"Менестрэлі імклівай эпохі" ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры

Музей тэатральнай і музычнай культуры Беларусі (зав. Музычны, 5) пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску запрашае 7 верасня на літаратурна-музычную вечарыну “Менестрэлі імклівай эпохі”.

У праграме: прэзентацыя кнігі Ірыны Шумскай “Музыка ў кантэксце беларуска-польскага міжкультурнага ўзаемадзеяння”, адмысловая канцэртная праграма ад трыа “Вытокі” пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова (прагучаць творы М. Агінскага, С. Манюшкі, Ф. Міладоўскага, Я. Тарасевіча і інш.), музычная паэзія Ірыны Хадарэнка і розныя прыемныя сюрпрызы.

Пачатак а 17 гадзіне.

Уваход вольны. 

Колькасць месцаў абмежаваная.

Папярэдні запіс па тэлефоне: 6787536 (Вэлком).

Ірына Шумская – музыказнаўца і літаратар. З’яўляецца кандыдатам культуралогіі, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Даследуе праблемы станаўлення творчай асобы, развіцця музычнай культуры і спецыфіку яе ўзаемадзеяння з сацыяльнымі працэсамі, а таксама асаблівасці функцыянавання нацыянальнай культуры ва ўмовах глабалізацыі. Аўтар шматлікіх навуковых прац у азначаным кірунку. Стажыравалася ў Польшчы, Венгрыі, Германіі, Францыі, Бельгіі.

Музыка ў кантэксце беларуска-польскага міжкультурнага ўзаемадзеяння / Ірына Шумская. – Мінск: Медысонт, 2011. – 160 с.

Кніга распавядае пра творчую спадчыну і жыццёвы лёс шматлікіх прадстаўнікоў беларуска-польскай культурнай прасторы, дзейнасць якіх пераважна адбывалася ў першай палове ХХ стагоддзя. Нягледзячы на тое, што сваім паходжаннем і ідэйнымі памкненнямі гэтыя выдатныя асобы маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі, іх імёны для большасці нашых суайчыннікаў па-ранейшаму застаюцца невядомымі.

Прэсавая служба СБП