Memoria. Спачыў у вечнасці Міхаіл Расолаў

Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў Рагачоўскім раёне Беларусі, у 1972 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава. Займаў высокія пасады ў дзяржаўных структурах СССР і Расійскай Федэрацыі. З 1993-га быў прызначаны намеснікам старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расійскай Федэрацыі, з 1997-га – статс-сакратар-намеснік старшыні Дзяржаўнага Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расійскай Федэрацыі. Адначасова працаваў галоўным рэдактарам Бюлетэня Вышэйшага атэстацыйнага камітэта.

Працаваў у Расійскай прававой акадэміі Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі (віцэ-прэзідэнтам па навуковай працы, затым – у якасці загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права). Міхаіл Міхайлавіч быў адным з вядучых спецыялістаў на прасторы СНД у галіне дзяржаўнага права, аўтар шматлікіх манаграфій і падручнікаў па розных кірунках юрыдычнай навукі.

Працяглы перыяд ён быў намеснікам Саюза пісьменнікаў Расіі, членам Расійскай акадэміі славеснасці.

Вядомы беларус уганароўваўся прэміяй “За духоўнае адраджэнне Беларусі”. Узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад Айчынай” II ступені, залатым медалём Францыска Скарыны, ордэнам Святога Уладзіміра III ступені, ордэнам Кірылы Тураўскага.

Міхаіл Расолаў аўтар васьмі раманаў, кніг аповесцяў, апавяданняў і вершаў, у якіх выявіліся і беларускія ўспаміны, радасці, клопаты, надзеі і спадзяванні. Сярод іх – выданні, прысвечаныя Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыну, Сымону Полацкаму.

Пісьменнік выступіў ініцыятарам многіх гуманітарных акцый, сярод якіх – адкрыццё мастацкіх галерэй у гімназіі і школах Рагачова, якія налічваюць больш за 300 палотнаў. На асабістыя сродкі Міхаіла Расолава пабудаваны храм Святога Архістраціга Міхаіла ў вёсцы Ціхінічы Рагачоўскага раёна.

З душэўнай цеплынёй сціплы, працавіты руплівец Міхаіл Расолаў заўсёды згадваў свае беларускія карані, а таксама актыўна супрацоўнічаў з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, выконваючы місію нацыянальнага культурніцкага пасла ў Расійскай Федэрацыі.

Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім спачылага.

Вечная яму памяць!

 

Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"