Навіны

Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску. (Бібліятэка Свабоды. XXІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011. — 390 с.: іл.  


Пра менскі перыяд жыцьця Лі Гарві Освальда (1939–1963), забойцы амэрыканскага прэзідэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі (JFK), пiшуць нават афіцыйныя беларускія СМІ.  

Так, на інтэрнэт-старонцы ўрадавай газеты “Рэспубліка” публікацыя 2007 году “Рабочыя “Гарызонта” дасюль ня вераць, што JFK быў забіты Освальдам” — пятая па ліку ў рубрыцы “Варта прачытаць”. Але да нядаўняга часу гэта тэма грунтоўна вывучалася ў Беларусі толькi замежнымі дасьледчыкамі, прыкладам, амэрыканцам Норманам Мэйлерам, аўтарам “Гісторыі Освальда. Амерыканскай тайны” (1995), які зьвяртаўся ў КДБ і да менчукоў — знаёмых Освальда. 

Пасьля выданьня кнігі Аляксандра Лукашука “Сьлед матылька. Освальд у Менску” можна ўпэўнена казаць, што мячык, які паляцеў на беларускі бок поля, адбіты цьвёрдай рукой прафесіянала.  

У сваёй кнізе, якая жанрава належыць да звышпапулярнага “non-fiction”, аўтар ставіў мэтаю вывучыць жыцьцё Освальда ў Менску ў 1960–1962 гадах, дасьледаваць, як паўплывала яно пазьней на крывавы ўчынак ў Даласе. Лукашук называе Освальда “матыльком”, адсылаючы нас да апавяданьня Рэя Брэдбэры “І грымнуў гром”. Герой апошняга выпадкова расьціснуў матылька, выправіўшыся ў падарожжа ў мінулы час, а калі вярнуўся, то пабачыў: рэчаіснасьць зьмянілася, і прэзыдэнтам стаў тыран. Апошняе, што чуе герой апавяданьня, — стрэл, які абрывае яго жыцьцё і ягоную ролю ў гісторыі. (Напрыканцы кнігі “Сьлед матылька” чытач пераканаецца, што гэтая мэтафара спатрэбілася дакументалісту Лукашуку зусім для іншага, чым фантасту Брэдбэры.)  

Сам аўтар у адным з інтэрвью прызнаўся, што асабіста яму да сярэдзіны 80-х гадоў нічога не было вядома аб жыцьці ў сталіцы БССР Освальда — гэтую інфармацыю старанна ахоўвала ад грамадзкай увагі КДБ, якое доўгі час трымала ў страху беларускіх знаёмцаў будучага забойцы Кенэдзі.  

Страх страхам, а ў кнізе Лукашука ёсьць і гумарыстычныя, непрыдуманыя аповеды пра кэдэбістаў: то яны шчыра сумуюць, бо “ёсьць заданьні, якія немагчыма выканаць, як ні намагайся”, то згадваюць, як марылі стаць настаўнікамі, то безпасьпяхова ламаюць галаву над расшыфроўкай беларускамоўнага запісу.  

Але Лукашук не імкнецца пабачыць у кэдэбістах людзей — ён шукае для іх аналёгіі ў межах лепідэптаралёгіі (раздзелу энтамалёгіі, у якім вывучаюцца матылі) і знаходзіць іх. “ 

Чэкісты, канечне, належаць да Acherontia atropos,  — піша Лукашук, быццам энтамолаг папаўняючы сваю калекцыю, — сямейства сьфінксаў ці бражнікаў: Матылёк “Сьфінкс Мёртвая Галава” зьяўляецца прадметам прымхаў і жаху сярод простых людзей з-за яго тужлівага гуканьня і выявы чэрапа на грудзях”.  

Гісторыя ў Беларусі паўтараецца, і цяпер, пасьля пасьпяховай рэканструкцыі ўладамі асноўных канфігурацыяў БССР, шматлікія дакумэнты па справе Освальда, што рыхтаваліся мясцовымі кэдэбістамі ў 60-я гады (так званая “Справа агентурнай распрацоўкі № 34451”), ізноў знаходзяцца пад грыфам “Сакрэтна”. Праўда, частку з тых цяжкіх тэчак пасьпелі пабачыць некалькі дасьледчыкаў — гэта адбылося ў беларускую “адлігу” 90-х. Але наша грамадзкасьць пра іх зьмест па-ранейшаму толькі здагадваецца; афіцыйныя ж мас-медыя Беларусі па замове сваіх уладальнікаў “засяродзіліся” на ролі амэрыканскіх спэцслужбаў у забойстве Кенэдзі — дэталёва асьвятляць менскі этап жыцьця Освальда каманды не было і ня будзе. У дадзеных варунках “Сьлед матылька” выглядае сенсацыяй.  

Грунтоўная навуковая работа (адзін паказьнік асобаў напрыканцы займае 8 старонак) — першае ўважлівае і ўдумлівае назіраньне за матыльком немясцовага віду, які кружляў над нашай тэрыторыяй, — са строгай дакумэнтальнай фактурай і плаўкімі элемэнтамі жанру эсэ (не па волі аўтара) чытаецца як прыгодніцкі раман — у тым вінаватыя непрыдуманыя героі і сюжэт кнігі, сама атмасфэра 60-х, дэтальна адноўленая ў ёй. 

Незвычайныя, ашаламляльныя адкрыцьці — няўжо папраўдзе тое адбывалася ў нашай сталіцы? — чакаюць чытача амаль на кожнай старонцы. Прывяду пяць фактаў са “Сьледу матылька”, якія асабіста для мяне сталіся навіною:  

1) Освальд хварэў на дысьлексію, з-за чаго пісаў свой дзёньнік з памылкамі, у тым ліку ў датах, але КДБ пра гэтую хваробу, як і пра існаваньне саміх запісаў, ніколі не даведалася — недаравальная правіна для ведамства! (нататкі Освальда Лукашук пераклаў для часопіса “Крыніца/Роднік” у 1990-м — да гэтага матылька ён прыглядаўся не адзін год);  

2) вывучаць рускую мову Освальду дапамагаў… Станіслаў Шушкевіч, асьпірант Інстытуту фізыкі Акадэміі навук БССР;  

3) забойца JFK — марпех, які пасьпяхова здаў тэст на прыцэльную стральбу ў катэгорыі снайпэр, — на паляваньні з калегамі — працаўнікамі радыёзаводу спалохаўся зайца, з пярэпалаху стрэліўшы ў паветра, а пазьней “на троечку” пацэліў з пісталета ў заводскім клюбе ДТСААФ; 

 4) жонка Освальда, Марына Прусакова, цалкам сур’ёзна раўнавала мужа да ўлюбёнай ім опэры “Пікавая дама”, якую ён шмат разоў слухаў у сталіцы БССР;  

5) менскія кэдэбісты  ў прамым сэнсе слова рымзалі насамі з перапуду  перад начальствам з Лубянкі і месца сабе не знаходзілі, калі даведаліся аб крывавым учынку ў Даласе свайго былога “падапечнага” — яны ж у свой час пераканаліся: Освальд — не агент ЦРУ, ён — нягеглы для вярбоўкі, бязкрыўдны і бязвольны гультай з ветрам у галаве, а не з ідэямі марксізма-ленінізма, як ён сам пераконваў…  

Гэты і іншы “жыцьцёвы” матэрыял, цікавейшы за самыя неверагодныя літаратурныя прыгоды і фантазіі, тым ня менш не спакусіў аўтара абмежавацца толькі ім, каб кніга стала больш канцэнтрыраванай, выбуховай, дынамічнай.  

Біяграфічнае дасьледаваньне — гэта заўсёды “броўнаўскі рух” эпохі і людзей.  

Пералічу асноўных герояў “Сьледу матылька”: апроч Освальда і Марыны, імі сталі біёграфы Освальда, кэдэбісты, дыпляматы, Менск і яго насельнікі, Гісторыя, Памяць, Час, Лёс, а таксама тэксты — “Гістарычны дзёньнік”, “Справа агентурнай распрацоўкі № 34451”, расшыфроўкі падслухоўваньняў КДБ (Освальд з жонкай увесь час сварыліся — то з-за бруднай падлогі, то з-за ад’езду ў Амэрыку), “Гісторыя Освальда”, “Экалёгія і гаспадарчае значэньне эўрапейскага белага бусла, чорнага бусла і звычайнай шэрай чаплі ў Беларусі” і іншыя, у тым ліку тэксты самога Лукашука, як прыкладам, ягонае інтэрвью з Мэйлерам.  

Суаўтар кнігі ў пэўнай ступені — Сяргей Навумчык, які на замову Лукашука аднавіў хаду падзеяў, а менавіта абставіны ўласнага запыту ў КДБ наконт справы № 34451.  

Карыстаючыся дзеясловам з лексыкі часткі галоўных пэрсанажаў “Сьледу матылька”, скажу, што сачыць за ўсімі героямі кнігі, іх узаемаадносінамі, было надзвычай цікава. Магчыма, з-за таго, што гісторыя ў Беларусі паўтараецца, і ты ўнутрана ўжо гатовы да гэтых паўтораў, нават напружана чакаеш іх. Вось і новы забойца (цяпер не з ЗША, а Нарвэгіі) ізноў гасьцяваў у Менску, паглыбляючы ідэі, рыхтуючы “прамову” да цэлага сьвету, вось і КДБ (цяпер не БССР, а РБ) ізноў назірае за людзьмі, па-ранейшаму старанна занатоўваючы, як і калі “аб’екты вонкавага назіраньня”, падобна Освальду, засоўвалі рукі ў кішэні на вуліцы ці набывалі рэчы ў ГУМе...  

А магчыма, маё захапленьне выклікала тое, як дакладна, аб’ектыўна і скрупулёзна (літаральна па днях!) зафіксаваны палёт ў беларускім часе і прасторы маленькага іншаземнага матылька, які рухаўся поруч з другімі істотамі, — у сярэдняй школе мною вывучалася гісторыя адных толькі важных Асобаў і іх вялікіх Войнаў, між якімі працягнуліся белыя дзесяцігодьдзі пустэчы, і ніякіх матылькоў і прусакоў, праўдзівых гісторыяў аб іх хуткаплынным жыцьці ў падручніках не было.   

Акром вывучэньня стасункаў людзей і гісторыі: “Чалавечы кантакт часам нечакана ўплывае на гісторыю — як, верагодна, і яго адсутнасьць”, — удакладняе Лукашук, у кнізе дасьледуюцца адносіны між сабою розных тэкстаў пра Освальда, а таксама іх сувязь з Часам і Гісторыяй.  

Апошняе вельмі важна: па назіраньнях Лукашука, гістарычны час у Менску цячэ інакш, чым у іншых краінах, да таго ж “архіўныя дакументы маюць свае стасункі з часам”.  

Аўтар “Сьледу матылька” зь веданьнем справы (і вялікай колькасьці дакумэнтальнага матэрыялу) робіць рэвізію чужых і ўласных тэкстаў: правярае, удакладняе, абвяргае, пагаджаецца з імі, перакладае наноў з ангельскай мовы.  

Шмат намаганьняў Лукашук прыкладае, каб разбурыць старыя і новыя байкі і міты аб найгалоўным пэрсанажы і ягонай менскай “вандроўцы”, даўжынёю ў тры гады. Нават цэнтральную постаць кнігі-дакумэнта — Лі Гарві Освальда — ён выпраўляе ў галоўным і драбніцах, такіх як кошты на савецкія аўтамабілі.

Адзін з цэнтральных нэрваў кнігі — прыхаваная палеміка з “Гісторыяй Освальда”.

Аўтар “Сьледу матылька” крытыкуе скарыстаныя амэрыканцам дасьледчыцкія метады, а таксама прыёмы “новай журналістыкі”.

Мэйлер вельмі настойліва спрабаваў высьветліць, у тым ліку пры дапамозе КДБ, ці быў Освальд гомасэксуалістам, а ягоная будучая жонка — цнатліўкай, альбо шматслоўна апісваў сэксуальнае жыцьцё ў Менску, каб потым адным сказам удакладніць, што Освальда тое ня тычыцца.  

Гэтаму Лукашук супрацьпастаўляе ў сваёй кнізе непрыдуманыя жыцьцяпісы Эдуарда Сагындыкава — гаспадара кватэры, дзе жыў Освальд (тое памяшканьне Мэйлер падчас сваёй менскай экспедыцыі нават не наведаў — магчыма, тэорыя і практыка “новай журналістыкі” такога не прадугледжваюць), і Сяргея Ханжанкова — аднагодкі Освальда, палітычнага дыверсанта, які ў мардоўскім лягеры прысьвяціў “лекцыю” палёту на Месяц — увасабленьню мары Кенэдзі.  

Спосаб чытаньня кнігі Лукашука — лінейны, але ён не адзіны. Асобны аповед энцыкляпедычнага характару ўтвараюць разгорнутыя зноскі да тэксту. З іх, у прыватнасьці, можна даведацца пра два тыпы памяці і ўспамінаў аб мінулым, пра адсутнасьць у беларускім МЗС і місіі ААН друкарскіх машынак зь беларускім шрыфтам, пра апошні тэлефонны званок JFK, пра асаблівасьці гарадзкога самагонаварэньня, а таксама прачытаць рэканструкцыю таго паляваньня, калі заяц напужаў Освальда.  

І “ўверсе”, і “ўнізе” “Сьледу матылька” цякуць ручаі гісторыяў, аповядаў, жыцьцяпісаў, тэксты зьліваюцца ў рэкі, якія ўпадаюць у адзін акіян:  

учынак Освальда прывёў да чалавечай трагедыі, зьмяніў лёсы людзей, у тым ліку некалькіх дзясяткаў менчукоў, але той учынак, як мяркуе Лукашук, ня меў гістарычнага вымярэньня, ён адбіўся на працы службы аховы прэзідэнта ЗША, а не на зьнешняй/унутранай палітыцы гэтай краіны:  

“Освальд зрабіў ня большы ўплыў на хаду падзеяў XX стагодьдзя, чым матылёк пад коламі цягніка на яго прыбыцьцё на станцыю паводле раскладу”.  

Так сталася таму, што дэмакратыі па сваёй прыродзе сэйсмастойкія, тлумачыць аўтар.  

Освальд — падарожнік у часе, і стрэл грыміць напрыканцы, спыняючы ягонае жыцьцё, гэта сапраўды так, але Брэдбэры, хоць і спрычыніўся да нараджэньня матыльковай тэорыі хаосу, усё ж пісаў фантастыку.  А лепідэптаралёгія, пад якой аўтар “Сьледу матылька” разумее біяграфічнае дасьледаваньне, — навука.  

Дзякуючы кнізе Аляксандра Лукашука мы можам пераканацца, які гэта адказны і складаны занятак — аднаўляць рухі чалавека-матылька ў зьменлівым паветры гісторыі, і якім парадаксальным, незапланаваным можа быць той зігзагападобны палёт праз акіян, у Менск, і назад, пад колы сталёвага цягніка часу.

 

Павал Абрамовіч, bellitaward.blogspot.com

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------