Майстар-клас у гонар Рыгора Барадуліна

Напрыканцы лютага ў  alma mater на сустрэчу да студэнтаў-беларусістаў, якія ў гэтым годзе будуць абараняць дыпломныя працы па беларускай літаратуры, прыйшоў паэт Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў, аўтар паэтычных кніг “Паміж небам і багнаю” (1997) і “Эстэтыка маўчання” (2011), а таксама манаграфіі “Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша” (2006). Ён і правёў майстар-клас. На сустрэчы прысутнічалі таксама паэтэса, дацэнт Ірына Багдановіч і прафесар Людміла Сінькова.

Алесь Дуброўскі ў мінулым таксама выпускнік БДУ, а сёння – дацэнт Інстытута журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, аўтарытэтны вершазнаўца. У гэтай галіне  ён працягвае справу В.П.Рагойшы (навуковага кіраўніка сваёй дысертацыйнай працы), А.С.Яскевіча, іншых выдатных айчынных даследчыкаў тэорыі беларускага верша.

 

Рыгор Барадулін

Лекцыйная частка сустрэчы была прысвечана паэтычнаму майстэрству Рыгора Барадуліна. А.Дуброўскі адразу ж прапанаваў вельмі энергічны і інтэлектуальны стыль зносінаў з аўдыторыяй. Дошка хутка запоўнілася фрагментамі схем і табліц, якія дапамагалі па-новаму ўбачыць і зразумець сутнасць паэтычнага майстэрства Р.Барадуліна. Вершаваныя цытаты, якія ўвесь час суправаджалі тэарэтычныя выкладкі, ілюстравалі семантычную афарбоўку метра і рытму, эўфанічнасць непаўторнай, выкшталцонай барадулінскай рыфмы – самай небанальнай ва ўсёй беларускай паэзіі!

Тая гармонія сэнсу і гучання, якую адчувае кожны чытач вершаў нашага класічнага паэта, “правяралася алгебрай” – схемамі і сілабічных, і (асабліва яскрава) танічных вершаў Р.Барадуліна. Ілюстрацыі з замежнага кантэксту, як паэтычнага (Пушкін, Лермантаў, Пастарнак), так і тэарэтычнага (працы М.Гаспарава і самога А.Дуброўскага) падкрэслівалі маштабнасць таго плёну беларускай культуры, які прынёс у свет творчы геній Р.Барадуліна. 

Зацікавіла студэнтаў і ўласная лірыка Алеся Дуброўскага. Яна мае свой тэматычны дыяпазон, у якім вылучаюцца перазовы з некаторымі тэмамі Рыгора Барадуліна. Як вядома, у кнігах “Міласэрнасць плахі”, “Евангелле ад мамы”, “Ксты”, а таксама ў кнізе перакладаў “Рымскі дыптых” (з вершаў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ) Рыгор Барадулін стварыў выдатныя ўзоры  беларускай духоўнай лірыкі паводле біблейскіх матываў.

Следам майстра пайшоў таксама і Алесь Дуброўскі: пра гэта выразна сведчыць прыгожа аформлены зборнік паэзіі  А. Дуброўскага “Эстэтыка маўчання”. На яго вокладцы – на фоне руін пергамент, на якім змешчаны надпіс “АΩ” і выява рыбы. Вядома, што Альфа і Амега (АΩ) – спалучэнне першай і апошняй літар класічнага грэцкага алфавіту, якое з’яўляецца найменнем Ісуса Хрыста ці Бога ў Кнізе Адкрыцця Яна Багаслова, сімваламі Бога як пачатку і канца ўсяго існага. Рыба – адзін з самых вядомых, распаўсюджаных і важных першахрысціянскіх знакаў.

Галоўная прычына яго значнасці заключаецца ў расшыфроўцы пяці літар, з якіх складаецца гэтае слова ў грэцкай мове, а менавіта “Ісус Хрыстос Божы Сын Збаўца”. Такая сімволіка дазваляе чытачу зразумець, што хутка ён пазнаёміцца з творамі, якія адносяцца непасрэдна да духоўнай лірыкі.

У кнізе “Эстэтыка маўчання” ўвагу маладых філолагаў прыцягнуў раздзел  “Гефсіманскае галлё”. Гефсіманскі сад традыцыйна шануецца як месца малення Ісуса Хрыста ў ноч перад яго ўзыходжаннем на Галгофу, перад укрыжаваннем. Таму суразмоўца паэта адразу рыхтуецца да разваг на тэмы філасофскія, анталагічныя. Самай цытаваный сярод студэнтаў аказалася такая страфа А.Дуброўскага, звернутая да Бога: “Я не з Табой, я ад Цябе далёка. // Ты – ля дзвярэй, я ж не знайду ключэй. // Ды бачыш Ты праз мураванне змроку // агонь лампады – крык маіх вачэй” (“Вазьмі мой голас, працягні руку мне…”).

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў

У пэўнай ступені дыскусійным на сустрэчы аказалася пытанне пра вызначэнне духоўнай лірыкі, яе суадносіны з канфесійнай і гуманістычнай. Вядома, што аднойчы ў Рыгора Барадуліна спыталі: “Як вы прыйшлі да духоўнай літаратуры?” На што ён адказаў: “А я і не адыходзіў яе”. Урэшце ўсе пагадзіліся з думкай, што канфесійная лірыка – гэта мастацкія творы малітоўнага характару, звароты да Бога, аўтарскія размовы з Ім. Падобныя творы часта выкарыстоўваюцца ў літургічнай практыцы. Паняцце ж “духоўная лірыка” больш шырокае па сваім змесце.

Яно можа змяшчаць разважанні аўтара аб сэнсе жыцця, прыродзе грахоўнасці, мізэрнасці чалавека ў параўнанні з вышэйшымі сіламі і гэтак далей. Не абавязкова нават, каб у такіх творах непасрэдна гучалі словы Бог, Хрыстос, Госпадзі, аман ці іншая канфесійная лексіка. Духоўнасць можа быць перададзена любымі сродкамі. Галоўнае, каб чытач адчуваў усю глыбіню і праблематыку, падчас нават схаваны сэнс звычайнага на першы погляд лірычнага твора. Што тычыцца гуманістычнай лірыкі, то ў творах такой скіраванасці на першае месца ставіцца чалавек. Чалавек як асоба, цэнтр Сусвету, магутны і непераможны. Чалавек, які сам стварае свой уласны сусвет і сябе самога.

У творчасці Алеся Дуброўскага-Сарочанкава, на думку студэнтаў, пераважае лірыка духоўная.

Дыялог А.Дуброўскага з класікай (ад евангелістаў Яна, Лукі і Мацвея да Коласа, Барадуліна і Лермантава) атрымаўся асабліва яскравым у паэме “Новае неба” (таксама з кнігі “Эстэтыка маўчання”). Можна сказаць, што гэтая паэма – своеасаблівая перыфраза класічных строф, якія А.Дуброўскі вынес у эпіграфы да раздзелаў сваёй паэмы або згадаў праз рэмінісцэнцыі ў самім паэтычным тэксце. Лірычны герой “Новага неба” – сучасны беларус-інтэлектуал, чыя рэфлексія спалучана з  вельмі інтэнсіўнай пачуццёвай хваляй:  “Мой родны кут… А можа, сапраўды ўжо // ў краіне гэтай чужаніца я? // І мова гэтая ўжо не мая // і нічыя, хіба што тых, хто выжыў // у кніжным пыле? Сум бібліятэк, // тамоў забытых выцвілыя спіны – // магчыма, толькі гэта лёс адзіны // тых слоў, якія згвалціў чалавек”. Аднак, нягледзячы на вялікую колькасць экзістэнцыйных матываў у лірыцы А.Дуброўскага, ён запэўніў сваіх слухачоў, што туга і скруха не засцілаюць цалкам яго жыццёвыя далягляды. На пытанне: “Што для Вас у вершах самае галоўнае?”, Алесь Дуброўскі адказаў: “Прыгажосць!” Яго водгук-страфа на радок Рыгора Барадуліна “На ты лепей з Богам і з маці” прагучаў  наступным чынам: “Не “Ён”, не “Яно”, а “Ты” – // адзіны прыдатны займеннік, // каб вырвацца з пустаты // ў асобаснае вымярэнне”. Сапраўды, беларускае слова, беларуская філалогія па плячу Асобам, і расці ім дапамагае найперш культура, наша класіка.

 

 

Таццяна Курмазія, Сняжана Шкадун, Маргарыта Уласава, філалагічны факультэт БДУ