я проста пачытала тэкст, пасядзела з тыдзень, папрыкідвала, як яно можа быць, і пасля знайшла сваю дзяўчынку. Гэта адна з самых лёгкіх працаў, якія мне даводзілася рабіць.

“Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”, Л. Кэрал

— А якая праца была самая складаная?

— Самая складаная праца — праект, якім займаюся цяпер. Таксама складана было з дыпломнай працай у Акадэміі — я аздабляла “Шахматную навелу” Штэфана Цвайга. Гэта была замова ад “Прыёрбанка”, падарункавае выданне. Твор невялікі, але вельмі складаны для ілюстравання. Па-першае, у Акадэміі я ніколі не ілюстравала такі сур’ёзны тэкст, недзіцячы. Ёсць тэксты, напрыклад, Дастаеўскага ці Дарэла — там шмат дэталяў, мясцінаў, ёсць што ілюстраваць. А ў Цвайга нічога няма. Ён проста большую частку твора апісвае, як чалавека закрылі ў адзіночнай камеры падчас Другой сусветнай вайны, каб выцягнуць з яго нейкую важную інфармацыю, і чалавек вар’яцее паціху. І гэта большая частка кніжкі. Я патраціла месяцы тры толькі каб зрабіць нейкія эскізы, якія б мяне больш-менш задавальнялі. Ну, і сама праца: цяжкі псіхалагічны тэкст ты цяжка перажываеш. А астатняе нармальна — я не памятаю, каб мне было вельмі цяжка нешта рабіць.

— Ці дапрыдумляеш ты сюжэты, калі аздабляеш кнігі?

— Мастак увогуле нічога не прыдумляць не можа — тады гэта не мастак ужо. І сэнс ілюстрацыі не ў тым, каб перамаляваць тэкст, але паказаць, як яно магло б быць. Аўтар бачыць гэта па-свойму, ён мысліць словамі. Мастак мысліць вобразамі. Увогуле, не могуць гэтыя рэчы люстэркава адбівацца. Гэта як чакаць, што дзьмухавец стане ружай, калі вырасце, ці наадварот. Для мне фантазія ў любым мастацкім творы — самае важнае. Тым больш мастак сам выбірае, што яму ілюстраваць. Ён, напэўна, хоча гэтым нешта сказаць, для сябе выбірае важныя і цікавыя моманты.

— А ці ёсць розніца ў афармленні вокладкі для дзіцячых кніг і кніг для дарослых?

— Дзіцячая кніга павінная быць чытэльнай ва ўсіх планах. Трэба адразу ўлічваць, што калі чытач будзе глядзець на кніжку, ён адразу павінны разумець прыкладна, што там унутры. І вокладка павінная быць такая, каб чытачу захацелася паглядзець, што ўнутры, а не паставіць яе назад на палічку. Я маю на ўвазе, што калі гэта “Аліса” Льюіса Кэрала, то трэба, каб па вокладцы адразу было зразумела, што гэта “Аліса”. Тое ж з выявай назвы. Увогуле, апошнім часам я малюю назву на вокладцы сама. Канечне, гэта больш працы, але яно таго вартае.

А для вокладкі кнігі для дарослых, у прынцыпе, можна выкарыстоўваць плакатныя хады, там больш свабоды. Можна неяк завуаляваць, бо чытач выбірае дарослую кнігу не каб разглядаць ілюстрацыю, а каб чытаць тэкст. І ён будзе глядзець на імя аўтара і назву кніжкі найперш, а потым ужо на вокладку. Але, канечне, вокладка для дарослай кніжкі таксама мае вялікае значэнне. Чытачу павінна быць прыемна набыць кнігу. Што да мяне, я ніколі не набуду кніжку з вельмі дрэннай вокладкай, бо можна знайсці і лепшую.

— У Беларусі вялікай папулярнасцю карыстаюцца выданні перакладаў шведскіх дзіцячых аўтараў на беларускую мову: Эвы Сусы, Свэна Нурдквіста, Сары Лундберг і інш. Як ты мяркуеш, чаму?

— Калі я была маленькая, у мяне была аднолькавая колькасць кніжак на рускай і на беларускай мовах. На беларускай мове кнігі не прайгравалі ні на адсотак. Гэта былі якасныя выданні з вельмі крутымі ілюстрацыямі. Мае бацькі, гледзячы на тое, што было тады прадстаўлена ў кніжных крамах, не бачылі розніцы, якую кнігу ім лепш купіць — на рускай ці на беларускай мове, і таму куплялі і тое, і тое, бо ўсе гэтыя выданні былі канкурэнтаздольныя.

І цяпер, калі ты кажаш пра шведскія выданні, я лічу, што яны канкурэнтаздольныя, таму іх і купляюць. Цяпер у нас вельмі шмат людзей, якія б задавальненнем куплялі беларускую літаратуру для сваіх дзяцей. Але часам выданні аформленыя і надрукаваныя вельмі дрэнна, вёрстка проста не вытрымлівае крытыкі. У іх добра прачытваецца абыякавасць людзей, якія гэтымі выданнямі займаюцца. Абыякавасць на ўсіх узроўнях, як кніжка пачынае рабіцца. А гэта ж для дзяцей робіцца. Адразу пытанне ўзнікае: навошта гэта, калі вам настолькі ўсё роўна?

А людзі — яны ж не дурныя, яны бачаць, што прыгожа, а што не. І такіх выданняў вельмі шмат. Гэта няправільна, на маю думку. Калі б было больш літаратуры такога кшталту, як вышэйзгаданая шведская, яе б куплялі. Здаецца, так проста зразумець, што кніжка для дзяцей павінная быць прыгожай, добра зробленай. Да таго ж у кніжных крамах яны выстаўляюцца ў першую чаргу, а астатнія кнігі — незалежных выдавецтваў — часам проста немагчыма знайсці. Калі б я, напрыклад, не ведала, што мне трэба купіць, я б ніколі не знайшла гэтыя кніжкі. Нават калі я афармляла і ведаю, як выглядае карэньчык.

— Не так даўно бачыла ў сацыяльнай сетцы на аватарцы аднаго з карыстальнікаў твой малюнак без подпісу. Ці былі выпадкі выкарыстання тваіх твораў без дазволу?

— Былі. Я магу налічыць штук пяць выпадкаў толькі з тых, што ведаю. Але падазраю, што іх больш. Гэта вельмі непрыемна, і ўвогуле, непрыгожа так рабіць, бо мастакі — яны зарабляюць грошы тым, што ўмеюць. Калі хтосьці крадзе ілюстрацыі — гэта як скрасці грошы з твайго партманэ. Гэта для мяне так і выглядае. І калі, напрыклад, пытаешся, маўляў, навошта вы так зрабілі, скралі маю працу, людзі адказваюць: “А што, вам шкада?”. Лічаць, што гэта нармальна.

— А якія менавіта гэта былі выпадкі?

— Не вельмі сур’ёзныя. Напрыклад, для плаката музычнага канцэрта. Але быў дзіўны выпадак, калі адзін турэцкі ілюстратар узяў і скраў усе мае ідэі з “Шахматнай навелы” Цвайга. Узяў маю ілюстрацыю, адлюстраваў у адваротны бок і проста намаляваў сваёй рукой. Вось гэта мяне заўсёды вельмі злуе. Я ж гэтую працу рабіла ў 2013 годзе, а ягоная датуецца 2016-м, і я ведаю, што ілюстрацый для “Шахматнай навелы” вельмі мала. А ён сочыць за мной на Behance. Я яму нічога не пісала. Пазлавалася, а пасля вырашыла, што ўсё роўна гэта ні да чога не прывядзе. Прозвішча яго не запомніла — шмат людзей сочыць за маім акаўнтам. Але з Behance пасля гэтага выдаляцца і не думала. Чаму я павінная праз кагосьці несумленнага і непрафесійнага выдаляць свае праекты?

— Ты просіш сябе пазначаць менавіта як “мастак”. Скажы, калі ласка, чаму?

Мастак для мяне не мае полу. У працах, якімі я захапляюся, для мяне няма розніцы, жанчыны ці мужчыны іх зрабілі. Але я не хачу, каб мяне называлі мастачкай, бо ў мяне з Акадэміі нейкі стэрэатып склаўся, што лёс мастачкі — маляваць кветачкі, мятлікаў і розныя прыгожыя штучкі. Але мае штучкі ўвогуле не прыгожыя, і таму я мастак. Можна і мастачка, я не пакрыўджуся, але я сябе называю мастаком і люблю, каб у кніжках мяне так называлі. Гэта маё жаданне і ўсё.

— Я ведаю, што ты шмат працуеш. Распавядзі пра свой працоўны дзень. Як ты адпачываеш?

— Я працую сем дзён на тыдзень. Амаль заўсёды падымаюся ў восем гадзін. Снедаю, саджуся за працу дзесьці да сямі гадзін вечара. Потым займаюся хатнімі справамі. Пасля дапрацоўваю яшчэ пару гадзін. Гэта мой стандартны дзень. А найлепшы адпачынак — кудысьці ў парк ці лес выехаць, у мяне там адбываецца поўная перазагрузка. Але я неяк не вельмі аддаю ўвагу адпачынку. Часам мне рэальна важней паспець зрабіць праект і ў выніку нікога не падвесці. Ну і, напэўна, для ўсіх людзей добрая магчымасць адпачыць — з’ехаць кудысьці ў новае месца, схадзіць у музей. Проста каб атрымаць новыя эмоцыі.

— На дадзены момант ты жывеш у Амстэрдаме. Як ты туды трапіла?

Я трапіла ў Амстэрдам год з нечым таму. Так склаліся жыццёвыя абставіны, і мне давялося пераехаць. Гэта ніколі не было першачарговай мэтай. Для мяне, канечне, гэта вельмі добры вопыт, бо я выйшла са сваёй зоны камфорту, на шмат што цяпер інакш гляджу.

— Ты кантактуеш з беларусамі, якія жывуць у Амстэрдаме?

— Неа. Я ўвогуле такі чалавек — добра пачуваюся сама з сабой. Дый трэба рэальна працаваць сем дзён на тыдзень, каб паспець нешта зрабіць.

— Скажы, калі ласка, навошта, жывучы ў іншай краіне, ты працягваеш ілюстраваць кнігі для беларускіх выдавецтваў?

— Мне гэта патрэбна. Я лічу, што раблю добрую справу, мне гэта важна і ад гэтага добра. У Беларусі амаль няма прыгожай дзіцячай літаратуры, і гэта вельмі сумна. Тут (у Амстэрдаме) яны ўсё гэта маюць. Ты можаш купіць любую кніжку любой прыгажосці на любы густ. Нашыя ж людзі не маюць такой магчымасці. І ўвогуле, калі мы ўсе, хто можа нешта рабіць у сферы культуры, любой, вырашым, што нічога не будзем рабіць для Беларусі, бо гэта не прыносіць грошай ці славы, усё спыніцца і нічога не будзе, праўда? Ну, мне так здаецца.

А яшчэ мне вельмі падабаецца займацца праектамі, над якімі я працую, бо я заўсёды стасуюся з людзьмі, якія мне давяраюць. Я ствараю эскізы, дасылаю. Калі падабаецца — проста працую далей і раблю ўсё што заўгодна. І гэта вялікі плюс. Нячаста ілюстратар можа свабодна ўсё рабіць.

— Ці выкарыстоўваеш ты магчымасці, якія дае пастаяннае пражыванне ў Амстэрдаме?

— Тут неймаверная колькасць розных цікавых музеяў. Адзін з маіх з любімых — Stedelijk Museum, музей сучаснага мастацтва. Туды прывозяць часта класныя выставы. І кожная такая выстава для мяне — штуршок нешта большае рабіць, паглядзець на свае працы з іншага боку. Вельмі карысна для мастака. І сама атмасфера горада больш свабодная, спакойная. Але я не кажу, што ў Беларусі нельга рабіць класныя рэчы. Мне здаецца, жыць на Радзіме — таксама вялікі плюс. Можа, ёсць тыя, хто пераязджае ў іншую краіну і ім адразу ўсё лёгка, яны там не сумуюць, нічога такога, але я не такі чалавек. Мне не вельмі лёгка даўся пераезд, але я не шкадую.

У Беларусі бываю даволі часта. Часцей за ўсё па справах. Зараз паеду ўвосень, каб дарабіць новы праект, пра які ўсе хутка даведаюцца. І каб наведаць бацькоў таксама. А на адпачынак я не магу прыехаць.

— Ездзіш на спецыялізаваныя міжнародныя кніжныя выставы?

— Нідэрландны — даволі невялікая краіна, тут няма вялізных івэнтаў па кніжнай ілюстрацыі, як, прыкладам, у Італіі ці Славакіі. Я сачу за навінамі, але не бачыла чагосьці глабальнага, ілюстратарскіх выставаў. Але я ездзіла ў Балонью ў 2015 годзе. Наведванне такіх выставаў шмат чаго праясняе — што рабіць, у якім кірунку развівацца. Нават калі гэта будзе вельмі цяжкі і непрыемны вопыт — я раю ўсім, хто хоча займацца ілюстрацыяй, наведаць тую ж Балонью, каб паглядзець, што такое ілюстратарскі рынак, і зразумець, як складана і цяжка прабіцца на яго.

“Сем ружаў”, Н. Ясмінска

— Плануеш прабівацца на міжнародны ілюстратарскі рынак?

— У Нідэрландах — не, у іншых краінах —так. Калі ў мастакоў ёсць партфоліа са сфармаваным стылем, яны дасылаюць іх не ва ўсе выдавецтвы, якія бачаць, а шукаюць тыя, якія могуць падысці ілюстратарам. Толькі туды, дзе ты падыходзіш па стылістыцы, напрыклад. У Нідэрландах я не бачыла такога выдавецтва. Але мне падабаюцца пэўныя выдавецтвы ў Бельгіі, Францыі, Германіі, у Паўднёвай Карэі і Тайвані.

— Якія парады ты можаш даць пачаткоўцам?

— Калі быць сумленным, то ў большасці выпадкаў стварэнне ілюстрацый да кніг, удзел у конкурсах былі чыста маёй ініцыятывай. Прэмію Цёткі я атрымала за “Сем ружаў”. Гэта была мая першая кніжка пасля Акадэміі. Калі выпускаешся з Акадэміі — хочаш займацца мастацкай дзейнасцю, але неяк невядома, што рабіць, куды ісці, калі хочаш кнігай займацца. Я тады заўважыла, што ў Беларусі не так шмат выдавецтваў. Я іх усе паглядзела і выбрала “Галіяфы”. Проста напісала выдаўцу Змітру Вішнёву: я малады мастак, мне вельмі хочацца працаваць, і калі ў вас ёсць нешта для мяне, калі ласка, дайце мне, дайце. Так я зрабіла гэту кніжку.

Да мяне звярталіся з часопіса “ПрайдзіСвет” — яны самі мяне знайшлі. Цяпер я таксама раблю праект — гэта мая ініцыятыва. Тое ж тычыцца і афармлення кнігі “Снежны чалавек у Мінску” — таксама паўдзельнічала ў конкурсе.

Калі ты нічога не будзеш рабіць, а будзеш чакаць, да цябе ніхто не прыйдзе, гэта без варыянтаў. І не толькі ў Беларусі. Паўсюль. Трэба быць актыўным заўсёды. Калі бачыш нейкія конкурсы, выставы, куды не трэба дасылаць арыгінальныя працы — удзельнічай, нават калі здаецца, што гэта вельмі дурацкая штука. Я заўсёды ўдзельнічаю. Гэта вельмі цікава і весела. Але і не трэба чакаць, што ты адразу кудысьці пройдзеш ці штосьці зоймеш, табе штосьці дадуць. Гэта як латарэя — можа пашанцаваць, а можа не. Не трэба засмучацца ці адчайвацца з гэтай нагоды — проста далей рабіць сваю працу і верыць, што ўсё адбудзецца і атрымаецца.

Аляксандра Дварэцкая, budzma.by

Фотаздымак з архіву Кацярыны Дубовік