Мая беларускамоўнасьць: між здрадаю і кампрамісам

Аўтар: Федзя Сумкін [1]

 На хрена нам враги, когда у нас есть такие друзья? БГ

Мы не ўрачы. Мы – боль. А. Герцэн

…рабі як не бывае… У.Караткевіч

Калісьці, калі я рабіў першыя нясьмелыя крокі ў літаратуры (вершыкі там друкаваў, у конкурсах браў удзел), у мяне здарылася размова з чалавекам, які ў свой час істотна паўплываў на мой творчы лёс. І вось гэты чалавек, што быў моцна ўцягнуты і ў літпрацэс (быў аўтарам некалькіх кнігаў), і ў тое, што завецца беларушчынай (гадаваўся ў
філалагічнай сям’і), па-прыяцельску і нібыта зусім без іроніі сказаў прыблізна наступнае: “Федзечка, пакуль яшчэ ня позна, бяжы ад гэтай беларушчыны! Тут жа ўсе поедам ядуць адно аднога. А ў літаратурным асяродку – пагатоў. Няўжо ты не разумееш, што гэта натуральны тэрарыум? Ты яшчэ малады, табе яшчэ ня позна саскочыць…”

Не паслухаўся сяброўскае парады. Не саскочыў.

Не шкадую. 


Першапачаткова гэты тэкст задумваўся як роздум над феноменам беларускамоўнасьці ў сёньняшніх варунках. Чым яна ёсьць на тле цяперашняе рэчаіснасьці: адзнакай якасьці, пасіянарнасьці/самаахвярнасьці? Можа, гэта ў большай ступені рэлігія/служэньне? Ці – поза (спосаб вылучыцца з шэрае масцы)? А, можа, як лічыць мой прыяцель, – вырак і праклён?..

Тут я паспрабую зірнуць на звыклыя рэчы ў нязвыклым ракурсе (часам – на мяжы сафістыкі ды казуістыкі) і паразважаць пра тое, як мы да такога жыцьця дайшлі, што Мова беларусаў не аб’ядноўвае, але часта, на жаль, наадварот…

У часе напісаньня спектр досьледу нечакана пашырыўся да рэфлексіі такіх паняткаў, як пасіянарнасьць, нонканфармізм ды талерантнасьць.

Заўважу, што гэты тэкст не дыягнастычна-канстатацыйны. Наадварот, ён цалкам суб’ектыўны. Я не хачу нікога павучаць ці займацца пустым маралізатарствам. Аўтару баліць. Ён сам – унутры спохваткі, а не па-над ёй (гл. эпіграф №2).

Але прагаварыць пэўныя рэчы бачыцца дужа патрэбным – перадусім для самога сябе (той выпадак, калі ня можаш не казаць). Як вядома, каб зьнішчыць дэмана, трэба назваць яго імя.

 

Першаю рэакцыяй на тую “сяброўскую параду” было абурэньне. То бок як гэта – бяжы? Які, на фіг, тэрарыум? Для мяне Беларушчына была (і ёсьць) сьвятыняю, а тыя, хто карыстаецца Моваю ў штодзённым побыце – небажыхарамі. А тут – бяжы… Але я вяртаўся да гэтага і пасьля, у думках спрачаўся з уяўным апанентам, спрабуючы патлумачыць, адкуль у беларускамоўных такі моцны антаганізм адно да аднаго (працуючы ў культурніцкім асяродку, ня раз даводзілася пераканацца ў сумнай слушнасьці тых словаў). Чаму ў найцяжкі час, калі трэба адкінуць усе асабістыя крыўды й непаразуменьні ды, перапрашаю, узьяднацца для супрацы й барацьбы за агульныя каштоўнасьці, адбываецца цалкам адваротнае – кулуарная грызьня, бясконцыя сваркі й звадкі (стагоддзе спаўняецца гэтаму вершу, а воз і цяперака там), падзел на лагеры: наркамаўка – тарашкевіца, чэсныя – нячэсныя, застабілы – змагары [2]

Эгацэнтрызм, няўменьне дамаўляцца, нежаданьне чуць адрозную ад сваёй думку… Сімптомы агульнанацыянальнае хворасьці. Часам здаецца, што ў беларускамоўных гэты ўзаемны антаганізм дасягае энтрапіі. Парадокс… Тое, што мусіць зьядноўваць, заклікаць да прымірэньня, – сварыць і разьдзяляе. Усе шануюць Мову, але пры гэтым, выглядае, ня могуць трываць іншых. Па першым часе было дзіўна назіраць, як дужа сімпатычныя паасобку людзі (напрыклад, літаратары) цямнеюць тварам, як толькі гаворкі заходзіць пра такога ж сімпатычнага, як для мяне, калегу па цэху.

І мяне, прызнаюся, страшэнна злуе гэтая зацятасьць белмоўных пасіянарыяў (далей убачым, што гэты выраз таўталагічны).

Я бачу непадробнае захапленьне неафітаў, тых, хто толькі адкрывае для сябе прыхаваны ад вока непасьвячоных сьвет беларушчыны, Краіны-ў-краіне, чуе яе старажытны покліч. Для іх беларускамоўныя – рэліктавыя істоты, від, які па ўсіх законах прыроды мусіў вымерці. І тое, мажліва, таксама вабіць, асабліва – калі па натуры ты спартанец. Але ў выніку, трапіўшы ў гэты рондаль і агледзеўшыся, застацца тут жадаюць далёка ня ўсе. Вядома ж, прычыны гэтага ня толькі ў нашым “вузкім коле”, але і ў тых якасьцях, якія чалавек мае ці ня мае, каб пайсьці на такі радыкальны крок – пачаць размаўляць на нацыянальнай мове ў сваёй краіне.

Калісьці на партале Generation.by зьявіўся артыкул пад кідкай назвай “Чаму мне абрыдла быць беларускамоўнай” [3], падпісаны імем Стасі Тэкоўскай. Аўтарка распавядае, як яна, прыехаўшы ў Менск, паступіўшы ва ўнівер і крыху пазнаёміўшыся зь беларускамоўным асяродкам, пачула ў аўтобусе, як хлопец зь дзяўчынай пра нешта спрачаліся па-беларуску. “Памятаю, як мяне тады ахапіла неверагодная зайздрасьць да іх, як я з заміраньнем сэрца слухала іх мову і назірала за рэакцыяй пасажыраў. Ува мне зьявілася тады такое дужае падлеткавае жаданьне вылучацца сярод астатніх, быць непадобнай, што, калі выйшла з аўтобуса, вырашыла назаўсёды перайсьці на беларускую” – піша Стася. Але

…прайшло некалькі год беларускамоўнага жыцьця, запал згас, а ад былога падлеткавага жаданьня не засталося нічога, няма больш прагі быць непадобнай, зьнікла жаданьне выклікаць цікаўнасьць. Цяпер я імкнуся меней размаўляць з тымі, хто патэнцыйна беларускую не разумее, і выкарыстоўваць самыя простыя і зразумелыя для іх словы.

Аўтарка гаворыць, што ў яе фактычна пачаўся псіхалагічны крызіс. Перадусім – праз рэакцыю навакольнага люду: “Мне да сьлёз робіцца крыўдна, калі мяне просяць перакласьці беларускае слова, і мяне цягне на ваніты, калі я бачу зьдзіўленьне на тварах суразмоўцаў. А калі я чую ад самых блізкіх мне людзей «фу какой некрасивый язык, ну что это за слово», ува мне змагаюцца жаданьне трэснуць па іх галаве чым-небудзь і жаданьне замаўчаць назаўжды, больш ніколі зь імі не весьці гутарку. Калі нельга гутарыць па-беларуску, то нельга гутарыць наогул”.

Прычына Стасінага раздраю яшчэ і ў тым, што саміх беларускамоўных напраўду нашмат меней, чым падаецца на першы погляд. Але да гэтае часткі яе эсэю (аўтарка называе яго споведзю) мы вернемся ніжэй.

 

Анамнэз

Першасным імпульсам да гэтага майго дайвінг-дасьледаваньня сталася агульная атмасфера ўпадніцтва, што часьцяком прысутнічае і ў прыватных гутарках, і ў публічных выказваньнях белмоўных.

Падобных прыкладаў багата. І часта гэта крыкі адчаю.

Пачну са сьведчаньняў сталых ды ўраўнаважаных дзядзькоў. Чалавек, які цалкам прысьвяціў сваё жыцьцё беларушчыне, знаны літаратар і крытык, адпрацаваўшы колькі год на Радыё Свабода мадэратарам сайту(!), не стрываў крытычнае масы зьняважлівасьці, а таксама тых кілабайтаў трэнасу й галашэньняў, што змушаны быў прапускаць празь сябе па працы, і сам выбухнуў “Плачам вэб-рэдактара над камэнтарамі”:

Столькі нянавісьці ў камэнтарах на сайце Свабоды! Я не адзіны мадэратар, але скажу пра сябе – хоць ты хавайся ў бульбу, калі людзі нібыта тваіх поглядаў аж настолькі безапэляцыйныя, глухія і злыя. Міжволі задумаесься – а ў чым уласна іх і твае погляды супадаюць? У прабеларускай рыторыцы? Магчыма. Але ва ўсім астатнім мне часта хочацца перайсьці на другі бок вуліцы. [4]

Гэты допіс Сяргея Дубаўца сабраў рэкордную для сайту РС колькасьць каментаў (пад трыста), чытаньне якіх прывяло ня толькі да пашырэньня сьвядомасьці й патаўшчэньня тонкага цела, але скіравала да сіх-тых развагаў і высноў. Вядома ж, аўдыторыя “свабодаўскага” сайту – той яшчэ зрэз грамадства, але ж хіба на іншых незалежных рэсурсах (nn.by, charter97.org, 34mag.net) мы бачым штосьці кардынальна іншае?

<...>

Таварыства ананімных беларускамоўных

Прысьпеў час зноўку зьвярнуцца да артыкула спадарыні Тэкоўскай “Чаму мне абрыдла быць беларускамоўнай”. Дык вось, прычына Стасінага раздраю яшчэ і ў тым, што саміх беларускамоўных “напраўду нашмат меней, чым падаецца на першы погляд”.

…у той час мне, наіўнаму рамантыку, і прыйсьці ў галаву не магло, што ўся беларуская мова многіх такіх талентавітых і яскравых творцаў сканчаецца на апошняй кропцы іхняга артыкулу, паэмы ці аповеду; на апошнім акордзе іхняй песенькі, на апошнім гуку іх радыёперадачы. Што тыя, хто так актыўна прапагандуе беларускую мову ў сваёй творчасьці і працы, яе ў жыцьці не выкарыстоўвае і, што больш за ўсё абурае, некаторыя зь іх лічаць гэта цалкам нармальным, маўляў, я і так шмат зрабіў для беларускай мовы. І мне агідна чытаць радыкальна-нацыяналістычныя допісы такіх людзей пра мову, калі я дакладна ведаю, што ні ў цырульні, ні ў кавярні яны і слова беларускага ніколі не вымаўлялі. 

Я разумею, што Стася гаворыць тут і пра мяне таксама (хаця, пэўна, й ня ведаючы пра маё існаваньне). У цырульні я сапраўды ніколі не размаўляю па-беларуску (хіба што ў часе стрыжкі хтосьці патэлефануе). І ў кавярні – далёка не заўсёды (не з прычыны сарамлівасьці, а каб афіцыянтку не саромець)… Я не размаўляю па-беларуску са школьнымі сябрамі (зь якімі калісьці вучыўся ў класе з паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы і наведваў гістарычны гурток), з бацькамі ды іншымі сваякамі… Я, чалавек, чыя, так бы мовіць, прафесійная дзейнасьць ад пачатку была зьвязаная з моваю, ня ёсьць узорам сапраўднага беларуса. Пра такіх на змагарскіх форумах пагардліва кажуць: беларушчына для іх – бізнэс. Гэта не самаедства, ня споведзь і ня кволая спроба самаапраўданьня (хаця, відаць, дужа нагадвае апошняе). Але, нягледзячы на ананімнасьць тэксту (а, можа, якраз дзякуючы ёй) я не магу ў гэтым дасьледаваньні пазьбегнуць асабовасьці, звысака расстаўляць дыягназы, сам застаючыся, як той паручнік Ржэўскі, “в ослепітельно белом фраке”…

Кожнага разу, калі мне даводзіцца размаўляць па-руску, я адчуваю віну. Бывае, я кажу штосьці па-расейску, а ўнутраны перакладач безупынна займаецца сваёю справай… Гэта ёсьць моцным дысгарманічным фактарам майго жыцьця. Я кажу сабе, што мова гэта яшчэ ня ўсё. Што сутнасна важней ня тое, як, а тое, што ты кажаш, як пачуваесься, твой стан сьвядомасьці зрэшты.

Між тым, мая беларускамоўнасьць не сканчаецца на апошняй кропцы артыкула, акордзе песьні ці гуку радыёперадачы. Па-беларуску я размаўляю са сваім дзіцем (не 100 адсоткаў часу і нават не 50, але дзіцё разумее, што гэта словы любові і словы сэрца; словы сілы-“выхаваньня”-рэчаіснасьці прамаўляюцца па-расейску). Толькі па-беларуску – сьпяваю яму песьні на ноч і чытаю казкі. Словы каханьня кажу па-беларуску. Ці гэтага мала?.. Выязджаючы ў замежжа, маю завядзёнку размаўляць з жонкай па-беларуску. Часам мроіцца зьвезьці сям’ю на бязьлюдную выспу, падалей ад сварак, звадак ды цёрак…

Хаця гэты тэкст называецца “Мая беларускамоўнасьць”, ня буду падрабязна спыняцца на сваім “агіяграфічным” шляху да мовы. Шмат у чым, паводле псіхалагічных чыньнікаў, ён падобны да Стасінага (хіба што пачынаўся ў больш цяплічных умовах, калі казаць пра школьную адукацыю). У завяршальнай частцы я буду казаць пра сябе (хаця й не выключаю, ды што там, упэўнены, што падобныя рэчы гнятуць яшчэ шмат каго).

Адкуль жа гэты комплекс віны? І чаму ўласна здрада? Ня ў сэнсе – чаму канкрэтна мы здраджваем (краіне там, продкам ці пачуцьцю асабістай годнасьці), а ў сэнсе – ці ёсьць тое здрадай, што мы спрабуем суіснаваць з рэчаіснасьцю, не ідучы зь ёю ўвесь час у рожкі? Тое, што я, напрыклад, пачуваючыся беларускім нацыяналістам, ваджу дзіцёнка ў рускамоўную школу – пры наяўнасьці адной рэальна белмоўнай (дзе 90 адсоткаў на пераменах міжсобку ўсё адно размаўляе па-расейску) на двухмільённы Менск. Альбо – размаўляю са сваімі бацькамі (якія, дарэчы, прыхільна ставяцца да беларушчыны) ды іншымі сваякамі на звыклай ім рускай мове. Альбо – чытаю расейскую літаратуру, слухаю расейскую музыку і нават (аёй-аёй!) атрымоўваю ад гэтага эстэтычнае задавальненьне…

Прызнаньне ў падобным як для “беларускага нацыяналіста” – фактычна, прызнаньне ў злачынстве. Між тым, тых, хто вядзе двайную гульню, праз чыё ханжаства Стася страціла веру ў беларушчыну, падаецца, вельмі шмат.

Я прыходжу да ерэтычнай думкі: нацыянальная ідэя трымаецца на комплексе віны. Але, як казаў Джон Мітчэл, без ерэтыкоў не існавала б паэзіі. Ну, а комплекс віны, як можна прачытаць у любой кнізе па практычнай псіхалогіі, – першае, ад чаго трэба пазбаўляцца, каб пачаць любіць жыцьцё і сябе. А не палюбіўшы сябе насамрэч, як вядома, не палюбіш і бліжняга.

Атрымоўваецца, храновы я пасіянарый, “двухногі зэдлік” [1]. І, адпаведна, ніякі не нацыяналіст. Што гэта – цярпімасьць ці цярплівасьць? Кампраміс ці канфармізм?.. І няхай мне закідаюць што заўгодна – і канфармізм, і здраду. Хай так, як пісаў адзін згадваны паэт. Беларуская – мова майго мысьленьня. І яна, дарэчы, – трэцяя засвоеныя мною з моў “усходнеславянскай падгрупы”.

 

P.S. (Спроба высноваў)

Прысьпеў час зьвярнуцца да абяцанага ўкраінскага досьведу.

Нядаўна давялося мне патрапіць у кампанію да львавянаў. Акурат у часе апагею руска-ўкраінскага ваеннага канфлікту (у той дзень у Адэсе спалілі 40, як кажуць у Расіі, прыхільнікаў федэралізацыі ці, як кажуць на Украіне, тэрарыстаў-сепаратыстаў). І зайшла  гаворка пра тое, як кансалідавацца нам, беларусам і ўкраінцам, маючы такога суседа на ўсходзе ды саўковую спадчыну, заселую ў мазгах супляменьнікаў. І падзяліўся я сваёй белай зайздрасьцю з нагоды таго, што ўкраінцы куды далей прасунуліся ў вырашэньні моўнага пытаньня. Тады адна жанчына, якая шмат разоў бывала ў Менску (яна займаецца культурніцкай інтэграцыяй), падзялілася сваёй стратэгіяй працы. Па-першае, сказала яна, сітуацыя на Ўкраіне нічым ня лепшая. І праблемы тыя ж самыя (грызьня, тусоўкі-лагеры, няўменьне слухаць і чуць, фанабэрыстасьць і г.д.), плюс выразны раскол ды прадвесьце грамадзянскай вайны. І вось нядаўна яна разам з калегамі-“западэнцамі” брала ўдзел у нейкім пленэры, што ладзіўся на ўсходзе. І, маўляў, амаль усе, апроч некалькіх львавянаў, карысталіся расейскай моваю. І калі першы дзень пленэру завяршаўся, і было афтэпаці, львавяне сабраліся разам і пачалі сьпяваць народныя песьні. І сьпявалі іх некалькі гадзінаў запар. І знайшлося багата мясцовых, якія далучыліся да іх – і паслухаць, і падсьпяваць. І цягам некалькіх дзён далейшае камунікацыі ўдзельнікі пленэру сьпярша размаўлялі па-ўкраінску са львоўскімі гасьцямі, а пасьля пачалі размаўляць і міжсобку. І ўжо ў апошні дзень, у часе разьвітальнага фуршэту, “усходнікі” ўзьнялі ўдзячны тост – па-ўкраінску – за гасьцей, якія вярнулі ім мову. І тут гэтая жанчына ўзьнялася з тостам у адказ. Яна сказала прыблізна так: “Дзякуй, але мы ня вартыя такіх высокіх слоў. Мы проста размаўляем на сваёй мове. На той мове, якую чулі зь дзяцінства. Героі ня мы, а вы. Ці ж можна дакараць чалавеку, што ён любіць тую мову, на якой маці сьпявала яму й расказвала казкі на ноч? І калі ў вас такою была расейскай, а вы ўсе так хораша гаворыце па-ўкраінску, то я пэўная, што вашыя дзеці будуць любіць украінскую прынамсі ня менш за вас”. Слухаючы яе прамову, людзі плакалі. “Апранаць прыгожыя строі ды ісьці з родным словам ды адкрытым сэрцам да людзей” – вось і ўся стратэгія.

Да жалю, я ня бачу, каб тая простая і адзіна мажлівая стратэгія працавала ў нас. У сэнсе – што ніхто й не спрабуе так глядзець на сітуацыю, рабіць крокі насустрач непасьвячоным-застабілам-суайчыньнікам. Яны жывуць бяз нас, мы – бязь іх. Пунктаў судакрананьня няма. Хтосьці скажа, што ў нас апрыёры іншыя ўмовы, чым ва Ўкраіне і крытычная маса рускамоўных іншая. І нават на вёсцы на белмоўных паглядаюць як на нейкае дзіва (у лепшым выпадку).

У нас сапраўды іншыя ўмовы. Але ці такія ўжо пройгрышныя яны? Ізноў парадокс, але, мажліва, і ня пройгрышныя.

Для мяне другою пасьля расейскай была ўкраінская. Выяжджаючы ў дзяцінстве на летні месяц у цэнтральную Украіну разам са стрыечным братам, да бабулі, апынаўся “непаўнавартасным” чалавекам: брат адразу ж, як толькі выходзіў з машыны, пачынаў бойка стасавацца зь мясцовымі пацанамі па-ўкраінску, нібы й не было тых 9-ці месяцаў савецка-менскае рускамоўнае муштры. За гэтыя летнія месяцы (дзеялася тое ў сярэдзіне 80-х) я нідзе ня чуў рускае мовы, і тое было чымсьці неверагодным.

Для ўкраінца зварот да роднай мовы – натуральны. Пры гэтым, Кіеў і за савецкім часам быў фактычна рускамоўным, і цяпер частка “залатой моладзі” грэбуе нацмовай, называючы яе калгаснаю [2]. Для сёньняшніх жа маладых белмоўных, якія ня мелі мажлівасьці чуць мову з маленства, яна наадварот – мова высакародная, гнаная й пагарджаная, мова змаганьня, мова сэрца й мова прыўкраснай Утопіі, у якую новаму пакаленьню зноўку хочацца верыць. Беларуская ўжо не ўспрымаецца як “калгасная”. Бо “калгас” у трасянцы захрас. Мягка кажучы дзіўна ў гэтых варунках гучаць словы нязьменнага старшыні Таварыства беларускай мовы пра тое, што трасянка – ледзь не прыкмета для гонару ды злучальны складнік нашае ідэнтычнасьці.

Рыгор Барадулін назваў беларусаў эксперыментальнай нацыяй у Бога. Якія ўжо мэты таго эксперыменту мне цяжка сказаць ды й спрабаваць не хачу (шляхі ж не вызнавальныя). А вось адзін інтэрнэт-рэсурс паставіў свій (ох ужо гэтыя ўкраінцы, і да Ворда дабраліся!) эксперымент – прагуляцца разам зь беларускамоўнай дзяўчынаю па горадзе. Што з гэтага атрымалася, можна пабачыць праз спасылку, а я прывяду тут адзін з каментаў, што зьявіўся пад гэтай публікацыяй:

Милый эксперимент. Я с удовольствием подслушиваю, когда кто-то рядом говорит по-белорусски. Что приятно – отношение к языку изменилось, изменились и те, кто на нем говорят. Лет 10 назад это был неухоженный немолодой мужчина с явными признаками непосильной борьбы на небритом лице, а теперь.... любо дорого смотреть, какая очаровательная героиня :-) И таких молодых людей, надеюсь, будет становиться все больше.

Я перакананы, што мы – не апошняе пакаленьне беларусаў. Мова выйшла за межы культурнае сферы. Не філолухі цяпер вызначаюць яе аблічча. Я ведаю нямала белмоўных айцішнікаў, архітэктараў, медыкаў, выпускнікоў палітэху ды бэгуіру і нават некалькі мытнікаў! Калі ж ужо самадаек прычакаем? :)

Лічу, што ў беларушчыны ёсьць шанец, калі яна пазбавіцца фанабэрыстае сакральнасьці. Беларускамоўныя мусяць быць лідэрамі нацыі, тымі, хто вядуць за сабой, але не абразамі міраточнымі.

Ну і давайце ўрэсьце адкінем сьвятую веру ў тое, што нашыя спакой ды гармонія наўпрост залежаць ад таго, што ўсе вакол (перадусім – самадайкі)) пачнуць размаўляць па-беларуску. Мы ведаем, што гэтага (прынамсі, пры нашым жыцьці) ня будзе. Але ж ці гэта нагода для параноі?..

Галоўнай думкай майго гэтага эсэю (які, прызнаюся, ствараўся ў вялікіх пакутах і сумневах) ёсьць, можа, й простая, і, відаць, ня раз ужо агучаная рэч, але яна вартая таго, каб быць вылучанай тлустым курсівам: Беларушчына ня мусіць быць зьявай маргінальнаю. Так, быць прасьцейшымі (адкрыцейшымі), і да нас пацягнуцца людзі. Не закаркоўвацца ў сваім мікрасоцыўме, а несьці Мову навонкі.

Самым дзейсным і проста жыцьцёва неабходным сродкам пашырэньня і мовы, і праўдзівага духу беларушчыны я бачу стварэньне (аднаўленьне) белмоўных летнікаў – то бок месцаў, дзе дзіцёнак працяглы час будзе знаходзіцца ў сітуацыі абсалютнае беларускамоўнасьці. Вельмі файна, што ёсьць у Менску моўныя курсы, якія карыстаюцца пэўнаю папулярнасьцю [3]. Але іх аўдыторыя пераважна студэнцтва. А як жа быць са школьніцтвам, з тынэйджэрамі? Ды яны папросту кінутыя (ва ўсіх сэнсавых адценьнях гэтага слова) у плане нейкае там беларушчыны – і антынацыянальнай дзяржавай (такое бяды), і намі-“нацыяналістамі”. А, ну так, ёсьць жа белмоўная гімназія. Не, файна, што яна ёсьць, як і тыя, хто аддаў дзетак у белмоўны клас, толькі вось на пераменах тамака размаўляюць па-руску (ведаю з пэўнасьцю адносна пачатковае школы, падазраю, што ў старэйшых тая ж карціна маслам).

Вось жа, летнікі, пры належнай арганізацыі, – мажлівасьць вырваць чалавека з шызоіднага білінгвізму ў нармалёвы белмоўны асяродак. Дастаткова двух з паловай тыдняў, каб цалкам расейскамоўны дзіцёнак пачаў размаўляць. Праверана.

Вышэй я казаў, што беларушчына патрэбная толькі нам самім. Магчыма, акурат тут і палягае слабы бок маёй пазіцыі – заклікаць маргіналаў да выхаду ў масы. Ня ўпэўнены, што гэты тэкст наагул будзе дзесьці надрукаваны й дойдзе да адрасату. Па шчырасьці, цьмяна сабе ўяўляю таго, хто агорае гэтыя 16 старонак. Відаць, яго напісаньне ёсьць актам цалкам ірацыянальным (што і трэ было даказаць).

Таму ня буду даваць марных парадаў ды рэцэптаў (пасіянарый усё адно зробіць насуперак і наадварот). Можна было б прапанаваць уласны спосаб барацьбы з энтрапіяй у моманты ўспышак вострай дэпрэсіі з прычыны шызоіднага білінгвальнага падваеньня асобы – ставіць на сваім унутраным плэеры браўнаўскую Take it easy альбо бітлоўскую All you need is love. Толькі, відаць, у кожнага гэтыя спосабы свае.

Ну, і апошняе. Заўжды асабліва крытычна ставішся да тых каго любіш альбо – з кім знаходзішся ў блізкім сваяцтве. І нішто гэтак не раздражняе ў іншых, як заганы, якія адчуваеш і ў сабе. Вось жа, усе мае прэтэнзіі да белмоўных адсюль – бо і люблю, і блізкія.

А, так. Яшчэ кожны белмоўны мае свой унікальны праект выратаваньня нацыі.

==============

[1] Як чалавек, крыху вядомы ў калялітаратурных колах, я вырашыў схавацца пад псеўданімам, каб не адцягваць увагу на ўласную персону, але – скіраваць яе (увагу) цалкам на тэкст. Сарака гадоў ня маю.

[2] Гэтую “дваістасьць душы” беларусаў, дыягнаставаную калісьці Гарэцкім, хтосьці называе галоўным складнікам нацыянальнай ідэнтычнасьці. Але ж наўрад ці падваеньне асобы можа быць фактарам гарманічным – як для пэўнага чалавека, гэтак і для нацыі...

[4] http://www.svaboda.org/content/article/24822072.html

<...>

[1] (с) С. Дубавец.

[2] У нас тое было ў 60-70-я, згадайма “Чорны замах Альшанскі” й размову кабет у прыгарадным аўтобусе, на якіх лірычны герой тужліва глядзіць як на апошняе пакаленьне носьбітаў мовы.

[3] Хаця як чалавек, які выкладаў мову ў ВНУ не адзін год і добра ўяўляе ўзровень “школьных ведаў” (праўдзівей, іх адсутнасьць) сумняваюся ў вялікім ККД курсаў, разьлічаных на хоць бы базавыя веды. Дарэчы, раскол унутры шэрагаў маладых мовазнаўцаў фактычна са старту – яшчэ адзін сумны доказ слушнасьці сумных высноў, агучаных у гэтым эсэі.

Цалкам тэкст будзе апублікаваны ў часопісе "Дзеяслоў".

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу "Экслібрыс" імя Аляксандра Уласава — 25 верасня